Пэнсіянэру зь Нясьвіжа прысудзілі 6 гадоў калёніі і звыш 33 тысяч рублёў штрафу
Суд Ленінскага раёну Горадні 1 верасьня разгледзеў крымінальную справу 70-гадовага пэнсіянэра зь Нясьвіжа Васіля Дземідовіча. Яго абвінавацілі ў абразах прадстаўніка ўлады, судзьдзі, Лукашэнкі і масавых беспарадках, паведамляе «Вясна».
Крымінальныя артыкулы, паводле якіх судзілі Дземідовіча:
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
- арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля);
- ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі);
- ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта).
Справу разглядаў судзьдзя Юры Казакевіч.
Прычынай для затрыманьня Дземідовіча сталі, сярод іншага, некаторыя з камэнтароў, якія ён пакінуў у інтэрнэце: «Пакуль рабочага руху няма», «Трэба ўсеагульны страйк ва ўсёй краіне», «Чакаю на Беларусі ўзброеныя сілы NATO», «Зноў чарговы калхазан і ябацька», «долбаны маскаль».
Раней Дземідовіч прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях пратэсту.
Падчас допыту абвінавачаны сказаў, што раскайваецца і шкадуе аб зробленым. Таксама дадаў, што ўсяму віной лічыць эмоцыі, якім ён паддаўся, паверыўшы інфармацыі, разьмешчанай на «дэструктыўных» рэсурсах.
У выніку Васілю Дземідовічу прысудзілі 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь, што складае 1600 рублёў.
З абвінавачанага таксама спагналі на карысьць пацярпелых грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.
У Горадні судзяць стаматоляга-артапэда за абразу Лукашэнкі і захоўваньне зброі
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 19 верасьня пачаўся разгляд справы стаматоляга-артапэда мэдыка-санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандра Дураева.
Лекара абвінавачваюць:
- у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369);
- абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 арт. 368 і ч. 2 арт. 367);
- незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу).
Судовы працэс вядзе Віталь Лабоцкі.
Дураева затрымалі сёлета на пачатку студзеня — сама меней 8 сілавікоў уварваліся ў дом да стаматоляга, паклалі яго тварам у падлогу. На пытаньне, якое дачыненьне ён мае да пратэставай дзейнасьці, Аляксандар адказаў «абсалютна ніякага», паведамляе «Вясна».
На відэа ператрусу дома Аляксандра на канале ГУБАЗіК паказалі пісталет і патроны. Горадзенец растлумачыў, што патроны ён прывёз з Манголіі, яны ў яго захоўваюцца з 1990 году. У відэа Аляксандар Дураеў сказаў, што яго затрымалі за абразу ў сацсетках службовых асоб і прэзыдэнта.
Да суду лекара ўтрымлівалі ў Горадзенскай турме № 1.
У першы дзень працэсу стала вядома, што Дураева абвінавачваюць і ў незаконных дзеяньнях у дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу).
Aдзін з найстарэйшых беларускіх панкаў выйшаў на волю
Віктар «Мао» Жаркевіч 18 верасьня выйшаў на волю пасьля «сутак». Панк-рок-музыку затрымалі 5 верасьня ў Менску.
На наступны дзень на праўладных тг-каналах зьявілася відэа, на якім Віктар трымае ў руках дзьверы ад халадзільніка, залепленыя пратэставымі стыкерамі — з бела-чырвона-белымі сьцягамі і з анархісцкімі лёзунгамі, на галаве мужчыны чырвоная каска з «Пагоняй», рукі — у кайданках.
Дзьверы халадзільніка мужчыну прымусілі самога цягнуць да аддзяленьня.
Жаркевічу 49 гадоў, ён вядомы як адзін з найстарэйшых беларускіх панкаў. Пасьля арышту ён без дакумэнтаў і тэхнікі.
На волю выйшаў лідэр гурту «Mister X»
Ігар Банцэр адбыў прызначанае судом пакараньне і выйшаў на волю. Пра гэта паведамілі ягоныя сваякі. Па іх словах, цяпер Банцэр «знаходзіцца ў цяжкім маральным і фізычным стане».
У суме ён правёў за кратамі 45 дзён за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праваабаронцу з Мазыра зноў арыштавалі
Судзьдзя суду Мазырскага раёну Буглак 19 верасьня разглядала адразу тры адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да Ўладзімера Целепуна. Пратаколы былі складзены паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за спасылкі на публікацыі «Белсату», Радыё Свабода і «Страны для жизни», пакінутыя ім у сацыяльных сетках у 2021 годзе. Целепуна арыштавалі на 15 дзён. Раней у гэтым месяцы ён ужо адседзеў 10 сутак за рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайту «Палеская Вясна».