Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мог здарыцца гістарычны кур’ёз».  Як мастак Дабужынскі прапаноўваў зрабіць бела-чырвона-белы сьцяг дзяржаўным сьцягам Літвы


Бела-чырвона-белы сьцяг. Ілюстрацыйнае фота
Бела-чырвона-белы сьцяг. Ілюстрацыйнае фота

19 верасьня 1991 году бела-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь. У суседняй Літве на той момант уласны, адрозны ад камуністычнага дзяржаўны жоўта-зялёна-чырвоны сьцяг выкарыстоўваўся як дзяржаўны ўжо больш за два гады.

Аднак усё магло быць іначай, а бела-чырвона-белы сьцяг меў значныя шанцы стаць дзяржаўным і для Літвы.

Як гэта магло здарыцца, у размове са Свабодай расказаў сацыёляг, супрацоўнік Інстытуту «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі. Асноўнай дзейнай асобай гэтай гісторыі зьяўляецца ўраджэнец расейскага Ноўгараду Мсьціслаў Дабужынскі, які пасьля атрыманьня Літвой незалежнасьці стаў вялікім патрыётам маладой дзяржавы.

«Час, калі новыя дзяржавы стваралі сабе сымболіку»

«Гэта вядомы мастак, ён паходзіў зь літоўскай шляхецкай сям’і, — расказвае Аляксей Ластоўскі пра Дабужынскага. — Ён нарадзіўся ў Расеі, але для яго заўжды было важнай радзіма продкаў, Вялікая Літва. У дзяцінстве Дабужынскі шмат часу правёў у Вільні, а пасьля рэвалюцыі нават нейкі час быў дырэктарам мастацкай вучэльні ў Віцебску, перад Маркам Шагалам. Пасьля перабраўся ў Ковенскую Літву. Яму здавалася, што гэта месца, дзе ён можа адчуваць сябе на Радзіме, можа інтэгравацца ў грамадзтва».

У Коўне Мсьціслаў Дабужынскі займаўся пераважна дызайнам тэатральных пастановак, ствараў дэкарацыі. Ідэя стварыць для літоўскай дзяржавы новы сьцяг у яго зьявілася падчас працы над абноўленай выявай дзяржаўнага герба Літвы ў 1929 годзе.

«Гэта быў час, калі новым дзяржавам даводзілася ствараць сваю сымболіку, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Выявілася, што трэба тэрмінова вырашаць пытаньне зь дзяржаўнымі сымбалямі. Першая сусьветная вайна прывяла да дэзынтэграцыі імпэрыі і да таго, што нацыянальныя рухі, якія марылі максымум пра нацыянальную аўтаномію, трапілі ў сытуацыю, калі можна было ствараць уласную дзяржаўнасьць. Раней гэта было толькі дзіўнай спэкуляцыяй».

„Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“. Альбом выдала ў 2018 г. Нацыянальная бібліятэка Літвы
„Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“. Альбом выдала ў 2018 г. Нацыянальная бібліятэка Літвы

У выніку ў Літве быў выбраны варыянт сучаснага трыкалёру з жоўтай, зялёнай і чырвонай палосамі. Пры гэтым дзяржаўным у Літве мог стаць нават падобны да сучаснага беларускага дзяржаўнага дзьвюхпалосны чырвона-зялёны сьцяг, зь зялёнай паласой зьверху. Менавіта такі варыянт выкарыстоўваўся на Віленскай канфэрэнцыі ў верасьні 1917 году. Аднак у выніку літоўцы выбралі праект навукоўца і грамадзкага дзеяча Ёнаса Басанавічуса — жоўта-зялёна-чырвоны сьцяг быў дзяржаўным да 1940 году і вярнуўся ў 1988-м. Паводле Басанавічуса, жоўты, зялёны і чырвоны колеры найчасцей сустракаліся ў літоўскім народным тэкстылі. Нягледзячы на зацьвярджэньне ў Канстытуцыі 1922 году, праціўнікаў у такога варыянта дзяржаўнага сьцяга Літвы было даволі шмат.

«Гэта была аўтарская рэфлексія над тым, якія традыцыйныя колеры можна запазычыць у літоўскага народу, — расказвае Аляксей Ластоўскі. — Зразумела, яна цяжка стасуецца з правіламі геральдыкі, правілы якой ідуць каранямі ў Сярэднявечча, яны даўно сфармаваліся. Адно з асноўных — колеры сьцяга павінны адпавядаць колерам, ужытым у гербе. Дабужынскі ўжываў гэта як адзін з аргумэнтаў падчас дыскусіі аб тым, якія колеры лепш падыходзяць для дзяржаўнага сьцяга Літвы. І лічыў такімі колерамі белы, чырвоны і жоўты».

Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе
Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе

«Быў добра знаёмы з Дуж-Душэўскім»

Ластоўскі апавядае, што на момант пачатку працы Дабужынскага жоўта-зялёна-чырвоны сьцяг быў у Літве дзяржаўным усяго пяць гадоў, працягваліся дыскусіі пра тое, ці ня варта яго замяніць. Былі публічныя прапановы перагледзець сымболіку, прапаноўваліся іншыя варыянты. І Мсьціслаў Дабужынскі актыўна ўдзельнічаў у гэтых працэсах.

«Гэта не было аматарства, ён працаваў у дзяржаўнай камісіі, якая займалася распрацоўкай эталённага герба Літоўскай Рэспублікі, — расказвае Аляксей Ластоўскі. — Гэта быў канец 20-х, 30-я гады. Існуюць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ён атрымаў замову распрацаваць фінальны варыянт вялікага герба. Існуюць накіды. І, хоць праект Дабужынскага ня быў прыняты, ён быў актыўна ўцягнуты ў гэтыя працэсы. Ён стварыў некалькі варыянтаў новага сьцяга, і адным з асноўных быў акурат бела-чырвона-белы».

Ці ведаў Мсьціслаў Дабужынскі, што такі сьцяг ужо «зарэзэрвавалі» за сабой беларусы? Па словах Аляксея Ластоўскага, адназначнага адказу на гэтае пытаньне няма.

«Ці ён пра гэта ведаў, дакладна сказаць нельга, — гаворыць Аляксей Ластоўскі. — Але таксама трэба разумець, што падчас працы над эскізамі новага сьцяга Дабужынскі і аўтар беларускага бела-чырвона-белага сьцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі знаходзіліся ў адным месцы і ў адным асяродзьдзі. Яны жылі разам у Коўна, ёсьць сьведчаньні, што яны былі добра знаёмыя. Яны абодва былі прадстаўнікамі культурнай эліты, якія прыехалі, то бок не мясцовымі. У іх было агульнае кола камунікацый».

Пры гэтым Аляксей дапускае, што пра існаваньне бела-чырвона-белай сымболікі ў беларусаў Дабужынскі мог ня ведаць. Для гэтага трэба было вельмі добра арыентавацца ў працэсах, інфармацыя сто гадоў таму распаўсюджвалася зусім ня так хутка, як гэта адбываецца зараз. У дадатак БНР так і не змагла аформіцца ў паўнавартасную дзяржаву з уласьцівымі ёй дзяржаўнымі сымбалямі. Адпаведна, месца бела-чырвона-белага сьцяга як дзяржаўнага не было занятае.

«Дабужынскі быў паглыблены ў гісторыю, актуальныя палітычныя падзеі яго менш цікавілі, — гаворыць Аляксей Ластоўскі. — Ён быў рэзкім крытыкам жоўта-зялёна-чырвонага сьцяга. Лічыў, што ён быў прыняты ў імклівай сытуацыі людзьмі, якія не грунтаваліся на дасьледаваньнях. І што гэты сьцяг супярэчыць правілам геральдыкі. Публікаваў артыкулы ў прэсе актыўна. Дабужынскі нават сустракаўся з тагачасным прэзыдэнтам Літвы Антанасам Сьмятонам і спрабаваў пралабіяваць працэс перагляду дзяржаўнай сымболікі. Але гэтага ў выніку так і не адбылося».

Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе
Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе

«У выніку мы маем гістарычны кур’ёз»

Што адбылося б, калі б літоўцы ў 30-х гадах прынялі ў якасьці дзяржаўнага сьцяга бела-чырвона-белы варыянт, сказаць цяжка. Як кажа Аляксей Ластоўскі, у сусьветнай практыцы хоць і рэдка, але здараюцца выпадкі зь вельмі падобнымі дзяржаўнымі сымбалямі, у тым ліку сьцягамі. Тады аўтары іх афіцыйных выяваў стараюцца хаця б ужываць розныя адценьні, выкарыстоўваць падобныя альбо іншыя колеры. Штосьці такое зараз можна бачыць у выпадку сьцягоў Аўстрыі і Латвіі. Існуе падабенства і паміж дзяржаўнымі сьцягамі ў шэрагу лацінаамэрыканскіх краінаў. Таму адназначна сьцьвярджаць, што беларусы маглі б пазбавіцца магчымасьці выкарыстоўваць бела-чырвона-белы сьцяг у якасьці свайго нацыянальнага і дзяржаўнага нельга.

«У выніку мы маем такі гістарычны кур’ёз, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Бо калі б дайшло да прыняцьця бела-чырвона-белага сьцяга як дзяржаўнага ў Літве, то гісторыя зь беларускім сьцягам усплыла б. Бо ў Коўне ў той час сядзелі беларускія дзеячы, там знаходзілася Рада БНР. І ў той жа час там жыў Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Таму зараз мы можам гэтую гісторыю разглядаць як такі гістарычны кур’ёз, ня больш».

Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе
Старонкі з альбома „Геральдыка Мсьціслава Дабужынскага: ня толькі навука, але і мастацтва“, выдадзенага Нацыянальнай бібліятэкай Літвы ў 2018 годзе

У канцы 80-х гадоў, як кажа сацыёляг, пытаньне аб замене жоўта-зялёна-чырвонага трыкалёру на іншы варыянт у Літве ўжо не абмяркоўвалася. Для літоўцаў было важна засьведчыць, што адбываецца менавіта адражэньне незалежнасьці, а не стварэньне новай дзяржавы.

Лёс самога Мсьціслава Дабужынскага склаўся параўнальна добра. У 1935 годзе ён спачатку зьехаў разам з тэатрам з Коўна ў Англію, а пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны пераехаў у ЗША, дзе і памёр у 1957 годзе.

«У канцы 80-х гадоў літоўцам ужо не трэба было нічога прыдумляць, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Вядома, яны ўдасканальвалі выявы дзяржаўных сымбаляў, дапрацоўвалі іх. Але ў якасьці базавых былі прынятыя варыянты з 20-х гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG