Пра затрыманьне журналіста «Прессбола» Андрэя Ільені паведаміў у сваім тэлеграм-канале спартовы аглядальнік Мікалай Іваноў.
Паводле ягонай інфармацыі, Ільеню затрымалі 14 верасьня і арыштавалі на 10 дзён, за што — невядома.
Ільеня працуе камэнтатарам на матчах чэмпіянату Беларусі і камэнтуе на беларускай мове.
Мазырскага праваабаронцу Ўладзімера Целепуна, меркавана, ізноў затрымалі
16 верасьня а 18-й гадзіне праваабаронцу выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і ня выйшаў, паведамляе «Вясна».
Вядома, што праваабаронцу выклікалі для «падпісаньня выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў». Справа ў тым, што над праваабаронцам 12 і 13 верасьня праходзіў суд, падчас якога высьветліліся нестыкоўкі ў пратаколах: да прыкладу, пратакол апытаньня быў датаваны днём раней, чым пратакол аб самім адміністрацыйным правапарушэньні. Таму судзьдзя накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Целепуна на дапрацоўку, а пасьля рашэньня суда праваабаронцу выпусьцілі. На тым пасяджэньні праваабаронцу стала дрэнна – і яму выклікалі хуткую дапамогу.
Агулам супраць Уладзіміра раней склалі чатыры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Целепуна затрымалі 3 верасьня і затым асудзілі на 10 сутак арышту.
Палітвязьню Арсенію Дзядку прысудзілі тры гады «хіміі»
Судзьдзя Марына Фёдарава прызнала Дзядка вінаватым па 342-м артыкуле КК (у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх), піша «Наша Ніва».
19-гадовы Арсені Дзядок — моладзевы актывіст. Яго затрымалі 20 красавіка 2022 году і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску. На праўладных тэлеграм-каналах неўзабаве зьявілася «пакаяльнае» відэа з хлопцам, дзе ён кажа, што нібыта «браў удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году», а таксама «праходзіў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».
Арсенія Дзядка неаднаразова затрымлівалі, апошні раз яго схапілі падчас акцыі пратэсту ў Менску 14 ліпеня 2020 году. Ва ўзросьце 17 гадоў Арсеній зазнаў перасьлед з боку камісіі ў справах непаўналетніх за ўдзел у акцыях пратэсту.
Затрыманьні генэтыкаў з Акадэміі Навук
Як паведамляе тэлеграм-канал Свабоднага прафсаюзу, з пачатку верасьня ў Інстытуце генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі адбываюцца затрыманьні.
Так, 5 верасьня быў затрыманы малодшы навуковы супрацоўнік інстытута — Аляксандар Кандрацюк. Спачатку суд Першамайскага раёну Менску арыштаваў яго на 13 дзён, а потым яго перазатрымалі паводле арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці ці варажнечы).
14 верасьня сілавікі затрымалі іншага супрацоўніка — Яўгена Сысаляціна. Цяпер яго ўтрымліваюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Учора сілавікі зноў прыяжджалі ў інстытут. Вядома, што адну з супрацоўніц міліцыянты адвозілі на «гутарку» і запісалі з жанчынай відэа.
Затрымалі ўладальніка менскага рэстарана-клюба «Мулен Руж»
Сілавікі сьцьвярджаюць, што ён падтрымліваў «пратэставую дзейнасьць» і ўдзельнічаў у ёй, паведамляе «Эўрарадыё» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
Таксама сілавікі выклалі відэа, дзе паказана фота бюлетэня для галасаваньня з голасам за Сьвятлану Ціханоўскую.
Як піша «Наша Ніва» затрыманы — 55-гадовы Бахшы Ганбараў. Ён прыехаў у Менск у 1984 годзе. Прыехаў вучыцца, але застаўся жыць у Беларусі. У савецкі час працаваў на заводзе.
У 90-я гады сышоў у бізнэс. Пачынаў з гандлю садавіной на рынку. Потым адкрыў рэстаран азэрбайджанскай кухні, заняўся будаўніцтвам, істотна пашырыў свой бізнэс. А больш як 10 гадоў таму адкрыў «Мулен Руж», што на Кальварыйскай, 1 – каля мэтро «Фрунзэнская».
Ганбараў — актывіст азэрбайджанскай дыяспары ў Беларусі. Нават узначальваў суполку азэрбайджанцаў у Менску, якая называецца «Габустан».
15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі «рэйкаваму партызану» зь Віцебску
Віцебскі абласны суд 16 верасьня вынес прысуд па крымінальнай справе аб «наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) і аб «падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня акта тэрарызму і наўмыснага прывядзеньня ў непрыдатны стан сродкаў сувязі» (арт. 289 КК). Абвінавачаны — палітвязень Сяргей Канавалаў. Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў судзьдзя Яўген Буруноў, паведамляе «Вясна».
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сыгналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 году за «падрыхтоўку акту тэрарызму». Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта плянаваў вывядзеньне са строю сыстэм, якія забясьпечваюць бясьпеку чыгуначнага руху.
7 ліпеня КДБ унёс Сяргея ў «сьпіс тэрарыстаў».
Судзьдзя Буруноў прысудзіў Канавалаву 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.
У Гомлі затрымалі інжынэра па тэхніцы бясьпекі
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Аляксандра Прахарэнку інкрымінуюць арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) і арт. 391 КК (абраза судзьдзі).