Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль нанес авіяўдар па лякарні ў сэктары Газа, пацыентаў эвакуавалі


Наступствы ізраільскай атакі па лякарні
Наступствы ізраільскай атакі па лякарні

13 красавіка дзьве ізраільскія ракеты трапілі ў будынак галоўнай лякарні ў Газе, разбурыўшы аддзяленьне неадкладнай дапамогі і прыёмнае аддзяленьне і пашкодзіўшы іншыя будынкі, паведамляе Reuters. Пацыентаў лякарні пасьпелі эвакуаваць.

Мэдыцынскія работнікі баптысцкай лякарні «Аль-Ахлі» эвакуавалі пацыентаў з будынку пасьля тэлефоннага званка чалавека, які назваўся супрацоўнікам ізраільскай службы бясьпекі незадоўга да атакі. Пра ахвяры ў выніку ўдару не паведамлялі.

Баптысцкая царква ў Ерусаліме заявіла, што папярэджаньне аб эвакуацыі лякарні паступіла за 20 хвілінаў да ўдару, у выніку якога была разбураная двухпавярховая генэтычная лябараторыя, пашкоджаныя будынкі аптэкі і аддзяленьні неадкладнай дапамогі, а таксама іншыя бліжэйшыя збудаваньні.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што зрабілі крокі для зьніжэньня шкоды цывільнаму насельніцтву, перш чым нанесьці ўдар па комплексе лякарні, які нібыта выкарыстоўвалі баевікі ўзброенай групоўкі ХАМАС для плянаваньня нападаў. Радыкальная групоўка ХАМАС уключаная ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый ЗША і Эўразьвязу.

Лякарня — установа англіканскай царквы і буйная мэдыцынская ўстанова — была выведзеная са строю, паведаміла падкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы. Як адзначае ВВС, раней бальніца «Аль-Ахлі» была невялікай мэдыцынскай установай, але пасьля разбурэньня мэдыцынскага комплексу «Аш-Шыфа» і бальніц у паўночнай частцы сэктару Газа яна засталася адзінай бальніцай у горадзе Газа, якая цалкам функцыянавала.

«Сотні пацыентаў і параненых давялося эвакуаваць сярод ночы, і многія зь іх цяпер знаходзяцца на вуліцах без мэдыцынскай дапамогі, што падвяргае іх жыцьцю рызыцы», — сказаў прадстаўнік міністэрства аховы здароўя Газы.

Ізраіль заяўляе, што ХАМАС сыстэматычна эксплуатуе грамадзянскія збудаваньні, у тым ліку лякарні, што радыкальная групоўка адмаўляе. Ізраільскія сілы правялі шматлікія рэйды ў мэдыцынскіх установах анкляву.

Нядзельныя ўдары па лякарні адбыліся, калі лідэры ХАМАС пачалі новы раўнд перамоваў у Каіры, спрабуючы выратаваць пагадненьне аб спыненьні агню з Ізраілем, якое зайшло ў тупік, у той час як Эгіпет, Катар і ЗША актывізавалі намаганьні па пераадоленьні рознагалосьсяў паміж бакамі.

Паводле групоўкі ХАМАС і падкантрольных яму органаў аховы здароўя, асобныя ўдары па анкляве 13 красавіка забілі прынамсі 14 палестынцаў, у тым ліку начальніка паліцэйскага ўчастку ў Хан-Юнісе.

12 красавіка міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што Ізраіль мае намер пашырыць баявыя дзеяньні па ўсім сэктары Газа, і заклікаў мірнае насельніцтва эвакуавацца з зонаў будучых апэрацыяў Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ). Таксама ён заклікаў палестынцаў «ліквідаваць ХАМАС і вызваліць усіх закладнікаў», перш чым ізраільскія вайскоўцы пашыраць свае апэрацыі ў рэгіёне. «Гэта адзіны спосаб пакласьці канец вайне», — падкрэсьліў ён.

  • Вайна ў сэктары Газа была справакаваная нападам ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году на поўдзень Ізраіля, у выніку якога, паводле ізраільскіх падлікаў, загінулі 1200 чалавек і 251 быў узяты ў закладнікі. З тых часоў, паводле мясцовых органаў аховы здароўя, падчас ізраільскага наступу загінулі больш за 50 тысяч палестынцаў. Большая частка Газы знаходзіцца ў руінах, а большая частка яе насельніцтва была перамешчаная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG