Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі суд завочна асудзіў расейскага вайскоўца да 9 гадоў турмы. Гэта першы завочны прысуд за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне


Сяргей Штайнэр служыў у расейскім войску з 2016 году
Сяргей Штайнэр служыў у расейскім войску з 2016 году

Кіеўскі суд упершыню завочна прысудзіў расейскаму лейтэнанту 9 гадоў пазбаўленьня волі за ваенныя злачынствы, учыненыя ў Кіеўскай вобласьці.

Расейскі салдат быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі паводле першага завочнага прысуду Ўкраіны з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі 24 лютага 2022 году. «Дрон Мэдыя» расказаў дэталі разгляду справы ў судзе дзякуючы партнэрам з арганізацыі The Institute for War and Peace Reporting.

26 верасьня пасьля чатырохмесячнага судовага разбору 23-гадовага лейтэнанта Сяргея Штайнэра прызналі вінаватым у парушэньні міжнароднага гуманітарнага права. Яго судзілі паводле часткі 1 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб парушэньні законаў і звычаяў вайны.

Суд устанавіў, што з 9 па 28 сакавіка Штайнэр камандаваў расейскай часткай у вёсцы Лук’янаўка Кіеўскай вобласьці і аддаваў загады сваім падначаленым аб жорсткім абыходжаньні зь мірнымі жыхарамі, незаконным прыўлашчваньні і зьнішчэньні іх маёмасьці. Асоба лейтэнанта была раскрытая журналістамі Радыё Свабода пасьля таго, як яны знайшлі мэдыцынскія дакумэнты Штайнэра ў танку, які той кінуў, калі расейскія войскі ўцякалі ад контранаступу Ўкраіны ў канцы сакавіка.

Фота са старонкі Штайнэра ў сацсетках
Фота са старонкі Штайнэра ў сацсетках

Журналістка Кіра Таўсьцякова з Радыё Свабода была ключавой сьведкай на дасудовым сьледзтве, паколькі яна спрыяла выяўленьню асобы салдата.

Таўсьцякова паведаміла суду, што 28 сакавіка Радыё Свабода пачало расьсьледаваньне дзеля вышуку і ўстанаўленьні асобы расейскага вайскоўца, чые дакумэнты былі знойдзены ў кінутым танку ў Лук’янаўцы неназваным вайсковым карэспандэнтам. Ён скапіяваў і адправіў дакумэнт Таўсьцяковай праз аплікацыю для абмену паведамленьнямі, папрасіўшы праверыць, ці зацікаўлены журналісты-расьсьледнікі ў вывучэньні дакумэнтаў.

«Я прааналізавала гэтыя дакумэнты. У мэдыцынскай кніжцы пазначаны яго дадзеныя, прозьвішча, імя: Штайнэр Сяргей Дзьмітрыевіч. Узрост, пасада і званьне „лейтэнант“, зьвесткі аб пасадзе намесьніка камандзіра зброевай роты. Таксама ўказваюцца вайсковая частка, месца нараджэньня і дысьлякацыя часткі. Там жа была інфармацыя пра яго сямейнае становішча і кантактныя тэлефоны. Быў яшчэ адзін дакумэнт, пра матэрыяльныя каштоўнасьці, то бок пра тое, што ён непасрэдна перавозіў у танку, пра ўзбраеньне, якое, відаць, расейскія вайскоўцы атрымалі для вайны ва Ўкраіне», — сказала Таўсьцякова суду.

Фота са старонкі Штайнэра ва «ЎКантакце»
Фота са старонкі Штайнэра ва «ЎКантакце»

Падчас працэсу ідэнтыфікацыі профіль Штайнэра знайшлі ва «ЎКантакце», сацыяльнай сетцы, якая шырока выкарыстоўваецца ў Расеі, дзе ён разьмяшчаў фатаграфіі з жонкай і бацькамі і свае фота з чорна-аранжавай «георгіеўскай» стужкай, якая стала сымбалем расейскага ўварваньня. Сьледчыя ўстанавілі, што па стане на ліпень 2021 году Штайнэр і яго жонка пражывалі ў Омску, на паўночным захадзе Сібіру.

Журналісты зьвязаліся зь лейтэнантам па адным з мабільных тэлефонаў, указаных у мэдыцынскай картцы.

«Куды ты ўцёк?», — спыталі яны па-расейску. Штайнэр выдаліў некалькі паведамленьняў, але потым адказаў: «Мы блізка».

Адно з фота Штайнэра ў сацсетках
Адно з фота Штайнэра ў сацсетках

У пачатку траўня Штайнэра абвясьцілі ў міжнародны вышук, а ў канцы месяца Кіеўская абласная пракуратура накіравала абвінаваўчы акт у Саломенскі раённы суд у рамках спэцыяльнага дасудовага расьсьледаваньня завочна.

Судовая працэдура Ўкраіны патрабуе, каб абвінавачаны быў выкліканы ў суд як мінімум дзьвюма позвамі і аб’явамі на вэб-сайце трыбуналу і ў афіцыйным весьніку генэральнага пракурора. Пераканаўшыся, што абвінавачаны ўхіляецца ад правасудзьдзя, судзьдзя павінен зацьвердзіць хадайніцтва аб правядзеньні асобага судовага разбору, а затым пачаць разгляд справы па сутнасьці.

36-гадовы пацярпелы Аляксандар Худым, адзін са сьведкаў, пазнаў Штайнэра па фатаграфіях з сацыяльных сетак. Пасьля таго, як расейцы занялі ягоную вёску, Худым і яго маці правялі 21 дзень з расейскімі войскамі па суседзтве з домам, які тыя канфіскавалі. Худым зразумеў, што групай кіраваў салдат па імені Сяргей. Худым сказаў суду, што першыя дні акупацыі былі самымі цяжкімі. Расейцы прыйшлі да яго дадому і сказалі яму і ягонай маці «не рабіць лішніх рухаў» і выходзіць толькі з дазволу. Яны забралі ўсіх курэй.

Вайсковыя здымкі Штайнэра
Вайсковыя здымкі Штайнэра

Разьдзел Крымінальнага кодэксу, паводле якога было выстаўлена абвінавачаньне Штайнэру, прадугледжвае турэмнае зьняволеньне на тэрмін ад 8 да 12 гадоў. Мікалай Сьцяпін, пракурор Фастаўскага раёну Кіеўскай вобласьці, прасіў 9 гадоў, бо падкрэсьліў цяжар злачынства і адсутнасьць зьмякчальных абставінаў.

Абараняў Штайнэра Віктар Аўсяньнікаў, юрыст Цэнтру бясплатнай прававой дапамогі, службы, якая часткова фінансуецца дзяржавай. Аўсяньнікаў таксама абараняў Вадзіма Шышымарына, першага расейскага вайскоўца, асуджанага за ваенныя злачынствы 23 траўня 2022 году.

Раней Украіна выносіла прысуды расейскім вайскоўцам толькі пры іх прысутнасьці на лаве падсудных. Адзін атрымаў пажыцьцёвы тэрмін за забойства мірнага жыхара (пазьней кіеўскі апэляцыйны суд зьмякчыў прысуд да 15 гадоў пазбаўленьня волі), другі — 10 гадоў турмы за расстрэл дома з танка. Завочны прысуд абвясьцілі 26 верасьня 2022 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG