Экс-пракурор Алег Талерчык выходзіць з ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў ByPol. Аб гэтым ён заявіў у відэазвароце:
«Я стаяў ля вытокаў BYPOL, арганізацыі былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, супрацоўнікаў, якія засталіся верныя беларускаму народу і разам зь ім выступілі супраць злачыннага рэжыму Лукашэнкі. За гэты час ByPol ператварыўся зь невялікай групы ў вядомую сілу ў беларускім дэмакратычным вызвольным руху. Але сёньня я раблю заяву аб сваім выхадзе з гэтай арганізацыі», — сказаў ён.
Паводле Талерчыка, прычынай такога рашэньня сталі «некаторыя абставіны, зь якімі я не магу пагадзіцца і якія для мяне выключаюць магчымасьць працягу супрацоўніцтва зь іншымі сузаснавальнікамі ByPol».
Талерчык заклікаў беларусаў супраціўляцца рэжыму Лукашэнкі ўжо зараз.
Алег Талерчык 19 гадоў працаваў у пракуратуры, затым 9 гадоў — у Генэральнай пракуратуры. Да 20-гадовага стажу дзяржаўнага службоўца, які дае права на павышаную пэнсію ў далейшым, яму заставалася крыху больш за год. Звольніўся пры згодзе бакоў з прычыны пазыцыі Генпракуратуры ў адносінах пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».