Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рышы Сунак стаў новым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі


Рышы Сунак
Рышы Сунак

Кароль Вялікай Брытаніі Карл III прызначыў Рышы Сунака прэмʼер-міністрам краіны. Зараз Сунаку трэба будзе сфармаваць урад.

Сустрэча адбылася ў Букінгемскім палацы, дзе незадоўга да гэтага Карл III прыняў адстаўку Ліз Трас. У Вялікай Брытаніі манарх адыгрывае цырыманіяльную ролю ў прызначэньні лідэраў ураду.

Сустрэча Рышы Сунака з каралём Карлам ІІІ ў Букінгемскім палацы. Лёндан, 25 кастрычніка 2022
Сустрэча Рышы Сунака з каралём Карлам ІІІ ў Букінгемскім палацы. Лёндан, 25 кастрычніка 2022

42-гадовы Рышы Сунак стаў самым маладым прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі за больш за 200 гадоў. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Ліз Трас, якая прабыла на пасадзе менш за два месяцы — гэта самы кароткі тэрмін у брытанскай гісторыі.

24 кастрычніка Сунак быў выбраны новым лідэрам брытанскай Кансэрватыўнай партыі пасьля таго, як ягоныя супернікі — былы прэмʼер-міністар Борыс Джонсан і лідэр Палаты грамад Пэні Мордант — выбылі з гонкі.

У лютым 2020 году Рышы Сунак заняў пасаду міністра фінансаў. Па ацэнках экспэртаў, на гэтай пасадзе ён даволі пасьпяхова правёў Вялікую Брытанію праз пандэмію COVID-19, сярод іншага забясьпечыўшы грашовую падтрымку ўладальнікам закрытых рэстаранаў і захаваньне працоўных месцаў. У ліпені 2022 года ён падаў у адстаўку празь нязгоду з эканамічнай палітыкай Джонсана. Крытыкі Сунака сьцвярджаюць, што ягоны сыход паслужыў адной з прычын краху ўраду Джонсана.

Для сваіх прыхільнікаў Сунак — увасабленьне цьвёрдай рукі на стырне эканомікі. Сунак назваў «казкай» эканамічныя рэформы Ліз Трас, якія яна прапанавала да свайго ўступленьня на пасаду прэмʼер-міністра ў верасьні 2022 году, і дакладна прадказаў эканамічны крызіс, якія пасьля выклікалі пляны гэтых рэформаў.

Рышы Сунак стаў першым першым прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі з паўднёваазіяцкімі каранямі. Ягоныя бацькі-індыйцы, якія працавалі ў сфэры мэдыцыны і фармацэўтыкі, эмігравалі ў Вялікую Брытанію з Усходняй Афрыкі ў 1960-х гадах. Сунак вучыўся ў прэстыжнай прыватнай школе, а затым — у Оксфардзе і Стэнфардзе, дзе сустрэў сваю будучую жонку Акшату Мурці, дачку індыйскага мільярдэра. Пасьля вучобы Сунак працаваў у інвэстыцыйным банку Goldman Sachs. Цяпер пара знаходзіцца на 222-м месцы ў рэйтынгу найбагацейшых брытанцаў і гадуе дзьвюх дачок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG