Свабода пагутарыла зь беларусамі пра вайсковую актыўнасьць у Гомельскай вобласьці і ня толькі.
«На працы адзін больш за ўсіх агітаваў за „русский мир“, вось яго і прызвалі на вайсковыя зборы»
Жыхар Гомля паведаміў, што на вайсковыя зборы забралі ягонага калегу зь дзяржаўнай арганізацыі. «Адметна, што ён больш за ўсіх на працы быў за „русский мир“ і нават казаў, што пры патрэбе пойдзе ваяваць. Яго забралі на вайсковыя зборы. Прычым чамусьці ў Віцебск, як і яшчэ дваіх маіх знаёмых», — расказаў жыхар Гомля.
15 кастрычніка ў Беларусь пачалі «афіцыйна» прыбываць расейскія вайскоўцы. «Беларускі Гаюн» (тэлеграм-канал, які спэцыялізуецца на маніторынгу вайсковай актыўнасьці. — РС) паведаміў, што першыя эшалёны прыйшлі на на чыгуначную станцыю «Ласьвіда» пад Віцебскам.
Па інфармацыі «Беларускага Гаюна», пазьней вайскоўцы перамясьціліся на палігон «Ласьвіда», які належыць 130-й паветрана-дэсантнай брыгадзе.
«Насамрэч у Зябраўку (Гомельскі раён) расейская вайсковая тэхніка і жывая сіла прыбылі яшчэ тыдні паўтары таму. Расейцы там заставаліся яшчэ зь вясны, але абмежаванай колькасьцю. На Зябраўку доступ, як і раней, закрыты. Як стаялі, так і стаяць войскі РФ, але цяпер там больш тэхнікі і людзей», — расказала крыніца з Гомельскага раёну.
«Тэхніка едзе, войскі прыбываюць. Але пакуль гэта ўсё не на віду. На вуліцах Гомля расейскіх вайскоўцаў не відаць пакуль. Увесну, улетку яны тут былі і кідаліся ў вочы. Мабілізацыі ў нас няма, каб, як у Расеі, хапалі на вуліцах ці масава ўручалі позвы. Але ў нашым шпіталі ў камісарыят выклікалі ўсіх, жанчын і мужчын. Нават тых, хто быў на бальнічным ці ў адпачынку. Выклікалі, каб сказаць, што ў выпадку вайны іх мабілізуюць. І адпаведную адзнаку ў вайсковыя білеты паставілі. Можа быць, і ў іншых мэдыцынскіх установах было такое, але ўсе баяцца нават размаўляць на такія тэмы», — расказала жыхарка Гомля.
Паводле яе, выклікалі мэдыкаў у вайсковы камісарыят яшчэ месяц таму.
«У камісарыяце паведамілі, дзе мы, мэдыкі, мусім сабрацца, калі раптам мабілізацыя. Сабрацца трэба ў прызыўных пунктах па месцы рэгістрацыі. У некага гэта выканкам ці адміністрацыя раёну, у іншых — камісарыят. Лекары мусяць мець з сабой „трывожны чамадан“ з самым неабходным з асабістых рэчаў», — дадала беларуска.
«Тым, хто на тэрміновай службе, настойліва прапануюць кантракты і ў выпадку адмовы палохаюць забаронай на выезд зь Беларусі»
Свабода пагутарыла зь беларусамі, блізкія якіх служаць цяпер на тэрміновай службе. Брата Людмілы (імя зьмененае. — РС) прызвалі на тэрміновую службу ў траўні 2022 году.
«Спачатку ён сам хацеў служыць, бо ня бачыў у гэтым нічога такога. Але прызыў быў на фоне вайны ва Ўкраіне, вядома, ён нэрваваўся, быў стрэс. Але пайшоў. Цяпер кажа, што яму спакайней. Размоў пра мабілізацыю ў частцы няма», — расказала Людміла.
Яна кажа, што брат можа тэлефанаваць блізкім — мае кнопачны тэлефон. Да інтэрнэту доступу няма, таму «альтэрнатыўныя» навіны атрымлівае ад блізкіх, якія наведваюць яго.
«У войску ўсё, як раней. Маршыруюць строем, сьпяваюць „Кацюшу“, глядзяць беларускую тэлевізію. Ім даводзяць тую ж інфармацыю, як і на БТ — „кругом ворагі“, „НАТА каля мяжы бразгае гусеніцамі“. Але як брат, так і ягоныя саслужыўцы не рвуцца ваяваць за нечыя інтарэсы», — кажа беларуска.
Паводле яе, напружвае тое, што камандаваньне настойліва прапануе падпісаць кантракты, абяцае розныя «бонусы» ад дзяржавы. «Яны не прымушаюць падпісваць кантракты, але абяцаюць некаторыя праблемы, калі не падпішаш. Інакш, сказалі, пасьля дэмабілізацыі будзе забарона выяжджаць зь Беларусі і, маўляў, у выпадку вайны тыя, хто адмовіўся ад кантракту, першымі атрымаюць позвы і іх кінуць на перадавую», — кажа Людміла.
Яна дадала, што цяпер «досыць нэрвовая і трывожная» сытуацыя ў тых маці, нават «ябацек», якія маюць сыноў. «Людзі думаюць і стараюцца вывезьці сыноў хоць куды. А тыя, хто мае дачок, кажуць: «А што тут такога? Хай ідуць нас абараняць», — дадала беларуска.
Як разьвіваліся падзеі
10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён дамовіўся з Уладзімірам Пуцінам пра «разгортваньне сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў». Гэта было зроблена «ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на заходніх межах саюзнай дзяржавы». Ён паведамляў, што ў Беларусь прыбудзе «каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў». Зь беларускага боку ў групоўцы возьмуць удзел, па словах Лукашэнкі, каля 70 тысяч вайскоўцаў.
15 кастрычніка Міністэрства абароны напісала, што ў Беларусь прыбылі першыя эшалёны з расейскімі вайскоўцамі, якія «ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі». Ведамства напісала ў сваім тэлеграм-канале, што расейцаў сустракалі «хлебам і сольлю».
Міністэрства ўдакладніла, што рашэньне пра разгортваньне групоўкі прынятае ў сувязі з «актыўнасьцю, якая не спыняецца ў памежных з намі раёнах».
16 кастрычніка Міністэрства абароны паведаміла, што ў Беларусь з Расеі пачаў прыбываць «авіяцыйны складнік рэгіянальнай групоўкі войскаў».