Прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі рашуча асудзіла гэты візыт, назваўшы яго непрымальным парушэньнем прынцыпаў двухбаковых адносін і міжнароднага права. У МЗС краіны быў выкліканы беларускі амбасадар Анатоль Ліс. Пра візыт у самаабвешчаную Абхазію грузінская служба Радыё Свабода пагутарыла з былым дзяржміністрам у пытаньнях прымірэньня і грамадзянскага раўнапраўя, палітолягам Паатам Закарэішвілі.
— Навошта Лукашэнка прыехаў у Абхазію?
— Я думаю, што гэта ня самы прыемны візыт Лукашэнкі ў сваім жыцьці. То бок, вядома, у яго шмат такіх непрыемных было, ён часта вымушаны выконваць нейкія расейскія заданьні, і гэта адно зь іх, мне здаецца. Але я думаю, што ён прыехаў з дзьвюх-трох нейкіх прычынах, якія жадаюць у адзін флякон неяк злучыць, каб нікога не пакрыўдзіць, але і нічога ня страціць.
Па-першае сустрэча адбылася ў Піцундзе, на дзяржаўнай дачы, якая зараз аспрэчваецца, і абхаскае грамадзтва хвалюецца аб тым, на якіх умовах будзе перададзены Расейскай Фэдэрацыі гэты ўнікальны комплекс, — там даўно ніхто не адпачываў, г. зн. такія высокапастаўленыя людзі не прыяжджалі. Гэта відавочна сымбалічны крок, і ня толькі — сымбалічны мэсыдж нейкі, што для Расеі вельмі важна, бо наконт комплексу дзяржаўных дач у Піцундзе Пуцін уключыў моцную артылерыю ў асобе Лукашэнкі. У Лукашэнкі некалькі задач: у першую чаргу, паказаць, што гэта адбываецца ў Піцундзе — Піцунда для іх важная, і, калі з Піцундай усё будзе ў парадку, тады будзе наступны крок, напэўна прызнаньне.
— Гэта значыць, вы чакаеце, што Беларусь прызнае незалежнасьць Абхазіі — менавіта для гэтага прыяжджаў Лукашэнка?
— Не, я не чакаю, што ён прызнае, хоць гэта ня выключана, гэта дапушчальна 50 на 50. Але гэта ня важна цяпер. Важна, што гэтае паведамленьне для абхаскага грамадзтва. Гэта піяр, нейкая фішка, што «вы нам Піцунду, а мы вам надзею, што будзе прызнаньне». Таму што, калі б хацелі прызнаць, то яны маглі прызнаць даўно — што за праблема? І цяпер маглі б прызнаць, без усялякіх прыездаў-ад’ездаў і г. д. Відавочна тут нешта хаваецца. Хаваецца тое, што Расея ня хоча заадно раздражняць Грузію.
Грузія цяпер — адна з рэдкіх краін, якая цалкам пад абцасам у Расеі і ніжэй травы, цішэй вады, г. зн. абсалютна ніяк не рэагуе ні на што. Грузінскія ўлады баяцца свайго ўласнага ценю і, адпаведна, «Грузінскай мары». Расея хоча і піцундзкую тэрыторыю атрымаць, і Грузію не пакрыўдзіць, таму прыдумляе гэты прамежкавы варыянт: давай спакусім, давай падманем, абвядзём вакол пальца абхаскае грамадзтва, якое вось-вось павінна рэагаваць на рашэньне парлямэнту Абхазіі.
— Сапраўды, у пацьверджаньне вашых слоў прывяду цытату Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што «мы нікому дрэнна не робім — ніводнаму боку, ні грузінам. Мы прыехалі з дабром», што б гэта ні значыла.
— Так, таму што, каб прызнаць, нічога ня можа перашкодзіць Лукашэнку — што яму (перашкаджае) гэта зрабіць. Але гэта, па-першае, будзе ня самае лепшае рашэньне ў ягоным жыцьці, таму што на яго глядзяць усе лідэры СНД — так разбазарваць землі былых рэспублік Савецкага Саюзу не прынята, пакуль ніхто не дазваляў сабе такога на постсавецкай прасторы, гэта быў першы крок, і як на гэта паглядзяць тыя ж цэнтральна-азіяцкія краіны, Казахстан...
Потым гэта ня самы лепшы варыянт. Таму, я думаю (хоць я не выключаю і самы дурны і недальнабачны крок — прызнаньне незалежнасьці Абхазіі), што гэта большая частка гульні, чым нейкае тапорнае рашэньне прызнаньня або непрызнаньня. Калі б хацелі прызнаць, і так прызналі б. Яны хочуць тым самым падмануць і неяк зрабіць упакоўку, як быццам нешта можа адбыцца, калі ўсё будзе ў парадку; мне здаецца, такі падыход. Потым, вельмі важна, якімі будуць потым ацэнкі ўжо. Цяпер скончылася сустрэча, як я ведаю, і яны пачалі ў больш закрытай прасторы размаўляць, але так ці інакш нейкія чуткі пойдуць, бо для абхаскага грамадзтва вельмі важна, што адбываецца ў гэтай галіне.
Ня ведаю, наколькі для іх больш важнае прызнанае незалежнасьці Беларусьсю, чым забіраньне тэрыторыі ад Абхазіі. Таму што Лукашэнка, у адрозненьне ад Пуціна, у любым выпадку сыдзе, і ў любым выпадку Беларусь будзе дэмакратычнай, і ў любым выпадку адной зь першых краін, якая назад забярэ прызнаньне незалежнасьці Абхазіі, хутчэй за ўсё, будзе Беларусь, чым Сырыя, Вэнэсуэла ці Нікарагуа.
— І, тым ня менш, да гэтага часу ў гэтым пытаньні Аляксандар Лукашэнка пасьпяхова манэўраваў. Ён выказваўся камплімэнтарна пра Міхаэла Саакашвілі, нават калі ў прэзыдэнта Грузіі былі вельмі дрэнныя адносіны з Масквой і з Уладзімірам Пуціным. Ён здолеў выбудаваць адносіны і з «Грузінскай марай». Грузінскі ўрад не далучыўся да заходніх санкцый пасьля жорсткага задушэньня антыўрадавых выступаў у Беларусі ў 2020 годзе. Гэта значыць, Аляксандар Лукашэнка ніколі не ішоў сьлепа ў фарватэры Крамля. Што зьмянілася зараз?
— Украінскае пытаньне. Пасьля Ўкраіны, калі Лукашэнку прыйшлося, каб захаваць уладу, цалкам пагадзіцца з пазыцыяй Расеі... Хаця ня цалкам, таму што Лукашэнка і там выкручваецца — як ні круці, ён увесь час праводзіць нейкія вучэньні, але ніяк не ўключаецца ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны (маецца на ўвазе беларускае войска), хоць тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца.
Тое ж самае ў адносінах да Грузіі — ён выкручваўся, таму што добра ведае, што, калі пяройдзе нейкія чырвоныя рысы, у яго ніякай падтрымкі ўжо ў сьвеце ня будзе і сярод блізкіх краін, якія больш-менш трывалі адносіны з Лукашэнкам. Ён цалкам стане ізгоем. Таму ён нават зараз у сваёй рыторыцы выкручваўся. Але той факт, што ён прыехаў на тэрыторыю, якая міжнародным правам прызнана тэрыторыяй Грузіі, і ў яго добрыя дыпляматычныя адносіны з Грузіяй (ён прыяжджаў у Тбілісі, яго добра прымалі, ён прымаў прэзыдэнтку Грузіі ў Менску і ўвесь час падкрэсьліваў добрыя адносіны з Тбілісі), і ў гэты час прыяжджае на тэрыторыю, якая міжнародным правам і грузінскім заканадаўствам лічыцца акупаванай Расеяй, — гэта, вядома, абуральны крок і вялікі выклік для Беларусі, у першую чаргу таму, што Грузія ад гэтага мала што прайграе.
Самы галоўны выклік для Грузіі, экзыстэнцыйны выклік быў у 2008 годзе, калі Расея прызнала незалежнасьць Абхазіі. З таго часу і Вэнэсуэла, і Нікарагуа, і Сырыя прызнавалі, але гэта другарадна. Усе разумелі, што ніводнай з гэтых краін Абхазія не патрэбна — патрэбна Расея. Адпаведна, на гэтым фоне Беларусь будзе ў адным з гэтых шэрагаў.
Але затое якія плюсы атрымае Беларусь ад гэтага і якія мінусы? Ён лічыць, ён узважвае, я думаю, і многія ўзважваюць. Я думаю, што беларускі народ яшчэ больш стане дыстанцыявацца ад сваіх уладаў, і Лукашэнка зразумее, што ад гэтага плюсаў амаль няма ніякіх, а мінусаў — цэлыя тоны будуць. Таму ён будзе яшчэ сто разоў вымяраць і там потым рэзаць. Таму, я думаю, што, хаця не выключаю, што ён у выніку вымушаны будзе прызнаць незалежнасьць Абхазіі, гэта яму абсалютна не патрэбна ніяк. Гэта трэба Расеі. Але Расеі больш зараз трэба не прызнаньне, а Піцунда, таму сустракаюцца ў Піцундзе, а не ў Сухумі. У Сухумі павінны былі сустракацца яны ў гальштуках і афіцыйна, а яны сустракаюцца на лецішчы, якое ўжо амартызаванае і нават развальваецца, як кажуць, і трэба яго рамантаваць. То бок гэта відавочна сымбалічны крок: «Аддайце, хлопцы, мірна гэты піцундзкі комплекс».
— Што ў гэтай сытуацыі могуць ці павінны рабіць улады Грузіі?
— Ну правільна, што выклікалі амбасадара Беларусі, і вельмі строгая, хутчэй за ўсё, была размова. І я думаю, што будуць далейшыя — на міжнародным узроўні, на ўзроўні ААН, на ўзроўні ўсіх тых арганізацый, у якія Беларусь уключаная, усюды грузінская дыпляматыя павінна папрацаваць, на што падобныя паводзіны Беларусі, і каб супраць яе іншыя краіны выступалі і неяк уключыліся. Я думаю, што ўключыцца Эўрапейскі Зьвяз, АБСЭ і розныя краіны, каб перасьцерагчы, што ад гэтага ня так прайграе Грузія, як прайграе Беларусь, і яны гэта разумеюць добра. Грузія ўжо прайграла ў 2008 годзе прызнаньнем Расеі — усё астатняе ўжо другараднае.
А для Беларусі вось зараз надыходзіць экзыстэнцыйны момант: пяройдзе гэтую чырвоную рысу ці не. Вядома, калі ў Беларусі паўстане выбар: альбо вайна ва Ўкраіне, альбо прызнаньне незалежнасьці Абхазіі, калі Расея так паставіла ўмову перад Лукашэнкам, — вядома, ён выбера лягчэйшы шлях, як прызнаньне незалежнасьці Абхазіі. І з гэтага боку ў яго таксама будуць праблемы. Хоць, вядома, калі ён уцягнецца ў вайну ва Ўкраіне, то гэта, вядома, для Беларусі будзе яшчэ горш. Ад гэтага Беларусь ніяк не выйграе, і мне вельмі шкада, што гэты чалавек так мучыць свой народ.