У тэксьце гаворыцца, што Расея зьдзейсьніла генацыд чачэнскага насельніцтва, гэтае дзеяньне асуджаецца. «За» прагаласавалі 287 дэпутатаў з 351, а 64 дэпутаты ўстрымаліся.
У тлумачальнай запісцы да дакумэнта заяўляецца, што Чачэнія выйшла са складу СССР у 1991 годзе і абвясьціла сваю незалежнасьць пад назвай Ічкерыя. У тэксьце сьцьвярджаецца, што Расея перашкаджала гэтаму насуперак замацаванаму ў статуце ААН прынцыпу раўнапраўя і самавызначэньня народаў.
Расейскія вайскоўцы абвінавачваюцца ў двух ваенных уварваньнях у Ічкерыю, выкарыстаньні ў Чачэніі забароненага міжнароднымі канвэнцыямі ўзбраеньня і гібелі тысяч прадстаўнікоў чачэнскага народу. Сьцьвярджаецца, што расейскія войскі захапілі закладнікаў у школе ў Бэслане, у выніку чаго «загінулі больш за 300 прадстаўнікоў чачэнскага народу» (насамрэч захоп ажыцьцявілі падначаленыя чачэнскага палявога камандзіра, былога прэм’ер-міністра Ічкерыі Шаміля Басаева, школа знаходзіцца ў Паўночнай Асэтыі. — РС).
У тлумачальнай запісцы да пастановы гаворыцца, што прыняцьце дакумэнта падкрэсьлівае падтрымку Украінай імкненьня чачэнскага народу да незалежнасьці.
«Акрамя таго, асуджэньне міжнародных злачынстваў, учыненых Масквой супраць чачэнскага народу, у тым ліку генацыду, будзе садзейнічаць аднаўленьню гістарычнай справядлівасьці, а заклік да правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня — да пакараньня вінаватых», — гаворыцца ў тэксьце.
Былы міністар у складзе ўраду Ічкерыі, прэмʼер-міністар ураду ў выгнаньні Ахмед Закаеў у камэнтары «Кавказ.Реалии» назваў галасаваньне Рады гістарычным для чачэнцаў і для ўсіх «народаў, якія прыгнятае Крэмль».
Незалежнасьць Ічкерыі не прызнала ніводная дзяржава сьвету. Рыторыку аб праве народаў на самавызначэньне Масква выкарыстоўвала, абгрунтоўваючы прызнаньне незалежнасьці рэгіёнаў Украіны, аб анэксіі якіх потым абвясьціла.