Ала Пугачова — чалавек надзвычай тонкай інтуіцыі, яна як ніхто адчувае свой народ, настроі, якія пануюць у грамадзтве, а таксама тое, чым канчаюцца палітычныя крызісы.
Палітычны анэкдот брэжнеўскай эпохі, які ёй заўсёды падабаўся:
У школьніка ў ХХІ стагодзьдзі спыталі: «Хто такі Брэжнеў?»
— Ды гэта дробны палітычны дзеяч эпохі Алы Пугачовай.
У гады застою з гэтага жарту сьмяяліся на кухнях, а вось падчас перабудовы і пазьней яго час ад часу публічна агучвала і сама артыстка.
Сёньняшняй моладзі цяжка ўявіць, якой была слава і папулярнасьць Пугачовай у другой палове 70-х і ў 80-я гады. Перапоўненыя стадыёны ў любым горадзе СССР, куды яна прыяжджала. Мільённыя наклады пласьцінак. Выступы на самых прэстыжных канцэртах. Песьні, якія гучалі на тысячах танцпляцовак ва ўсіх кутках Савецкага Саюзу.
Аднаго разу, улетку 1989-га, мне давялося ўдзельнічаць у досыць невялікай прэсавай канфэрэнцыі Пугачовай — калі яна прыяжджала з канцэртамі ў Менск. Добра памятаю агульнае ўражаньне ад таго, як яна сябе паводзіла, што казала. Ужо тады гэта была ўпэўненая ў сабе асоба, якая добра ведае сабе цану, без усялякіх рэвэрансаў у бок высокага начальства, у яе стаўленьні да савецкай рэчаіснасьці выразна былі бачныя кепска прыхаваны нігілізм і фронда.
Якая ж яна «народная», калі не сьпявае пра Леніна?
Нягледзячы на фэнамэнальны посьпех, з боку партыйна-савецкіх бонзаў да асобы Пугачовай заўсёды было вельмі стрыманае стаўленьне. Магчыма, «дарагому Леаніду Ільічу» пераказалі крыўдны для яго анэкдот (а можа, і зь якой-небудзь іншай прычыны), але Крэмль вельмі доўга абдзяляў узнагародамі ўсенародна любімую сьпявачку. Пры ім Пугачова атрымала толькі званьне заслужанай артысткі РСФСР (1980). І гэта пры ейнай нечуванай усенароднай славе.
Пазьней, пры Чарненку, на пачатку 1985-га, яе зрабілі «народнай артысткай РСФСР», але званьне «народнай СССР» упарта і доўга не давалі.Чыясьці рука ў Крамлі ўвесь час выкрэсьлівала яе прозьвішча з адпаведных сьпісаў. І заўсёды знаходзіліся абгрунтаваньні. Яна, і праўда, не сьпявала ні пра Леніна, ні пра партыю, ні пра камсамол. Была незалежная ў меркаваньнях: магла недзе ў кампаніі востра выказацца Але галоўная прычына, выглядае, была ў рэўнасьці — да ейных славы, вядомасьці, посьпеху. І гэта працягвалася вельмі доўга.
Народнай артысткай СССР Ала Пугачова стала 20 сьнежня 1991 году, за некалькі дзён да скананьня Савецкага Саюзу. Гэта быў адзін з апошніх указаў, падпісаных Гарбачовым. І Пугачова пра гэта ніколі не забывала. Сёлета, калі Гарбачоў памёр, прыехала разьвітацца зь ім. І напісаныя ёю на разьвітаньне словы — вельмі красамоўныя:
«Даўно я так ня плакала. Сышла эпоха, у якой мы здабылі свабоду, перасталі быць „Імпэрыяй зла“ для ўсяго сьвету і зьнік страх за будучыню нашых дзяцей. І галоўнае. Гарбачоў адрынуў гвалт як спосаб палітыкі і ўтрыманьня ўласнай улады...»
Заслугі «чацьвёртай ступені»
Як ні дзіўна, на працягу ўсіх постсавецкіх дзесяцігодзьдзяў супярэчлівае стаўленьне кіроўнага крамлёўскага рэжыму да славутай сьпявачкі захавалася, і гэтак жа, як у СССР, выразна адбівалася ў выглядзе гісторый з адзначэньнем яе дзяржаўнымі ўзнагародамі.
У 1999 годзе Ельцын, уручаючы ёй ордэн «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступені, нават прасіў прабачэньня, што ня першай: маўляў, першая прызначана толькі для кіраўнікоў дзяржаў.
Пры Пуціну ўсё зьмянілася: гэтым жа ордэнам першай ступені ён адзначыў многіх дзеячоў культуры — і Міхалкова, І Кабзона, і Дароніну... Толькі не Пугачову. Пугачовай у 2009 годзе Мядзьведзеў уручыў ордэн ІІІ ступені, а Пуцін у 2014 — самай нізкай (чацьвёртай). У 2019-м, да 70-годзьдзя, Пугачова ўвогуле ніякага ордэна ад Пуціна не атрымала.
На працягу ўсіх постсавецкіх дзесяцігодзьдзяў і ва ўсіх постсавецкіх краінах Ала Пугачова заставалася жывым сымбалем савецкай эпохі. Сымбалем прывабным, прыцягальным, настальгічным, паколькі добрая палова насельніцтва колішняга СССР зьвязвае з гэтым імем і гэтым вобразам свае найлепшыя ўспаміны маладосьці. Таму і Лукашэнка гэтак любіў прыхінуцца да ейнай славы, водбліскі якой у такія моманты падалі і на яго.
Цукеркі ад Лукашэнкі
У 2019-м, напярэдадні 70-годзьдзя Пугачовай, Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджаньні яе ордэнам Дружбы народаў (далёка ня самым высокім і ганаровым у пераліку беларускіх ордэнаў). Меркавалася што ўручыць яго асабіста, падчас вялікага канцэрту Пугачовай у Менску. І тут стала вядома, што ад Пуціна сьпявачка ніякага ордэна не атрымала.
Ала Пугачова ў лістападзе 2019 году прыляцела ў Менск, канцэрт дала. А Лукашэнка, спаслаўшыся на занятасьць, на гэты канцэрт не прыйшоў. Замест яго прыйшла Качанава. Сказала са сцэны, што ордэн ёй уручаць пазьней, у беларускай амбасадзе ў Маскве. А ад Лукашэнкі ў падарунак перадала каробку шакалядных цукерак (Істотная дэталь: Ала Пугачова з 2006 года хварэе на цукровы дыябэт і салодкага ня есьць).
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне яна доўга, красамоўна і гучна маўчала. Але тое, што яна перапыніла гэтае маўчаньне і даволі адназначна выказалася — дрэнны знак для расейскай (як і для беларускай) улады. Яна — чалавек надзвычай тонкай інтуіцыі, як ніхто адчувае свой народ і настроі, якія пануюць у грамадзтве. У іншым выпадку яна ня стала б кумірам мільёнаў. Сьпявалі многія, але такую славу ў СССР здабыла толькі яна.
Вось тэкст Пугачовай, які нарабіў гэтулькі шуму ў Расеі і на ўсёй постсавецкай прасторы. Зьвяртаючыся да расейскага Мін’юста, Пугачова піша:
«Прашу залічыць мяне ў шэрагі інаагентаў маёй любімай краіны, бо я салідарная са сваім мужам, сумленным, прыстойным і шчырым чалавекам, сапраўдным і непадкупным патрыётам Расеі, які зычыць Радзіме росквіту, мірнага жыцьця, свабоды слова і спыненьня гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, якія робяць нашу краіну ізгоем і абцяжарваюць жыцьцё нашых грамадзян».
Гэта як у Беларусі яна напісала б заяву да ўладаў з просьбай уключыць яе ў сьпіс экстрэмістаў — усьлед за мужам.
Тут самі сабой напрошваюцца і больш далёкія гістарычныя паралелі — з жонкамі дзекабрыстаў, якія дзеля сваіх мужоў ахвяравалі дабрабытам, багацьцем, уласным лёсам — і ехалі ў ссылку ў Сібір. На чыім баку тады былі сымпатыі большасьці расейскага грамадзтва?
Дзяржаўная прапаганда ў Беларусі на мужны грамадзянскі ўчынак Алы Пугачовай пакуль не адклікнулася. У афіцыйных выданьнях перадрукоўваюцца сьціслыя нэўтральныя паведамленьні з расейскіх агенцыяў. Зрэшты, зразумела, што пасьля сваіх слоў пра «гвалт як спосаб утрыманьня асабістай улады» і пра «ілюзорныя мэты» вайны ва Ўкраіне ні на ордэн, ні нават на цукеркі ад Лукашэнкі Ала Пугачова болей разьлічваць ня можа.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.