«Медиазона» 11 кастрычніка апублікавала навіну, што 6 кастрычніка жыхарка Пецярбургу Ірына Цыбанева пакінула на Серафімаўскіх могілках на магіле бацькоў Пуціна запіску. Што ў ёй было, дакладна невядома, але мяркуецца, што там была напісана «прапанова здохнуць», паведамляе праект Радыё Свабода Север.Реалии.
Прэс-служба судоў Пецярбургу паведаміла, што супраць Цыбаневай распачалі крымінальную справу па артыкуле «зьдзек над целамі памерлых і месцамі іх пахаваньня, учынены з матываў палітычнай, ідэалягічнай, расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай нянавісьці».
Ірыну Цыбаневу затрымалі 10 кастрычніка, яе адвезьлі ў спэцпрыёмнік, суд падоўжыў жанчыне ўтрыманьне пад вартай на 48 гадзін. Сын Ірыны Цыбаневай Максім даведаўся, што зь ягонай маці нешта адбываецца, з паведамленьня ў WhatsApp.
Максім ня ведае, чаму яго маці пайшла на могілкі і паклала запіску і як увогуле ёй гэта ўдалося.
«Кажа, што там усё ахоўвалася. Яна неяк пачакала момант, калі нехта адвернецца ці адыдзе. Навошта, што і чаму, я ня ведаю матываў. І вось яе забралі ў сьледчы аддзел, калі яна ўсё ж адчыніла дзьверы. Спачатку казалі, што будзе адміністрацыйка, а потым вырашылі, што ўсё ж крымінальная справа, — тлумачыў Максім.