Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпыніць сяброўства Расеі ў Радзе бясьпекі ААН — афіцыйная пазыцыя Эўразьвязу


 Старшыня Рады Эўразьвязу Шарль Мішэль падчас візыту ва Ўкраіну, Кіеў, 20 красавіка 2022
Старшыня Рады Эўразьвязу Шарль Мішэль падчас візыту ва Ўкраіну, Кіеў, 20 красавіка 2022

Заклікаўшы прыпыніць сяброўства Расеі ў Радзе бясьпекі ААН, кіраўнік Рады ЭЗ Шарль Мішэль выступіў ад імя ўсіх краін Эразьвязу, заявілі ў зьнешнепалітычнай службе ў Брусэлі.

Пра гэта паведамляе DW.

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, выступаючы на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН 23 верасьня, заклікаў прыпыніць сяброўства РФ у Радзе бясьпекі ААН. «Калі сталы чалец Рады бясьпекі ААН пачынае несправакаваную і нічым не апраўданую вайну, вайну, асуджаную Генэральнай асамблеяй ААН, — прыпыненьне яго сяброўства ў Радзе бясьпекі ААН павінна быць аўтаматычным», — заявіў Мішэль.

Расея дыскрэдытаваная як сталы чалец Рады бясьпекі ААН, заявіў сёньня афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана на брыфінгу ў Брусэлі. Паводле яго, пачынаючы нават ня зь лютага 2022 году, а з моманту анэксіі Крыму і забурэньняў на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе, Расея паказвае, што не зьяўляецца адказным чальцом міжнароднай супольнасьці.

«Пасьля нядаўніх пагрозаў ужыць ядзерную зброю Расея цалкам дыскрэдытавала сябе як сталы чалец Рады бясьпекі ААН, — падкрэсьліў ён. — Бо на сталых чальцах гэтай Рады ляжыць абавязак і адказнасьць задаваць напрамак, у якім рухаецца сьвет, вызначаць, будзе ў ім панаваць мір — або вайна і зьнявага статуту ААН».

Пэтэр Стана адзначыў, што Шарль Мішэль, які ўзначальвае Раду ЭЗ, выступіў з заклікам прыпыніць сяброўства РФ у Радзе бясьпекі ААН ад імя ўсіх краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.

Сярод пяці сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН пасьля «Брэксыту» засталася толькі адна краіна, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, — Францыя. Астатнія дзяржавы-чальцы Рады — Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай і Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG