Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перастаньце хлусіць пра „магутную армію“». Як дыктатары разьвітваюцца зь ілюзіямі пра сваю непераможнасьць


Разьвітаньне з ілюзіямі бывае балючым і крыўдным. Асабліва калі ілюзіі датычаць прэтэнзій на ўласную веліч і выключнае месца ў сьвеце.

Пуцін і Лукашэнка, распачынаючы агрэсію супраць Украіны, былі перакананыя ў магутнасьці і выключнасьці сваіх армій. Выявілася, што шлях ад веры ў непераможнасьць да асэнсаваньня сваёй тэхналягічнай і цывілізацыйнай адсталасьці зусім кароткі.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Два дыктатары самі сталі ахвярамі ўласнай прапаганды, якая гадамі застрашвала сьвет і пераконвала ўласных грамадзян у надзвычайных якасьцях расейскай зброі. Армія ў агрэсараў у рэальнасьці аказалася такой жа бутафорскай, як і выбары, і правасудзьдзе, і грамадзянскія правы, і «духоўныя скрэпы». Зрэшты, так ня раз здаралася ў далёкай і нядаўняй расейскай гісторыі.

Канец містыфікацыі

Ні ў адной эўрапейскай краіне цягам мінулых 30 гадоў не праводзілі такіх маштабных і пампэзных вайсковых парадаў, як у Расеі і Беларусі. Гэты бразгат танкавых гусеніц, від цыкляпічных ракет, віск зьнішчальнікаў і бамбавальнікаў над галовамі, відавочна, былі прызначаныя найперш для застрашваньня Захаду.

Парад на Дзень перамогі ў Менску ў разгар пандэміі каранавірусу, 9 траўня 2020 году
Парад на Дзень перамогі ў Менску ў разгар пандэміі каранавірусу, 9 траўня 2020 году

Парадокс у тым, што рэгулярная паказуха неўпрыкмет самым самазьнішчальным чынам падзейнічала на саміх яе натхняльнікаў і арганізатараў. Са сьвяточных генэральскіх трыбунаў не відаць, як проста з параду некаторыя адзінкі «самай перадавой у сьвеце тэхнікі» цягнуць на буксіры (бо заглухла на паўдарозе).

За доўгія дзесяцігодзьдзі незьмяняльныя дыктатары, амаль штогод назіраючы за гэтымі парадамі, разамлелыя ад лісьлівасьці і ўсхваленьня прыдворнай чэлядзі, спакваля і самі паверылі ў тое, што іхным арміям сапраўды няма роўных у Эўропе, што яны самыя магутныя («другая армія ў сьвеце»), непераўзыдзеныя і хоць заўтра гатовыя любога паставіць на калені.

Вядома, вельмі ўмацавалі іх у гэтай перакананасьці падзеі 2014 году, калі ўкраінскія вайсковыя часткі ў Крыме паслухмяна склалі зброю перад расейцамі, фактычна без адзінага стрэлу аддаўшы Пуціну паўвостраў.

Расейскія вайскоўцы, якія захапілі аэрапорт у Сімферопалі, 28 лютага 2014
Расейскія вайскоўцы, якія захапілі аэрапорт у Сімферопалі, 28 лютага 2014

Відавочна, напярэдадні 24-га лютага 2022-га ў абодвух стратэгаў (і маскоўскага, і менскага) была ўпэўненасьць, што новае ўварваньне адбудзецца прыблізна паводле такога ж сцэнару. (Згадайма лютаўскія перадваенныя прызнаньні Лукашэнкі расейскаму прапагандысту Салаўёву:

«Гэта вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць» і «У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша»).

Разьбітыя расейскія танкі ў Харкаўскай вобласьці, верасень 2022
Разьбітыя расейскія танкі ў Харкаўскай вобласьці, верасень 2022

Як паказалі наступныя падзеі, расейская армія выглядае «вялікай» толькі тады, калі ёй ніхто не супраціўляецца, калі перад ёй складваюць зброю, спалохаўшыся аднаго яе пагрозьлівага выгляду.

Пасьля падзеяў 2022 году і Лукашэнку, і Пуціну (калі яны ўтрымаюцца пры ўладзе да наступнай вясны) варта было б увогуле адмовіцца ад ранейшай практыкі пампэзных парадаў. Хоць бы таму, што гэтыя парады ствараюць і падсілкоўваюць ілюзіі, небясьпечныя для саміх дыктатараў.

Танкі, якія памятаюць Брэжнева

Лукашэнка, без сумневу, ведае сапраўдны стан арміі лепш за Пуціна. Пуцін у арміі ўвогуле не служыў (як, дарэчы, не служыў і міністар абароны РФ Сяргей Шайгу). Лукашэнка праз армейскія казармы прайшоў — прычым і тэрміновую службу (у памежных войсках), і кантрактную — на нізавых пасадах, у тым ліку ў шараговай танкавай роце.

Савецкая армія была вялізная і сваімі памерамі страшыла паўсьвету. Наколькі яна была баяздольная і канкурэнтная на тле заходніх армій, пытаньне спрэчнае. Паказаць сябе ў маштабнай вялікай вайне пасьля Другой сусьветнай ёй, на шчасьце, ня выпала. Удзел у лякальных войнах (кшталту савецка-афганскай) вялікага ўражаньня ад здольнасьцяў і ўменьняў савецкіх узброеных сілаў не пакінуў.

Салдаты часоў СССР
Салдаты часоў СССР

Першае, з чым сутыкаўся ў савецкім войску толькі што мабілізаваны юнак — гэта «тяготы армейской службы», якія вайсковы статут прадпісваў стойка пераносіць. Да цяжару адносіліся: муштра, «дзедаўшчына», паказуха, паўсюдна распаўсюджанае прыніжэньне чалавечай годнасьці, а таксама такія паўсядзённыя дробязі, як адсутнасьць у казарме гарачай вады, душу, туалетнай паперы і мыла, пральных машын.

Магчыма, хоць зброя была перадавой? Калі мне падчас службы ў 80-я выдалі аўтамат 20-гадовага ўзросту і каску, вырабленую яшчэ падчас Другой сусьветнай вайны, у мяне ў гэтым узьніклі вялікія сумневы. Можа, недзе на стратэгічных складах захоўвалася сакрэтная супэрсучасная тэхніка, настолькі сакрэтная, што яе не павінен быў бачыць нават свой салдат? Магчыма. Толькі верылася ў гэта зь цяжкасьцю.

Савецкая прамысловасьць была ня здольная без заходніх тэхналёгій распрацаваць і асвоіць вытворчасьць якаснай «цывільнай» бытавой тэхнікі — аўтамабіля, тэлевізара, магнітафона, пральнай машыны — таго, што было звыклым на Захадзе. З чаго б гэта з распрацоўкай і вытворчасьцю складанай вайсковай тэхнікі магло быць па-іншаму?

Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану, 1988
Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану, 1988

За постсавецкія гады сытуацыя ў расейскай арміі нібыта пачала мяняцца. Прынамсі, на вайсковых парадах у Маскве рэжым штогод хваліўся новымі відамі зброі, у тым ліку найсучаснымі танкамі «Армата», а сам Пуцін час ад часу паказваў патэнцыйным ворагам мульцікі, на якіх супэрсучасная ракета «Кінжал» здольная «разьвіваць хуткасьць 10 махаў» і ледзь не бясконца лятаць вакол зямнога шара.

Але што адметна: сярод соцень расейскіх танкаў, спаленых на ўкраінскіх дарогах і палях на працягу васьмі месяцаў вайны, ніякіх «Арматаў» чамусьці заўважана не было. А што было? Амаль спрэс — розныя мадыфікацыі старога савецкага Т-72, распрацаванага яшчэ ў брэжнеўскі час. І бронемашыны пераважна савецкія. І гранатамёты. І стралковая зброя — аўтаматы, кулямёты... Усё, што было на ўзбраеньні 30-40 гадоў таму.

Разьбітыя расейскія танкі пад Ліманам Данецкай вобласьці, 5 кастрычніка 2022
Разьбітыя расейскія танкі пад Ліманам Данецкай вобласьці, 5 кастрычніка 2022

Сучаснай беларускай арміі гэта датычыць у яшчэ большай ступені. Гаварыў неяк з хлопцамі, якія былі на пазалеташніх сумесных вучэньнях з расейцамі ў Гожы, пад Горадняй. Дык расейцы, як высьветлілася, яшчэ і пасьмейваліся зь беларусаў: маўляў, што за старызна ў вас на ўзбраеньні? А якая прымітыўная амуніцыя.... (Што праўда, гэта было яшчэ да вайны. А на манэўры за мяжу расейцы тады імкнуліся выпраўляць тыя часткі, якія былі аснашчаныя параўнальна новай зброяй і рыштункам).

Перасоўваньне беларускай вайсковай тэхнікі ў рамках вучэньняў, травень 2022
Перасоўваньне беларускай вайсковай тэхнікі ў рамках вучэньняў, травень 2022

Але, як сьведчаць аўтарытэтная міжнародная агенцыя Global Firepower, аснова цяперашняй беларускай вайсковай магутнасьці — уся тая ж старая савецкая тэхніка (600 танкаў Т-72 і паўтары тысячы бронетранспартэраў і БМП савецкай жа канструкцыі). Значная частка гэтых арсэналаў можна пабачыць зараз на чыгуначных плятформах, якія рухаюцца зь Беларусі ў напрамку Варонежа і Растова — папаўняць запасы саюзьнікаў, добра патрапаных пад Харкавам і Херсонам. Іншых рэзэрваў Расея ня мае...

Лукашэнка як былы савецкі танкіст, пэўна, яшчэ да 24 лютага меў сумневы наконт рэальнай баяздольнасьці сваіх узброеных сіл. Інакш чаму не далучыўся тады да расейскіх танкавых калён, якія перасякалі беларускую мяжу ў кірунку Кіева, разьлічваючы на хуткі парад перамогі на Храшчаціку? Восем месяцаў вайны ва Ўкраіне паказалі: меў рацыю былы танкіст Лукашэнка, засталася б уся ягоная армія ў лютым-сакавіку ў палескіх балотах ды на подступах да Кіева.

Разьбітая расейская тэхніка ў Бучы пад Кіевам, 16 траўня 2022
Разьбітая расейская тэхніка ў Бучы пад Кіевам, 16 траўня 2022

Лапці для пехацінца імпэратарскай арміі

Вялікі аматар імпэрскай гісторыі Пуцін недалюблівае імпэратара Мікалая І. Усім расейскім імпэратарам ХІХ стагодзьдзя велічныя бронзавыя манумэнты ў ваколіцах Крамля паставіў, а яму — не. Здавалася б, чаму?

Мікалай Паўлавіч быў імпэрцам і «антызаходнікам», якіх у расейскай гісторыі яшчэ пашукаць. Перасьлед найменшага іншадумства, жорсткая цэнзура, муштра, паказуха і палачная дысцыпліна ў войсках — гэта ўсё пра яго.

А яшчэ — крывавая расправа з польскімі і вугорскімі паўстанцамі, ганебная роля «жандара Эўропы», які трымаў на сваіх штыках найбольш адыёзныя манархічныя рэжымы, якія аджылі сваё . Ну і як вынік — разгар русафобіі ў Эўропе, якая са страхам і нянавісьцю пазірала на паўдзікую, прыгоньніцкую і ваяўнічую Расею, якой кіруе «Чынгісхан з тэлеграфам».

Расейскі цар Мікалай
Расейскі цар Мікалай

Падабенства гэтых пэрсанажаў (Пуціна і Мікалая І) уражвае. Цяперашні «Чынгісхан зь ядзернай зброяй» у многім паўтарае зьдзяйсьненьні свайго ідэйнага папярэдніка. Вельмі можа здарыцца, што і фінал іхнага кіраваньня будзе падобны.

Пад заслону свайго змрочнага цараваньня Мікалай І, цьвёрда перакананы ў непераможнасьці вялізнай расейскай арміі, таксама вырашыў паказаць сьвету імпэрскую веліч Расеі і ўвекавечыць уласнае імя ў гісторыі шляхам далучэньня новых тэрыторый (пераважна на Балканах), а таксама ажыцьцяўленьня заўсёднай мары ўсіх расейскіх цароў — захопу Канстантынопаля).

Карціна Ўільяма Сімпсана з сэрыі «Крымская вайна»
Карціна Ўільяма Сімпсана з сэрыі «Крымская вайна»

У Мікалая І быў мала чым абмежаваны людзкі рэсурс: трупамі бяспраўных і паслухмяных салдатаў (пераапранутых у салдацкія шынялі ўчорашніх прыгонных сялянаў) ён мог закідаць колькі заўгодна чужых акопаў. У мінулыя часы так і адбывалася. Тэхналягічная адсталасьць Расеі, калі яна ваявала з эўрапейскімі арміямі, мела месца заўсёды. Але ў ранейшыя стагодзьдзі гэта ня так кідалася ў вочы і не выконвала вырашальнай ролі (калі і з таго, і з другога боку былі пераважна шаблі, коні, пікі ды каменныя фартэцыі).

Крымская вайна 1853–1856 гадоў была ўжо зусім іншай. Брытанскія салдаты, якія ваявалі ў Крыме, былі ўзброены наразной вінтоўкай «Энфілд», зь якой можна было прыцэльна страляць на 350–500 мэтраў. У расейцаў былі гладкаствольныя ружжы, якія мала чым адрозьніваліся ад тых, якімі ваявалі яшчэ ў 1812 годзе. Расейская пяхота магла прыцэльна страляць толькі на адлегласьці до 200 крокаў. Брытанцы і французы касілі яе агнём яшчэ да таго, як яна набліжалася на адлегласьць стрэлу.

Плякат у Кіеве, 2016
Плякат у Кіеве, 2016

Тэхналягічная ды цывілізацыйная адсталасьць Расеі толькі гэтым не абмяжоўвалася. Яе вялізны, але састарэлы парусны флёт быў няздольны супрацьстаяць новым паравінтавым караблям брытанцаў ды французаў. Расея нібыта ваявала на ўласнай тэрыторыі, але нармальна забясьпечваць армію з прычыны татальнага казнакрадзтва і адсутнасьці чыгунак была ня ў стане. Убачыць расейскага пехацінца ці матроса ў лапцях у той час было звычайным відовішчам.

А якім было харчаваньне! Існуе мноства сьведчаньняў таго, што інтэнданты слалі на фронт зьляжалую муку, падобную на камень, і гарэлыя заплесьнелыя сухары. Салдаты таўклі іх у чорную масу і насілі на поясе ў мяшэчках у якасьці запасу ежы. Гэтыя факты сталі здабыткам гісторыі дзякуючы аднаму францускаму ваеннаму карэспандэнту, які ўпершыню пабачыў такія мяшэчкі ў параненых і забітых у Крыме расейскіх салдат. Спачатку ён палічыў гэта рытуальнай жменяй роднай зямлі, а потым жахнуўся праўдзе: у мяшэчку быў трохдзённы рацыён расейскага салдата. Француз ня мог паверыць, што чалавек увогуле здольны харчавацца чымсьці падобным.

Руіны мартырных батарэй часоў Крымскай вайны ў Севастопалі
Руіны мартырных батарэй часоў Крымскай вайны ў Севастопалі

Адзін з сучасьнікаў так пісаў пра Мікалая І:

«Вучэньні, вайсковыя агляды, парады і разводы войскаў ён любіў нязьменна да сьмерці і самастойна праводзіў іх нават узімку».

Задавальненьне ад такога агляду сваіх бравых грэнадэрскіх палкоў ён называў «пяхотнай асалодай». Падчас адной такой «асалоды» зімой 1855 году, калі ў люты мароз без шыняля прымаў парад маршавых батальёнаў, цар захварэў на запаленьне лёгкіх і празь некалькі дзён сканаў.

Многія ў той час лічылі: своечасова. Расея цярпела ганебную паразу ў вайне. Для ўсіх (у тым ліку для самога расейскага грамадзтва) стала відавочнай яе тэхналягічная і цывілізацыйная адсталасьць. У выніку вайны яна трапіла ў міжнародную ізаляцыю: зь ёй разарвалі дыпляматычныя стасункі ўсе краіны Эўропы, апроч Ватыкану і Нэапалітанскага каралеўства. Гэта быў клясычны «калёс на гліняных нагах». «Так жыць нельга», — у той час гэтак яшчэ не казалі, але думалі менавіта так.

Падчас такіх узрушэньняў у краіне, якая цярпіць паразу, заўсёды шмат гавораць пра чаканьне апакаліпсісу і крах звыклага сьвету. Але заўсёды пакрысе ўсё неяк наладжваецца. Як сталася і тады, у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя: цара-няўдачніка пахавалі, з паразай у вайне, страчанымі тэрыторыямі і зьнішчаным Чарнаморскім флётам хутка зьмірыліся; з Захадам паступова аднавілі і гандаль, і прыязныя стасункі.

Партрэт цара Аляксандра другога
Партрэт цара Аляксандра другога

А на месца старога шалёнага і суровага цара, які здаваўся вечным і незаменным, прыйшоў іншы — значна больш лагодны, памяркоўны, цярплівы і схільны да рэформаў Аляксандар ІІ.... Так здарылася ў Расейскай імпэрыі — пасьля Мікалая І. Так будзе і ў Расейскай Фэдэрацыі — пасьля Пуціна.

Калі хлусіць надакучыла нават прапагандзе

На пачатку кастрычніка, на тле ваенных няўдач Расеі і шматлікіх скандалаў з распачатай мабілізацыяй, адна з галоўных расейскіх прапагандыстак Маргарыта Сіманьян раптам заклікала:

«Пара заканчваць хлусіць на ўсіх узроўнях, паўсюль увогуле ў нашай краіне: у банках, міністэрствах, у ваенкаматах, на заводах, у школах, ва ўнівэрсытэтах, у мэдыйных арганізацыях. Трэба пераставаць хлусіць».

Гэты заклік прагучаў як гром сярод яснага неба, паколькі ішоў ад чалавека, высілкамі якога, уласна, і стваралася цягам усіх пуцінскіх гадоў сыстэма хлусьні і паўпраўды, а ў сёньняшняй Расеі фактычна не засталося СМІ, якія б былі свабодныя і аб’ектыўна апісвалі рэчаіснасьць.

І гэта што ж, цяпер у Расеі можна свабодна пісаць пра тое, як маці, выпраўляючы сыноў на вайну, вымушаныя купляць для іх за ўласныя грошы берцы і бронекамізэлькі; што сагнаныя на вайну ва Ўкраіну мабілізаваныя часта галадаюць альбо вымушаныя спажываць пратэрмінаваныя прадукты; што пад мабілізацыю нярэдка трапляюць выпадковыя людзі, а на акупаваных тэрыторыях частая зьява — гвалт, катаваньні і забойствы?

Вядома, не. Але тое, што ад хлусьні стамілася нават прапаганда, — добры знак таго, што перамены ў Расеі набліжаюцца, а створаны дыктатарскім рэжымам міт пра доблесьць і непераможнасьць расейскай арміі канчаткова разбураны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG