Сьцісла
- Найлепш сёньня да беларусаў ставяцца на поўдні Ўкраіны, найгорш — у цэнтры і на захадзе краіны.
- Вельмі шчыльна зьвязанае стаўленьне да расейцаў і да беларусаў, аднак да беларусаў яго значна лепшае.
- Тыя, хто падтрымлівае Зяленскага, ставяцца горш да беларусаў, чым тыя, хто яго не падтрымлівае.
- Сярод апытаных, якія падзяляюць савецкія і расейскія наратывы, большая доля тых, хто добра ставіцца да беларусаў.
- Веданьне аб беларускіх пратэстах 2020 году даволі шырокае, пра антываенныя пратэсты і дывэрсіі на чыгунцы падчас вайны ведаюць менш.
Шостага ліпеня кіраўнік дасьледнага цэнтру Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), прафэсар Андрэй Вардамацкі прэзэнтаваў дадзеныя апошніх сацыялягічных апытаньняў у Беларусі і ва Ўкраіне.
Ва Ўкраіне вывучалася стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў, адпаведнае тэлефоннае апытаньне ўкраінскіх рэспандэнтаў правялі ў канцы траўня ў супрацы БАМ з адным з самых аўтарытэтных украінскіх сацыялягічных цэнтраў, Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі (КМІС).
Мы папрасілі пракамэнтаваць дадзеныя апытаньня ва Ўкраіне Ўладзіміра Паніёту, генэральнага дырэктара КМІС, прафэсара катэдры сацыялёгіі ўнівэрсытэту «Кіева-Магілянская акадэмія».
— У апытаньні, якое КМІС і БАМ прывялі ва Ўкраіне, 84% рэспандэнтаў заявілі, што Беларусь — саўдзельніца ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Але пры гэтым прыкметна менш тых, хто сказаў, што іхнае стаўленьне да беларусаў, грамадзян Беларусі, пагоршылася, — 68%. Чым тлумачыцца гэты разрыў у 16 адсоткавых пунктаў?
— Я мяркую, што адрозьненьні зьвязаныя з тым, каго рэспандэнты лічаць адказным за ўдзел Беларусі ў канфлікце. 68%, напэўна, мяркуюць, што грамадзяне Беларусі таксама нясуць адказнасьць за ўдзел Беларусі ў канфлікце, што яны таксама альбо падтрымліваюць удзел Беларусі ў вайне, альбо недастаткова актыўна пратэстуюць.
А 16% хоць і лічаць Беларусь удзельнікам ваеннага канфлікту, але думаюць, што грамадзяне Беларусі супраць вайны, але нічога ня могуць зрабіць, ва ўсім вінаватае кіраўніцтва краіны.
— Яшчэ адзін разрыў: 68% сказалі, што сталі ставіцца да беларусаў горш, але толькі 48% заявілі, што ставяцца да іх цяпер дрэнна. Як можна растлумачыць гэты разрыў?
— Стаўленьне ўяўляе сабою вызначаны кантынуўм, які не абмяжоўваецца дыхатаміяй «добра — дрэнна». Нават у нашых спрошчаных вымярэньнях мы выкарыстоўваем шкалу «добра», «у асноўным добра», «у асноўным дрэнна», «дрэнна». Стаўленьне можа пагоршыцца з «добра» да «ў асноўным добра» ці да «нэўтральна», яшчэ ня робячыся дрэнным. Рэальны ж кантынуўм можа быць нашмат шырэйшым, чым той, які мы выкарыстоўваем у дасьледаваньнях. Напрыклад, у сям’і адносіны могуць пагаршацца гадамі і толькі, скажам, праз 10 гадоў дайсьці да дрэнных і прывесьці да разводу.
— Як цяперашнія адносіны ўкраінцаў да беларусаў зьвязаныя з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі і палітычнымі перавагамі рэспандэнтаў?
— Найбольш істотна на стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў уплывае рэгіён пражываньня: станоўча ставяцца да беларусаў каля 40% жыхароў захаду і цэнтру Ўкраіны, каля 50% поўдня і каля 44% усходу (але там ідуць актыўныя баявыя дзеяньні і ёсьць акупаваныя тэрыторыі, на якіх складаней праводзіць апытаньні, бо дзе-нідзе адключаныя ўкраінскія апэратары сувязі).
Паўднёва-ўсходнія вобласьці Ўкраіны былі бліжэй да Расеі паводле арыентацыяў, былі больш «савецкімі» і лепш ставіліся і да расейцаў і да беларусаў (пасьля пачатку вайны рэгіянальныя адрозьненьні, аднак, істотна зьменшыліся).
У горадзе да беларусаў ставяцца лепш, чым у вёсцы (46% і 39% адпаведна), але гэта зьвязана з тым, што поўдзень і ўсход больш урбанізаваныя, чым захад, таму сярод жыхароў сельскай мясцовасьці вышэйшы адсотак жыхароў захаду, а сярод гарадзкіх жыхароў вышэйшы адсотак жыхароў поўдня і ўсходу, якія лепш ставяцца да беларусаў.
Паводле полу і ўзросту адрозьненьняў у стаўленьні да беларусаў не праглядаецца.
Вельмі шчыльна зьвязана стаўленьне да расейцаў і беларусаў. Да расейцаў ва Ўкраіне станоўча ставіцца 11% апытаных (у асноўным жыхары поўдня і ўсходу), пры гэтым 90% зь іх станоўча ставяцца і да беларусаў.
Што да палітычных поглядаў, то больш высокая падтрымка кіраўніцтва Ўкраіны зьвязаная з нэгатыўнай ацэнкай і расейцаў, і беларусаў. Сярод тых, хто ўхваляе дзейнасьць Уладзіміра Зяленскага, станоўча да беларусаў ставяцца 38%, а сярод тых, хто яго не падтрымлівае, — 55 %.
— Паводле апытаньня, 27% рэспандэнтаў заявілі, што ўкраінцы і беларусы — адзін народ. Як зьвязаны стаўленьне да беларусаў і стаўленьне да савецкіх і расейскіх наратываў?
— Тут ёсьць істотная сувязь. Сярод тых, хто лічыць, што ўкраінцы і беларусы — адзін народ, 63% ставяцца да беларусаў станоўча, а сярод тых, хто ня згодны з гэтай тэзай, — толькі 35%.
Чым больш рэспандэнт схільны падтрымліваць савецкія і расейскія наратывы, тым лепшае стаўленьне да беларусаў. Напрыклад, сярод тых, хто падтрымлівае тэзу «заходнія дзяржавы адмыслова напампоўвалі Ўкраіну зброяй і спрабавалі ўцягнуць яе ў вайну супраць Расеі», да беларусаў ставіцца станоўча 58%, а сярод тых, хто ня згодны, — 42%.
— У спрэчках аб адказнасьці беларусаў за напады на Ўкраіну нярэдка гаворыцца аб адносна масавых антываенных пратэстах у Беларусі, у тым ліку дывэрсіях на чыгунцы, аб беларускіх пратэстах 2020 году, аб нелегітымнасці Лукашэнкі. Паводле вашай ацэнкі, наколькі шырока гэта вядома ва Ўкраіне і ў якой ступені гэтыя веды вызначаюць стаўленьне да беларусаў?
— Беларускія пратэсты 2020 году і сумневы ў легітымнасьці Лукашэнкі ў свой час рэгулярна і дастаткова доўга асьвятляліся ў СМІ і, як мне здаецца, добра знаёмыя насельніцтву Ўкраіны. Што ж тычыцца антываенных пратэстаў і дывэрсіяў у Беларусі, то, як мне здаецца, на фоне мноства падзеяў, зьвязаных з вайной, гэтая інфармацыя не такая прыкметная. Думаю, што тыя, хто знаёмы з гэтай інфармацыяй, лепш ставіцца да беларусаў, чым тыя, хто незнаёмы.