Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уварваньне правалілася». Міжнародныя рэакцыі на абвяшчэньне Пуціным мабілізацыі

абноўлена

Бэн Уолес, міністар абароны Вялікай Брытаніі
Бэн Уолес, міністар абароны Вялікай Брытаніі

Брытанскі міністар абароны Бэн Уолес ахарактарызаваў заяву Ўладзіміра Пуціна аб мабілізацыі як «прызнаньне таго, што яго ўварваньне (ва Ўкраіну. — РС) правалілася».

«Ён і яго міністар абароны паслалі на сьмерць дзясяткі тысяч сваіх грамадзян, дрэнна экіпіраваных і кепска кіраваных, — сказаў Уолес у заяве. — Ніякія пагрозы і прапаганда ня могуць схаваць той факт, што Ўкраіна перамагае ў гэтай вайне, міжнародная супольнасьць адзіная, а Расея становіцца сусьветнай парыяй».

«Трывожная эскаляцыя»

Тым часам намесьніца міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Джыліян Кіган назвала пагрозу Пуціна ўжыць ядзерную зброю ў канфлікце ва Ўкраіне «трывожнай эскаляцыяй».

У размове на тэлеканале Sky News Кіган адзначыла, што прамова Пуціна выклікала «заклапочанасьць», і абвінаваціла яго ў «перапісваньні гісторыі», пасьля таго як ён сьцьвярджаў, што спрабаваў вызваліць акупаваную тэрыторыю Украіны ад «нэанацыстаў». «Дазвольце мне сказаць ясна — гэта хлусьня Пуціна, якая працягвае цалкам скажаць тое, што адбылося ва Ўкраіне».

Кіган запэўніла ўкраінцаў, што Захад застанецца непахісным у сваёй падтрымцы Ўкраіны. «Мы побач — дапаможам, чым зможам», — дадала яна.

«Паніка»

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ заявіў, што рашэньне Пуціна пачаць частковую мабілізацыю грамадзян Расеі — прыкмета «панікі» ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне.

«Вы бачыце, што Ўкраіна штораз больш здольная пераламаць сытуацыю, адваявала вялікія часткі тэрыторыі, — сказаў Рутэ журналістам у Гаазе. — Вы таксама бачыце, што заходняя падтрымка пачынае працаваць, таму мы дапамагаем з сыстэмамі ўзбраеньня і іншымі рэчамі. Нам сапраўды трэба працягваць гэта».

Рутэ дадаў, што не будзе «надта пераймацца» пагрозамі Крамля адносна канфлікту з Захадам, заявіўшы, што такая рыторыка гучала і раней. «Мы не ваюем з Расеяй. Але мы падтрымліваем Украіну ў яе справядлівай барацьбе з расейскай агрэсіяй», — падкрэсьліў кіраўнік нідэрляндзкага ўраду.

«Мы зробім усё магчымае»

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што яго краіна працягвае падтрымліваць Украіну.

«Мы зробім усё магчымае разам з нашымі саюзьнікамі, каб NATO яшчэ больш падтрымала Ўкраіну, каб яна магла абараніць сябе. Паведамленьні аб частковай мабілізацыі пацьвердзіліся. Расея спрабуе зьнішчыць Украіну і захапіць частку яе тэрыторыі. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — сказаў ён.

«Непахісная падтрымка»

«Крэмль абвясьціў аб мабілізацыі ў міжнародны дзень міру, пакуль краіны Генэральнай Асамблеі ААН працягваюць працаваць у кірунку супрацоўніцтва, бясьпекі і працьвітаньня. У гэтай вайне ёсьць толькі адзін агрэсар — Расея, і адна ахвяра агрэсіі — Украіна. Падтрымка Эўразьвязам Украіны застанецца непахіснай», — напісаў старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у Твітэры.

  • У сваім тэлевыступе 21 верасьня Ўладзімір Пуцін заявіў аб «частковай мабілізацыі» ў Расеі. Ён таксама прыгразіў выкарыстаньнем ядзернай зброі «пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай краіны». Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, выступаючы ў тэлевізіі пасьля Пуціна, удакладніў, што ў рамках «частковай мабілізацыі» будуць прызваныя 300 тысяч рэзэрвістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG