«Расея па-ранейшаму цісьне на Беларусь, каб яна ўдзельнічала ў наземнай апэрацыі. У Беларусі няма для гэтага рэзэрваў і сілаў, і ня можа гэта зрабіць фізычна. Таму Беларусь праводзіць усе інфармацыйныя апэрацыі, якія сьведчаць пра тое, што яны быццам бы ў чымсьці актыўна ўдзельнічаюць... Мы выразна бачым гатоўнасьць Беларусі праводзіць вучэньні ці нейкія дзеяньні, якія павінныя нешта імітаваць у вайсковым сэнсе. Ня больш за тое», — заявіў у камэнтары Радыё Свабода дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Міхаіл Падаляк.
У той жа час, паводле яго слоў, Украіна, «разумеючы пэўныя рызыкі», узмацніла абарону на беларускай мяжы.
Цяпер Беларусь не зьяўляецца непасрэдным удзельнікам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але аказвае матэрыяльна-тэхнічную падтрымку расейскаму ўварваньню, якое пачалося 24 лютага, калі частка расейскіх войскаў увайшла ва Ўкраіну празь беларускую мяжу.
Рэжым Лукашэнкі даў расейскім войскам доступ на тэрыторыю Беларусі, адкуль расейскія войскі ўчынялі вылеты для бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў, а таксама запускаюць ракеты па тэрыторыі Ўкраіны.
Супраць Беларусі былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі за саўдзел у вайне, распачатай Расеяй.
Паводле зьвестак украінскай выведкі, па стане на 10 кастрычніка на тэрыторыю Беларусі ўжо перакінутыя 32 іранскія беспілётнікі-камікадзэ «Шахед-136».
Аляксандар Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, але падкрэсьліў, што беларусы «нікога не забіваюць».