Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рышы Сунак стане першым кіраўніком ураду Вялікай Брытаніі азіяцкага паходжаньня


Рышы Сунак
Рышы Сунак

Хто такі Рышы Сунак, які застаўся адзіным прэтэндэнтам на пасаду лідэра Кансэрватыўнай партыі і новым прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі.

Рышы Сунак — лідэр партыі торы, які па завяршэньні фармальных працэдур стане першым у гісторыі брытанскім прэм'ер-міністрам азіяцкага паходжаньня. Гісторыю палітыка расказвае BBC. У жніўні былы міністар фінансаў Рышы Сунак быў адным з фаварытаў гонкі за месца прэмʼер-міністра, якое вызвалілася пасьля адстаўкі Барыса Джонсана ў ліпені. Аднак пераканаць членаў Кансэрватыўнай партыі тады яму не ўдалося: яны паставілі на Ліз Трас — і, як выявілася, памыліліся. Трас днямі падала ў адстаўку.

Рышы Сунак і Ліз Трас
Рышы Сунак і Ліз Трас

Другая спроба Сунака заняць вышэйшую пасаду ў краіне аказалася ўдалай, асабліва пасьля таго, як Джонсан зьняў сваю кандыдатуру і супернікам Сунака аказалася толькі параўнальна малавядомая Пэні Мордант.

Падчас летняй кампаніі Сунак засяродзіўся галоўным чынам на эканоміцы Вялікай Брытаніі, прапануючы пляны, як яе вывесьці з крызісу.

Сунак тады сказаў у інтэрвію BBC, што лепш прайграе гонку за лідэрства, чым «выйграе з дапамогай ілжывых абяцаньняў» — маючы на ўвазе зьніжэньне падаткаў, абяцанае яго суперніцай Ліз Трас.

Рышы Сунак зойме пасаду прэмʼер-міністра ў надзвычай складаны для эканомікі момант, адзначае галоўны палітычны карэспандэнт BBC Нік Эрдлі.

Азіяцкія карані Сунака. Ідэнтычнасьць мае значэньне

Сунак належыць да пакаленьня нашчадкаў імігрантаў, якія нарадзіліся ў Вялікай Брытаніі, але каранямі сыходзяць у іншыя краіны. Паводле яго слоў, гэтая ідэнтычнасьць мае для яго значэньне.

Бацькі Сунака, выхадцы зь Індыі, прыехалі ў Вялікую Брытанію з Усходняй Афрыкі. Сам ён нарадзіўся ў 1980 годзе ў Саўтгэмптане, дзе яго бацька быў тэрапэўтам, а маці валодала аптэкай.

Сунак вучыўся ў элітнай прыватнай школе, а ўлетку падзарабляў афіцыянтам у саўтгэмптанскім рэстаране. Затым ён паступіў у Оксфард для вывучэньня філязофіі, палітыкі і эканомікі.

Падчас навучаньня па праграме MBA ў Стэнфардзкім унівэрсытэце ён сустрэў сваю будучую жонку Акшату Мэрці, дачку Нараяны Мэрці, індыйскага мільярдэра і сузаснавальніка вялізнай кампаніі ІТ-паслуг Infosys.

У сужэнцаў дзьве дачкі, якіх падчас папярэдняй перадвыбарнай кампаніі Сунак часта згадваў у кантэксьце зьмены клімату.

Палітычная кар'ера

З 2001 па 2004 год Сунак працаваў аналітыкам у Goldman Sachs, а затым быў партнэрам у двух хэдж-фондах.

У 2015 годзе Сунак стаў дэпутатам парлямэнту ад гораду Рычманд у Ёркшыры і заняў непрыкметную пасаду ва ўрадзе Тэрэзы Мэй. Яе пераемнік Борыс Джонсан прызначыў яго галоўным сакратаром казначэйства.

Ён лічыцца адным з найбагацейшых дэпутатаў парлямэнту, але публічна не камэнтуе сваю маёмасьць.

У лютым 2020 году ён быў прызначаны міністрам фінансаў і спачатку актыўна падтрымліваў Джонсана, але потым падаў у адстаўку, заявіўшы, што лічыць, што яго ўласны падыход да эканомікі фундамэнтальна адрозьніваецца ад падыходу прэмʼер-міністра.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Сунак заявіў, што сышоў у адстаўку, таму што ягоны ўрад апынуўся «на іншым баку» ў сурʼёзных этычных пытаньнях.

«Я палячу ў Кіеў»

«Калі я стану прэмʼер-міністрам, я падвою нашы намаганьні і ўмацую нашу палітыку ўсялякай падтрымкі Ўкраіны», — абяцаў Сунак падчас летняй кампаніі.

У Дзень незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня Сунак абнародаваў у англамоўнай газэце Kyiv Post свой ліст да народу Ўкраіны, у якім абяцаў: што б ні здарылася, Брытанія застанецца самым пасьлядоўным і моцным саюзьнікам Украіны.

З самага пачатку ваенных дзеяньняў Сунак, які быў у той час міністрам фінансаў, публічна выказваў падтрымку Кіеву, прызнаючы пры гэтым, што яна нятанна абыходзіцца брытанскаму бюджэту.

Некаторыя аналітыкі, аднак, заўважаюць, што з набліжэньнем зімы, ростам цэнаў на энэрганосьбіты і агульным нездароўем брытанскай эканомікі складана прадказаць, як доўга працягнецца гэтая падтрымка і ў якіх абʼёмах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG