Гэты народ царская Расея не магла захапіць больш за паўстагодзьдзя. Бальшавікі, каб скарыць чачэнцаў, дэпартавалі іх з уласнай зямлі. Але і пасьля распаду СССР Расея ваявала з чачэнцамі да пачатку 2000-х.
У спэцыяльным праекце Свабоды «Самы адважны народ імпэрыі» мы раскажам пра стагодзьдзі барацьбы чачэнскага народу супраць расейскага панаваньня ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, СССР і Расейскай Фэдэрацыі.
У першай частцы мы расказвалі пра тое, як Расейская імпэрыя пачала наступаць на Чачню ў XVII ст. і больш за паўстагодзьдзя не магла захапіць гэты народ.
У другой частцы гаворка ішла пра тое, як камуністы ўсталёўвалі ў Чачні савецкую ўладу, як чачэнцы не скарыліся ёй і былі за гэта выгнаныя з уласнай зямлі.
У трэцяй, заключнай частцы, мы раскажам пра тое, як чачэнцы абвясьцілі незалежнасьць, як двойчы за яе ваявалі з Расеяй і якую ролю ў гэтым адыграў генэрал Джахар Дудаеў. Разабрацца ў гэтым нам дапаможа Майрбэк Вачагаеў..
Хто такі Вачагаеў:
- нарадзіўся ў 1965 годзе ў Чачні;
- чачэнскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтар васьмі кніг;
- былы генэральны прадстаўнік Ічкерыі ў Расеі, былы палітвязень;
- былы прэс-сакратар і дарадца прэзыдэнта Ічкерыі Аслана Масхадава;
- жыве ў Парыжы.
Чаму для абвяшчэньня незалежнасьці чачэнцы запрасілі ў Грозны Дудаева
«На момант абвяшчэньня незалежнасьці ў нас не было адзінага лідэра. „Народны фронт“ і розныя партыі пачалі ўзьнікаць нечакана, і людзі, якія гэта рабілі, для многіх былі абсалютна новыя. Я яшчэ кагосьці ведаў, бо, будучы студэнтам, таемна чытаў і слухаў пра іх. Але абсалютнай большасьці гэтыя прозьвішчы нічога не казалі. І патрэбны быў чалавек, які стаў бы лідэрам. Для чачэнцаў, як і для інгушаў, увогуле на Паўночным Каўказе, генэрал лічыўся аўтарытэтным чалавекам. Тым больш чачэнец, які даслужыўся да генэрала. І Джахар Дудаеў (1944–1996) павінен быў стаць менавіта такім чалавекам. Да прыезду ў Чачню ён служыў у Эстоніі.
Чачня прыняла дэклярацыю аб выхадзе з СССР 27 лістапада 1990 году. А 6 верасьня 1991 году на сэсіі Агульнанацыянальнага кангрэсу чачэнскага народу ў Грозным было абвешчана пра стварэньне незалежнай Чачні. Дудаеў быў абраны кіраўніком гэтага кангрэсу.
Тыя, хто яго запрашаў, магчыма, нават ня думалі, што ён будзе настолькі аўтарытэтны і незалежны ад іх саміх. Калі ён прыехаў, то ацаніў сытуацыю і адразу ўзяў усё пад свой кантроль. Ён быў вельмі харызматычным чалавекам, і людзям ён рэзка спадабаўся. На выбарах увосень 1991 году за яго прагаласавалі 90%.
Яго заявы часам насьцярожвалі інтэлігенцыю, бо ён мог сказаць, кшталту, калі Масква ня хоча пачаць перамовы, маўляў, зьнішчым ворага, то бок гаварыў рэзка ў адрас кіраўніцтва Расеі.
Ён быў чалавекам, які не зарабіў ані капейкі за сваё прэзыдэнцтва. Цяпер некаторыя пішуць лухту, што ён прадаваў наркотыкі і зарабіў мільярды. Хлусьня. Гэта быў чалавек без граша. Калі ён быў ужо прэзыдэнтам, то жыў у доме свайго брата, бо ў яго нават не было свайго дома. Пазьней яму далі дом побач, але цяжка было сказаць, што гэта быў прэзыдэнцкі дом. Гэта быў звычайны грозьненскі домік, у якіх тады жылі ўсе. У Грозным можна было знайсьці тысячы значна лепшых дамоў. Гэта быў бяссрэбранік, які быў гатовы ісьці па шляху незалежнасьці і загінуць».
Як чачэнцы жылі ад абвяшчэньня незалежнасьці да пачатку першай вайны ў 1994 годзе
«Расейцы закрылі са свайго боку межы з Чачнёй. Усё даводзілася рабіць наскокамі: патрабаваць, дамаўляцца, плаціць, або празь нейкія іншыя сувязі. У 1990-я Грозны вельмі добра выйграў ад таго, што быў бэнзінавы крызіс і самалёты ў многія аэрапорты не ляталі ў сувязі з адсутнасьцю газы. Армянскія і грузінскія самалёты пасьля ўзьлёту ў Ерэване і Тбілісі абавязкова сядалі ў Грозным, набіралі чачэнцаў, ім заўсёды давалі недзе 20–25% месцаў, а грузіны і армяне атрымлівалі газу, якую нам не было куды падзець, бо сваіх самалётаў не было. І так чачэнцы ляцелі ў Маскву. Трафік для савецкага і такога маленькага аэрапорта, як у Грозным, быў неверагодны. Армяне і грузіны саступалі чачэнцам свае месцы і далей ляцелі стоячы.
У нас у Грозным быў рынак, які працаваў круглыя суткі. Ён вельмі моцна дапамагаў. Таму што кабардзінцы, усе суседнія народы прыяжджалі ў любы час. За кошт гэтага рынку была калясальная падтрымка мясцовага насельніцтва. Прывозілі таксама тавары з Турэччыны, і яны былі бязмытныя. Масква ўбачыла: закрыўшы мяжу дзеля таго, каб чачэнцы памерлі з голаду, яны, наадварот, пачалі карміць суседнія народы. Суседзям было выгадна, і яны пачалі прыяжджаць.
Я ў той час жыў у Маскве, быў асьпірантам. У мяне было адчуваньне гонару, што Чачня незалежная. Але ўсё яшчэ было незразумела. Я асабіста быў пэсымістам і лічыў, што Масква ня дасьць нам такога зрабіць. Бо ў СССР і Маскве чачэнцаў ненавідзелі. Я гэта адчуваў нават на сабе. Калі я першы раз прыехаў у Інстытут расейскай гісторыі пры РАН, са мной разам сеў чалавек, які меўся быць навуковым кіраўніком, вельмі мілая асоба. І як толькі я пачаў гаварыць, якой тэмай хацеў бы заняцца, яна пачала пляскаць у ладкі і казаць: «Господи, он даже говорит на русском языке». У яе разуменьні я павінен быў расказваць пра ўсё на пальцах. Але пазьней яна была мне як маці. У 1993 годзе я скончыў пісаць дысэртацыю, але інстытут не выстаўляў яе. У 1994 годзе, яшчэ да пачатку вайны, дырэктар інстытуту Навасельцаў, вельмі вядомы акадэмік, гісторык, катэгарычна забараніў ставіць на абарону маю дысэртацыю, бо яна была пра ўдзел чачэнцаў у Каўкаскай вайне. Ён сказаў гэта маёй кіраўніцы ў калідоры, і я чуў, як яна казала яму: — «Толя, ты мерзавец, я больше никогда не буду с тобой общаться». Увесь інстытут быў ад гэтага ў шоку.
У 1994 годзе, калі ўжо пачалася вайна, я паехаў дадому. Заробку я, дарэчы, ані разу не атрымліваў. Гэта да слова пра тое, як жылі ў Чачні. У асноўным людзі жылі дзякуючы «купі-прадай». Некалькі заводаў працягвалі працаваць, але гэта быў мізэр у параўнаньні з усім насельніцтвам. У людзей, зразумела, былі апасеньні наконт будучыні, бо людзі ўсё ж хацелі пэнсій і тых грошай, якія яны накапілі за савецкі пэрыяд. Расея ж не давала чачэнцам ніякіх грошай, хоць мы ведаем, што калі чалавек у Эўропе пераяжджае ў іншую краіну, то ён усё роўна захоўвае сваю пэнсію. Расея гэта хутка спыніла, бо ў Маскве хацелі, каб насельніцтва азлобілася супраць улады. Гэты тыповы мэтад яна выкарыстоўвае супраць усіх«.
На каго Расея рабіла стаўку ў Чачні
«Выбар быў вельмі дзіўны. Яны чамусьці вырашылі, што чачэнцы любяць бандытаў. Яны прасоўвалі Біслана Гантамірава, Руслана Лабазанава, якія былі бандытамі, а апошні яшчэ быў і афіцэрам КДБ. Быў Умар Аўтурханаў на Цераку, які выступаў нібыта ад усёй апазыцыі. Яго выгналі зь сілавых структураў у Абхазіі за сутэнэрства. Выбар Масквы быў вельмі дзіўны. Нават пры ўсім жаданьні чачэнцы не маглі паважаць гэтых людзей. У апазыцыі былі таксама і адукаваныя людзі, якіх я паважаў, але яны не былі лідэрамі. Яны выказвалі свае апасеньні, што рэспубліка ідзе няправільным шляхам, што мы пакуль нічога не ствараем, што нам патрэбнае бачаньне на 10–30 год наперад. Але гэты голас у такіх абставінах губляўся.
Да апазыцыі людзі ўсё ж ставіліся вельмі адмоўна. Калі яны зьбіралі мітынгі, то гэта было вартае жалю зборышча. Гэта не была сіла. Але за імі заўсёды была Масква і вялікія грошы. Яны маглі сабе дазволіць усё. Маглі нават на танках заехаць у Грозны. Яны маглі перасоўвацца на верталётах. Былі грошы, але не было людзей. Іх падтрымлівала ад сілы некалькі працэнтаў грамадзтва. Таму ані Дудаеў, ані пазьней Масхадаў не зьвярталі на іх увагі. Але дзейнічаць яны маглі цалкам легальна, усё было дэмакратычна. Да таго моманту, пакуль яны не пачалі дзейнічаць збройным шляхам».
Як Расея спрабавала захапіць уладу ў Чачні да пачатку вайны
«Расейцы ўзброілі чачэнскую апазыцыю і спачатку меркавалі, што ўдасца захапіць уладу ў 1993 годзе. Потым на пачатку 1994 году ў Грозным, але не атрымлівалася. І апошняя апэрацыя, якую рускія паспрабавалі арганізаваць праз апазыцыю, адбылася 26 лістапада. Яны паспрабавалі захапіць Грозны і зрынуць Дудаева, але ім нічога не ўдалося. І тады выявілася, што вайсковай тэхнікай кіравалі расейцы. Калі дапытвалі затрыманых, якія нібыта меліся быць чачэнскай апазыцыяй, то сярод іх не было чачэнцаў. Яны ўсе былі ваеннаслужачымі Ціміразеўскай гвардзейскай дывізіі пад Масквой. Ім сказалі, што вас там недзе чакаюць, таму наперад. Іх давезьлі да Маздоку і пусьцілі далей. Але ў іх не было ані мапаў, нічога. Яны не разумелі сытуацыі. Яны нават ня ведалі, дзе яны. Адчынялі люк і пыталіся ў людзей, як праехаць на вакзал, маўляў, іх там чакае нейкі полк. Гэта было б сьмешна, калі б не было жахліва, бо практычна ўсе яны былі зьнішчаныя. Самае жахлівае было тое, што расейская ўлада адмовілася забіраць целы. Тады былі жахлівыя кадры па тэлевізіі, калі сабакі елі гэтых кантрактнікаў.
А ўжо 11 сьнежня 1994 году Барыс Ельцын афіцыйна заявіў, што прыняў рашэньне пра пачатак апэрацыі супраць Чачні».
Як адбывалася Першая чачэнская вайна
«Уявіце, насельніцтва Чачні тады складала каля 1 мільёна чалавек, і ў адрозьненьне ад 110 тысяч расейскіх салдат, якія ўварваліся ва Ўкраіну, у Чачню ўварвалася 120 тысяч.
У Грозным загінула больш за ўсё чачэнскіх байцоў, бо калі ўвайшлі расейцы, было прынятае рашэньне абараняцца ў адкрытым баі. Расейцы пачалі абстрэльваць, забіваць. Першай памылкай чачэнцаў было тое, што яны намагаліся дзейнічаць як армія. Як толькі яны разьбегліся і пачалі дзейнічаць як атрады, як ваяры, асобныя групы, з гэтага моманту расейцы ня ведалі, з кім яны змагаюцца. Вайна з чачэнскага боку вялася выключна партызанскай барацьбой. Калі б гэта была звычайная армія, то расейскае войска зьнішчыла б яе імгненна.
У Грозным жыло 405 тысяч чалавек. Ён быў практычна зьнішчаны. У Марыюпалі сёньня ёсьць прынамсі 2/3 гораду, бо збольшага мы гаворым пра зьнішчэньні каля „Азоўсталі“. А ў Грозным ні было аніводнага раёну, аніводнай часткі, які б застаўся безь зьнішчэньняў. Расейцы яго зьнішчылі на 99%. АБСЭ аглядала страты і рабіла высновы, што пасьля ІІ сусьветнай вайны, пасьля Дрэздэна, Грозны быў катастрафічна зьнішчаны. І зьнішчаны без аніякай неабходнасьці.
Дарэчы, у 1995-м па „цыганскай пошце“ мне сказалі, што цябе шукаюць у Маскве, праз 2–3 тыдні ў цябе абарона дысэртацыі. Сярод усяго гэтага агню, усяго, што тады адбывалася ў Чачні, расейцы тады ўжо штурмавалі Ведзяно, адбываліся пастаянныя зачысткі і забойствы. Але я рызыкнуў і паляцеў у Маскву. Там выявілася, што ў інстытуце ўжо новы дырэктар, Сахараў, але ня той. Падчас абароны ён сказаў: „Вельмі шкада, што мы не паставілі абарону год таму. Можа, у Крамлі, даведаўшыся пра гэтую абарону, думалі б, перш чым пачаць вайну ў Чачні“».
Як чачэнцам удавалася перамагаць
«Расейцы маглі лёгка прайсьці нават у горную частку, але вяртацца для іх заўсёды было праблемай. Бо з гор, зь лесу, адусюль наносіліся ўдары. Іх проста падрывалі. Яны ня ведалі, што той хлопчык, якому 10–11 год, які падышоў да іх і спрабаваў штосьці гаварыць па-руску, ён насамрэч падклаў міну і яшчэ расказаў сваім, колькі там расейцаў.
І падчас першай, і падчас другой вайны ў чачэнцаў не было страху. Калі прыяжджала калёна, то чачэнскія хлопцы крычалі «Ваня, Ваня» і паказвалі жэст з пальцам, яны ўсяляк дэманстравалі расейцам сваю пагарду. А па-другое, чачэнцам было шкада расейцаў. Гэта была не нянавісьць, а пагарда, бо яны паводзілі сябе па-скоцку. Тое, што яны цяпер рабілі ў Бучы, мы ўсё гэта перажылі. Для нас гэта Алды, Зандак, усе тыя населеныя пункты, якія яны праходзілі і дзе гвалцілі нашых людзей. Там зьнікалі нашыя маладыя хлопцы.
Але нянавісьці да расейцаў не было. Нават калі салдат падбягаў нешта купіць на рынку, то яму маглі прадаць прадукты па нармальнай цане, але калі падыходзіў афіцэр, то яму называлі ў 10 разоў большую цану. Я сам быў сьведкам такога ў Аргуне. Пучок радысы салдату прадалі за капейкі. А побач афіцэр, яму цана была касьмічная. Ён пачаў абурацца, маўляў, салдат купіў больш і яму цана меншая. На гэта жанчына яму адказала: «А ты будзеш мне плаціць у 10 разоў больш, будзеш плаціць за ўсё». Страху ў людзей перад імі не было. Людзі баяліся толькі гуку ракеты і снарадаў, калі ты чакаў, куды ж гэта прыляціць.
Джахар Дудаеў праявіў сябе падчас вайны як сапраўдны ваяр. У яго не было ніякіх спробаў саскочыць, спыніць вайну кампрамісам за любы кошт. Наадварот, ён заўсёды папярэджваў, што мы выведзем гэтую вайну за тэрыторыю рэспублікі, таму лепш вам спыніцца. Увесь час былі папярэджаньні. І Будзёнаўск, і іншае было акурат тым, пра што ён казаў. Байцы зразумелі, што можна выяжджаць за тэрыторыю Чачні, бо раней ніхто нават пра гэта ня думаў. Дудаеў быў сапраўдны афіцэр, і з гэтым расейскае камандаваньне мусіла лічыцца. Таму яны і прынялі рашэньне яго зьнішчыць. Дудаеў не пагаджаўся на ніводную саступку, акрамя таго, што расейскія войскі павінны скончыць баявыя дзеяньні і зьнікнуць з Чачні«.
Як падчас вайны чачэнцы ставіліся да расейцаў, якія жылі побач зь імі
«Падчас першай вайны — як да сваіх. Некаторых расейцаў чачэнцы забіралі да сябе, бо ім не было куды ісьці. Вельмі шмат расейцаў пацярпелі ў Грозным ад расейскіх ракетаў і бамбардзіровак. Калі ў Маскве сёньня кажуць, што чачэнцы перарэзалі ўсіх рускіх, то трэба разумець, што 99% ахвяраў — гэта віна саміх расейцаў, якія проста забівалі ў Грозным. Чачэнец з Грознага мог проста зьехаць да сябе ў вёску і перачакаць там. А гэтаму рускаму небараку, які жыў там 150 год, ад прадзеда, яму не было куды ісьці. Больш за тое, яны верылі, што расейцы ня будуць іх забіваць. Гэтая вера іх у выніку і забіла. Я не кажу, што чачэнцы сьвятыя. Але расейская прапаганда цяпер малюе ўсё зусім інакш. 99% бедаў у Чачні нарабіла сама Расея.
Падчас першай вайны ў Чачні выдалі загад, каб кожнай рускай маці, якая прыйдзе па свайго палоннага сына, дапамагалі забраць яго дадому і зьехаць. Было шмат такіх выпадкаў, калі бацькам аддавалі дзяцей. Але потым стала вядома, што гэтых ваеннапалонных пасьля вяртаньня саджаюць у турмы ў Расеі за здраду радзіме. Тады бацькі пачалі заставацца зь дзецьмі ў Чачні. І нам даводзілася карміць і ваеннапалонных, і іх бацькоў. Гэта быў цэлы лягер. Пазьней да дапамогі ім далучыўся Чырвоны Крыж, які даваў прадукты харчаваньня».
Што было пасьля забойства Дудаева
"Дамовіцца зь ім расейцы не змаглі, менавіта таму было прынятае рашэньне яго забіць. Масква ніякім чынам не магла прымусіць яго пайсьці нават на канфэдэратыўныя саступкі. Ён катэгарычна адмаўляўся, выступаў толькі за незалежнасьць. Масква для сябе вызначыла, што з гэтым чалавекам няма пра што размаўляць. У красавіку 1996 году яго забілі.
У Дудаева быў віцэ-прэзыдэнт, які адразу пачаў выконваць абавязкі прэзыдэнта. Гэта Зелімхан Яндарбіеў, вельмі вядомы паэт у Чачні. Яго вершы і песьні на яго словы і сёньня выконваюцца ў Чачні, але цяпер дадаюць, што словы і музыка невядомага аўтара, хоць усе мы ведаем, што гэта творы Яндарбіева.
Празь месяц пасьля забойства Дудаева Яндарбіеў паехаў першым з чачэнцаў у Маскву сустракацца зь Ельцыным. Ён прымусіў тагачаснага прэзыдэнта Расеі сесьці насупраць яго, а не сядаць як трацейскі бок. Ён таксама прымусіў, каб чачэнская апазыцыя ў асобе былога першага сакратара абкаму Доку Заўгаева села побач зь Ельцыным. Гэтым Яндарбіеў паказаў, што Ельцын і чачэнская апазыцыя — адзін лягер, а мы, чачэнцы, насупраць іх. І гэта ўжо зусім іншыя перамовы. Ельцыну перамовы былі выгадныя. Гэта быў 1996 год, акурат перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі.
У жніўні чачэнцы ўвайшлі ў Грозны, адбыўся бой. Чачэнскіх ваяроў было ўсяго 887 чалавек. На ўвесь Грозны. І гэтая жменька людзей здолела атачыць буйныя вайсковыя часткі, у тым ліку ФСБ, армію і МУС. Расея тады магла страціць практычна ўсю сваю армію ў Чачні. Тады генэрал Аляксандар Лебедзь прыняў рашэньне, якое сёньня расейцы называюць здрадай, але тады ўсе салдаты і афіцэры былі яму ўдзячныя за тое, што ён іх выратаваў. Бо чачэнцы не зьбіраліся іх ратаваць і даваць ім калідоры. І тады была дамоўленасьць з Асланам Масхадавым, які тады быў яшчэ кіраўніком Галоўнага штабу: калі вы зьбіраецеся пакінуць тэрыторыю Чачні, то мы спыняем баявыя дзеяньні. Так і адбылося, яны пакінулі Чачню. Да канца 1996 году ў Чачні не засталося аніводнага расейскага салдата. У гісторыю гэта ўвайшло як Хасаўюртаўскія пагадненьні, 31 жніўня".
Хто такі Аслан Масхадаў
"Скончылася Першая чачэнская вайна. Здавалася, што расейцы пагадзіліся з тым, што прайгралі. 27 студзеня 1997 году прэзыдэнтам Чачні абіраюць Аслана Масхадава. За Яндарбіева прагаласавала тады ўсяго 10%. За Шаміля Басаева — 22%, за Масхадава — 59%. За Масхадава галасавалі тыя, хто спадзяваўся, што ён спакойны чалавек, што ён чалавек з рускай адукацыяй і што ён зможа дамовіцца з Масквой. Я быў ягоным дарадцам і прэс-сакратаром. Ён хоць і быў вайскоўцам па спэцыяльнасьці, але быў неканфліктным чалавекам. Але з Масквой яму не ўдалося дамовіцца.
Расейцы ізноў закрылі мяжу і ўвялі поўную блякаду Чачні з трох бакоў. Яны рабілі ўсё магчымае, каб ня даць нам стаць дзяржавай. Яны бясконца ставілі палкі ў колы. Але і ў самой Чачні пачаліся спрэчкі, якой павінна быць рэспубліка. Актуальным стала пытаньне, ці павінна гэта быць ісламская рэспубліка, ці працягваць быць сьвецкай. Бо Канстытуцыя была сьвецкая. Канстытуцыя ў нас была адзін да аднаго літоўская, проста замест слова Літва паўсюль было — Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя.
Яндарбіеў яшчэ да абраньня Масхадава вырашыў, што найлепшы варыянт, каб адысьці ад Расеі — трэба стаць ісламскай рэспублікай, бо тады мы разарвем зь іх законамі і ўсім іншым. Ужо з другой паловы 1996 году, калі спыніліся баявыя дзеяньні, ён пачынае адзін за адным выдаваць указы, якія робяць рэспубліку ісламскай. Калі прэзыдэнтам стаў Масхадаў, то ў яго ўжо не было выбару. Яму трэба было або ісьці далей па гэтым ісламскім шляху, або намагацца ўзяць тайм-аўт, каб падумаць, якой павінна быць рэспубліка. Але гэтага не адбылося, тады ўжо пачаліся спрэчкі паміж ісламістамі і прыхільнікамі Масхадава. Ісламістаў была абсалютная меншасьць, ад іх можна было лёгка пазбавіцца, але Масхадаў не хацеў парушаць табу — забіваць чачэнцаў. Ён лічыў, што гэта будзе паўтор падзеяў у Афганістане і Таджыкістане, ён не хацеў унутранага канфлікту. А ў выніку да гэтага ўсё і прыйшло.
Шаміль Басаеў і іншыя, хто быў паплечнікам Масхадава па першай вайне, сталі ягонымі праціўнікамі«.
Чаму ў 1999 годзе пачалася Другая чачэнская вайна
«Яна павінна была пачацца ў любым выпадку, і Масхадаў гэта добра разумеў. Але ён і ўсе іншыя думалі, што расейцы больш ня будуць уваходзіць на тэрыторыю Чачні, а будуць дзейнічаць каля межаў, ці авіяцыяй. Нагоду, каб зайсьці ў Чачню другі раз, даў Шаміль Басаеў.
У 1999 годзе ён увайшоў у Дагестан і стварыў там Ісламскую Рэспубліку Дагестан, якая праіснавала тры дні. Я тады быў у Маскве і даваў па 10 прэс-канфэрэнцый у дзень і казаў, што гэта вядзе да вайны, што расейская армія шукае прычыну, каб увайсьці ў Чачню, і што Масхадаў асуджае ўсіх, хто ўчыніў паход на Дагестан. Расейская армія ў выніку прыняла рашэньне, што для таго, каб здушыць радыкалаў, неабходна зайсьці на тэрыторыю Чачні.
Пазьней Басаеў мне заявіў, што калі б ён туды не пайшоў, было б яшчэ горш. Ён думаў, што расейская армія будзе весьці ваенныя дзеяньні там, у Дагестане. Яны ўсе думалі, што расейцы ня пойдуць зноў у Чачню, пасьля таго як добра атрымалі падчас першай вайны. Басаеў і ягоныя людзі памыляліся. Насамрэч яны пайшлі ў Дагестан і прывялі гэтую вайну ў Чачню.
Некаторыя сьцьвярджаюць, што Басаеў зрабіў гэта наўмысна, бо калісьці быў у ГРУ. Я ў гэта ня веру. Басаеў ня быў тупым, каб дзейнічаць так груба. Гэта быў вельмі граматны чалавек, у адрозьненьне ад тых, хто быў зь ім. Я думаю, што ён сапраўды верыў, што прымусіць Расею шмат што страціць у Дагестане, Кабардзіна-Балкарыі, каб разьвязаць вайну па-за тэрыторыяй Чачні. Але ўжо на той момант я ведаў, што гэта нерэальна».
У чым была розьніца паміж першай і другой войнамі
«У першай вайне ўсе разумелі, нават апазыцыя, што яны ваююць за Чачню, за чачэнцаў. Гэта быў сьвяты доўг. Зрэшты, старая апазыцыя ў сваёй большасьці перайшла на бок Ічкерыі. Пры ўсім пры тым, што яны не любілі Дудаева, яны былі згодныя, што ідзе вайна і што трэба змагацца супраць Расеі. У другой вайне больш не было пытаньня, што гэта вайна для ўсіх чачэнцаў. Была крыўда на Шаміля, які стаў нагодай для пачатку вайны. Па-другое, ужо была сфармаваная сур’ёзная прарасейская апазыцыя. Расейцы правялі размовы з усімі, падрыхтавалі іх. У тым ліку і Кадырава-старэйшага. Чачэнскіх бізнэсоўцаў, якія знаходзіліся ў Маскве, папярэдзілі, што калі прагучыць хоць адно слова ня так, ім канец. То бок ужо зьявілася нейкая арганізаваная сіла. Падчас першай вайны такога не было. Чачэнцы, якія выступалі ў першую вайну пад расейскім сьцягам, саромеліся сваёй ролі. Тады яны спрабавалі ўсім даказаць, што намагаюцца зрабіць штосьці для рэшты чачэнцаў. У другую вайну ўжо ніхто не тлумачыўся. Падчас другой вайны яны спрабавалі давесьці сваю рацыю, што без Расеі нам нікуды і яны зараз з Расеяй зробяць тут парадак.
Падчас першай і другой вайны расейскія салдаты адразалі чачэнцам вушы, галовы. Яны паказалі прыклад. Зьдзек над нябожчыкам лічыўся ў чачэнцаў чымсьці неверагодным. І вось нам пачалі прадаваць галовы бязь целаў, або целы без галоваў. Прадавалі па 3 тысячы даляраў. Сям’ю, у якой былі такія грошы, цяжка было знайсьці, зьбіраць грошы мусіў увесь род. У чачэнскай традыцыі лічыцца праблемай хаваць чалавека нават без аднаго пальца. І калі табе даюць цела бязь нейкай часткі — гэта абраза і прыніжэньне роду. Расейцы паказалі прыклад, а пасьля пайшлі і ў нас мярзотнікі, якія казалі — а чаму мы ня можам? Затым расейцы пачалі прыдумляць, што чачэнцы забіваюць ваеннапалонных. Адбылася нават камічная сцэна ў 2001 годзе, калі быў суд над Ахметам Закаевым у Лёндане. Расейцы абвінавацілі яго ў забойстве сьвятара. І яны ж самі запрасілі гэтага сьвятара на суд у якасьці сьведкі».
Як усё скончылася
«Да забойства ў 2005 годзе Масхадаў заставаўся прэзыдэнтам для ўзброенага падпольля. Але пачынаючы з 2001 году кантроль Расеі на тэрыторыі Чачні быў ужо вельмі моцны. У 2002 годзе чачэнскі супраціў быў ужо ісламісцкім падпольлем, ён мог нешта арганізаваць, але для Расеі ўжо ня быў такі небясьпечны. Ужо было зразумела, што Пуцін можа казаць, што ён захапіў Чачню.
Калі б расейцам удалося захапіць Украіну за некалькі дзён, як яны плянавалі, то там быў бы прарасейскі ўрад. Папярэднікаў назвалі б ворагамі, якія адказваюць за ўсё найгоршае, за ўсю жорсткасьць вайны, за зьдзекі і гвалт над расейцамі. Мы б пабачылі там усё тое, што бачылі ў Чачні».