24 верасьня на першым паверсе цэнтру праходзіла мерапрыемства з удзелам 12-гадовай расейскай блогеркі і мадэлі Міланы Хаметавай, дзе прысутнічала, паводле СК, «некалькі тысяч чалавек, пераважна непаўналетнія».
«У 14 гадзін 18 хвілін у службу выратаваньня паступіла паведамленьне аб захраслых людзях у кабіне ліфта, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Сьледчага камітэту. — Устаноўлена, што пры выкарыстаньні ліфта паміж першым і цокальным паверхам адбыўся экстраны прыпынак кабіны з прычыны перагрузкі, дзе пачалася цісканіна. Там знаходзіліся больш за 15 чалавек пры дапушчальнай норме ня больш за 13 чалавек. Супрацоўнікамі МНС аказана неабходная дапамога. Міліцыяй забясьпечаныя ахова грамадзкага парадку і бясьпечныя маршруты выхаду з будынка».
«Па мэдычную дапамогу зьвярнуліся пяцёра малалетніх дзяцей. Цяпер ім аказваецца мэдычная дапамога. Сур’ёзных траўм у выніку цісканіны атрымана не было. Жыцьцю і здароўю дзяцей нічога не пагражае», — заяўляюць у СК.
Таксама ў паведамленьні гаворыцца, што на месцы здарэньня працуюць сьледчыя, «фіксуецца сьледавая карціна», дасьледуюцца «абставіны траўмававаньня дзяцей».
У Dana Mall праходзіў выступ расейскай блогеркі і выканаўцы папулярных у расейскамоўным сэгмэнце сацыяльных сетак песень 12-гадовай Міланы Хаметавай.
СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што ў адзін з ліфтаў зайшло надзвычай шмат пасажыраў, у выніку чаго ён упаў з вышыні другога паверху.
Каля 15.30 прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што на здарэньне выехалі адна рэанімацыйная і чатыры лінейныя брыгады хуткай дапамогі. Было заяўлена аб «экстраным спыненьні кабіны» з прычыны «перагрузкі ліфтавай сыстэмы».
«Каля 20 чалавек, якія знаходзіліся ўнутры, адразу ж пасьля таго, як былі адчыненыя дзьверы кабіны, атрымалі дапамогу спэцыялістаў хуткай мэдычнай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэньня. Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер усе пацярпелыя аглядаюцца мэдыкамі і тым, каму гэта было неабходна, аказваецца мэдычная дапамога», — паведамілі раней у Міністэрстве аховы здароўя.