Летась Беларусь экспартавала ў Расею тавараў на 16,3 мільярда даляраў, гэта 40,7% ад усяго экспарту за гэты год. Расея таксама асноўны крэдытор Беларусі. Цяпер улады закрылі статыстыку па зьнешнім доўгу. Таксама Беларусь набывае ў Расеі стратэгічныя нафту і газ. Расея ж купляе прадукцыю беларускай прамысловасьці: трактары, аўтобусы, грузавікі.
Але ці можа беларуская эканоміка жыць без Расеі? Разьбіраемся.
Калі не сыходзіць ад Расеі
Калі Беларусь ня будзе сыходзіць ад Расеі, то эканоміка «будзе стагнаваць», лічыць Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік Beroc , незалежнага акадэмічнага цэнтру ў галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі.
«Сапраўды, беларуская эканоміка завязаная на Расею. У Расеі галоўныя гандлёвыя партнэры, у фінансавай сфэры шмат расейскіх грошай у Беларусі, яны — асноўныя крэдыторы. Гэта лягічна, бо гэта вялікая эканоміка. Цяпер у Беларусі няма добрых опцый — калі не сыходзіць ад Расеі, то ня зможам у нармальным аб’ёме ўзнавіць адносіны з Эўропай і Ўкраінай. Але Расея ня будзе эканамічна расьці з прычыны санкцый, з прычыны вайны. Эканоміка Расеі будзе стагнаваць, а гэта значыць, будзе стагнаваць і беларуская», — кажа Леў Львоўскі.
Калі сыходзіць ад Расеі
Рэзкі сыход ад расейскай эканомікі можа прывесьці да эканамічнага шоку, тлумачыць Леў Львоўскі.
«Адразу будзе складана замясьціць долю Расеі іншымі партнэрамі, таму ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе значны эканамічны шок. Мы такое бачылі на прыкладзе Ўкраіны, бо яны таксама былі значнымі партнэрамі да 2014 году. Тады Ўкраіна рэзка разарвала эканамічныя сувязі з Расеяй, і назіралася сур’ёзнае, двухзначнае падзеньне ВУП. Аднак пэрспэктывы ў беларускай эканоміцы пры такіх умовах будуць лепшыя, Беларусь будзе будаваць адносіны з краінамі, у якіх эканоміка разьвіваецца. Тады праз пэўны час можна выйсьці на лепшыя паказчыкі, чым да адыходу ад Расеі», — кажа Леў Львоўскі.
Які варыянт ідэальны?
Калі б Беларусь сыходзіла ад Расеі павольна — гэта быў бы найлепшы варыянт. Такая магчымасьць у Беларусі была пачынаючы з 2019 году, пра гэта гаворыць Леў Львоўскі.
«Добры прыклад — гэта Казахстан, які асабліва ніколі не сварыўся з Расеяй, але, зь іншага боку, яны больш за 10 гадоў павольна адвязваюцца ад Расеі і праводзяць паступовую дывэрсыфікацыю. У Беларусі ўжо няма такога добрага варыянту. Беларусь ня зможа нармальна разьвіваць адносіны з заходнімі партнэрамі і з Украінай, калі будзе падтрымліваць цесныя сувязі з Расеяй. Сьвет стаў больш чорна-белым пасьля пачатку вайны, цяпер у гандлёвых партнэраў будуць узьнікаць пытаньні. Асобныя карпарацыі дзеля свайго іміджу сыходзілі з Расеі, а цяпер так будзе з цэлымі краінамі», — тлумачыць Леў Львоўскі.
А што з нафтай і газам?
Расея — асноўны пастаўшчык у Беларусь нафты і газу, але калі раней нафта Беларусі была патрэбная, каб прадаваць нафтапрадукты ў ЭЗ і Ўкраіну, то цяпер гэта немагчыма.
«Беларусь атрымлівала выгаду, бо набывала танную нафту і прадавала нафтапрадукты па рынкавых цэнах. Калі Беларусь застанецца ў зьвязцы з Расеяй, то ЭЗ ня будзе набываць беларускія нафтапрадукты і далей. Значная частка спажываньня газу — гэта вялікая частка неэфэктыўных вытворчасьцяў, якія выжываюць дзякуючы нізкай цане на газ. У сьвеце газ ёсьць, і можна наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі, магчыма, па вышэйшых цэнах. Выйсьце тут простае — мадэрнізацыя прадпрыемстваў. Яны павінны быць канкурэнтаздольнымі ня дзякуючы нізкім цэнам на газ», — кажа Леў Львоўскі.
Як быць з вытворчасьцю
Расея — адзін з асноўных пакупнікоў прадукцыі беларускай вытворчасьці: МАЗы, БелАЗы, ровары ды іншае.
«Некаторыя тавары будуць запатрабаваныя. Напрыклад, Беларусь прадае прадукты дрэваапрацоўкі ў Расею, у ЭЗ таксама зацікаўленыя ў беларускай дрэваапрацоўцы. У ЭЗ больш высокамаржынальны рынак. Што тычыцца БелАЗаў, то гэта канкурэнтаздольны прадукт на сусьветным рынку. З МАЗамі ёсьць праблемы, але, магчыма, з той прычыны, што МАЗ знаходзіцца не ў канкурэнтаздольным асяродзьдзі — маўляў, у Расеі ўсё адно набудуць», — разважае Леў Львоўскі.
Ён падкрэсьлівае, што такая пераарыентацыя можа адбыцца толькі пры зьмене ўлады, бо цяперашнія беларускія ўлады на зьмены ня пойдуць.