Чарга з жадаючых ускласьці кветкі і разьвітацца з апошнім генэральным сакратаром ЦК КПСС выстраілася ад Вялікага тэатра.
«Интерфакс» паведамляе, што на цырымонію прыехаў намесьнік старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзведзеў.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, як паведаміў яго прэс-сакратар Дзьмітры Пяскоў, ня зможа прысутнічаць на пахаваньні, бо паляцеў у Калінінград у адпаведнасьці з працоўным графікам. Пуцін нібыта разьвітаўся зь Міхаілам Гарбачовым у моргу.
Зь лідараў краін Захаду цырымонію плянуе наведаць толькі прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, паведамляе AFP. Іншыя эўрапейскія краіны раней заявілі, што не адправяць прадстаўнікоў сваіх урадаў на пахаваньне Міхаіла Гарбачова. Іх будуць прадстаўляць амбасадары і іншыя дыпляматы.
Дзярждэпартамэнт ЗША ў пятніцу паведаміў, што Злучаныя Штаты на разьвітаньні з Гарбачовым будзе прадстаўляць амбасадар у Маскве Джон Саліван.
Пасьля цырымоніі разьвітаньня Міхаіла Гарбачова пахаваюць на Новадзявочых могілках.