Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале полк Каліноўскага, сёньня ў Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў палку зь Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаньнем у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Дэмакратычная Беларусь».
Мяркуючы па фатаздымках, гаворка, імаверна, ідзе пра міжфракцыйную дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь», якую ачольвае дэпутат ад фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка. Група была створана ў 2020 годзе. У яе склад увайшлі дэпутаты з розных фракцый, у тым ліку ад праўладнай фракцыі «Слуга народу».
Дэпутат Ганчарэнка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пасьля сустрэчы: «Абмяркоўвалі, як адказаць на агрэсію Лукашэнкі і як лепш падтрымаць полк. Ім падзякавалі за тое, што яны разам з нашымі вайскоўцамі дапамагаюць нам вызваляць Украіну.
Дарэчы, адкрыю невялікі сакрэт, у палку Каліноўскага ўжо рыхтуюць новыя камплекты абмундзіраваньня. Бо калі Лукашэнка загадае сваім войскам напасьці на Украіну, гэтыя войскі пяройдуць на наш бок. Іх трэба будзе апрануць, узброіць і адправіць назад – Беларусь вызваляць! І тое, што Беларусь будзе вольнай, гэта ўжо зьдзейсьнены факт!»
Згодна з украінскім заканадаўствам, міжфракцыйнае аб’яднаньне не ўпаўнаважана афіцыйна прадстаўляць парлямэнт Украіны. Дзейнасьць такой групы забясьпечваюць самі дэпутаты, у той час як міжпарлямэнцкай групы ці камісіі — апарат Вярхоўнай Рады.
«Украінскі бок выказаў павагу беларусам, якія змагаюцца са зброяй у руках за Ўкраіну, і задэкляраваў жаданьне супрацоўнічаць з Палком Каліноўскага як зь легітымным прадстаўніком беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні ў ТГ-канале палку.
Згодна з паведамленьнем, «у адказ на запыт ваяроў палку дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны вырашылі прапанаваць Кабінэту Міністраў унесьці зьмены ў Пастанову ў адносінах да грамадзян Беларусі».
Гаворка ідзе пра пастанову, паводле якой чальцам сем’яў загінулых добраахвотнікаў, «якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі РФ або Рэспублікі Беларусь», не выплачваецца аднаразовая грашовая дапамога.
«Таксама дэпутаты вырашылі вынесьці на галасаваньне пастанову аб прызнаньні Беларусі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяй. Дамовіліся, што дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны разам з прадстаўнікамі Палку Каліноўскага будуць адстойваць інтарэсы беларускага народу ў эўрапейскіх і сусьветных парлямэнцкіх інстытуцыях АБСЭ, ПАРЭ, Парлямэнцкай асамблеі NATO. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра сталую супрацу з дэпутацкім корпусам Украіны ў рэчышчы вызваленчай барацьбы ўкраінскага і беларускага народаў», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу палку Каліноўскага.