Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Беларусі саюз азіяцкіх краінаў? Тлумачыць палітоляг


(Зьлева направа) Прэзыдэнты Азэрбайджану і Ўзбэкістану Ільхам Аліеў і Шаўкат Мірзіёеў і Аляксандар Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Самарканд, 15 верасьня 2022 г.
(Зьлева направа) Прэзыдэнты Азэрбайджану і Ўзбэкістану Ільхам Аліеў і Шаўкат Мірзіёеў і Аляксандар Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Самарканд, 15 верасьня 2022 г.

Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ўхваліў уступленьне ў яе Беларусі. Калі практычна Беларусь можа стаць чальцом ШАС? Якая карысьць для Беларусі ад сяброўства ў гэтай арганізацыі? Ці ўзмоцніць сяброўства Беларусі ў ШАС яе залежнасьць ад Расеі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае гісторык і палітоляг Роза Турарбекава.

Сьцісла

  • Беларусь прымуць у ШАС не імгненна, летась у верасьні ўхвалілі сяброўства Ірану ў арганізацыі, але ён дагэтуль ня ў ёй.
  • Кітай выступае за тое, каб ШАС быў арганізацыяй эканамічнай каапэрацыі, Расея хоча, каб быў узмоцнены вайскова-палітычны складнік арганізацыі.
  • Таваразварот Беларусі з Пакістанам, куды Лукашэнку запрасілі зь візытам, — 50–60 мільёнаў даляраў.
  • Большая частка праектаў, пра якія Кітай размаўляе зь дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, — гэта праекты транспартнага абыходу Расеі і Беларусі.
  • Сапраўдныя прыярытэты Пэкіну Сі Цзіньпін прадэманстраваў, наведаўшы перад прыездам у Самарканд Казахстан.
  • ШАС застаецца арганізацыяй, дзе «першую скрыпку» грае Кітай.
  • Кітай зараз разглядае Беларусь праз прызму расейскіх інтарэсаў.

— «Мы прымаем рашэньне аб пачатку працэдуры наданьня Рэспубліцы Беларусь статусу паўнапраўнага чальца ШАС», — заявіў у апошні дзень саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва яго «гаспадар», прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў. А калі Беларусь можа стаць паўнапраўным чальцом арганізацыі? Летась таксама ў верасьні ШАС ухваліў прыняцьцё ў свае шэрагі Ірану. Але Іран дагэтуль ня стаў чальцом арганізацыі. А калі стане Беларусь?

Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

— Гэта залежыць ад таго, як доўга беларускае заканадаўства будзе прыводзіцца ў адпаведнасьць з нарматыўнымі дакумэнтамі ШАС. У некаторых выпадках гэтыя працэдуры займаюць ня менш за 2 гады. Гэтак было зь Індыяй і Пакістанам, якіх прынялі ў арганізацыю ў 2017 годзе.

— Што рэальна можа атрымаць Беларусь і што Лукашэнка ад цяперашняга статусу кандыдата ў ШАС і ў будучым — ад сяброўства ў ёй?

— ШАС — гэта рэгіянальная эўразійская арганізацыя. Яна ня ставіць на мэце інтэграцыю, яе мэта — каапэрацыя. Кітай на пачатку стварэньня арганізацыі падкрэсьліваў, што яна не грунтуецца на сыстэме каштоўнасьцяў, якую падзяляюць усе яе чальцы. Паводле КНР, ШАС заснаваная на ўзаемнай павазе да адрозьненьняў цывілізацый.

ШАС у свой час стваралася Кітаем і Расеяй разам зь дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, каб умацаваць рэгіянальную бясьпеку перад пагрозай ісламскага экстрэмізму. Была абвешчаная барацьба з «трыма зламі»: тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам.

Але з тае пары арганізацыя эвалюцыянавала. Кітай настойваў на тым, што ШАС — найперш арганізацыя эканамічнай каапэрацыі. РФ мякка апануе гэтаму падыходу Пэкіну: на думку Масквы, вайскова-палітычны складнік павінен быць узмоцнены. Адзін з вынікаў саміту ў Самаркандзе — гэта трансфармацыя Рэгіянальнага антытэрарыстычнага цэнтру ШАС у нешта большае, чым мэханізм узаемнага інфармаваньня. І ў ШАС узмацняецца антызаходняя рыторыка.

— А што Беларусь можа атрымаць, калі стане чальцом гэтай арганізацыі?

— Я дастаткова скептычна стаўлюся да гэтай арганізацыі. Можна прыгадаць, што ШАС давала краінам, якія цярпелі значныя эканамічныя нягоды. Падчас сусьветнага эканамічнага крызісу 2008–2010 гадоў Кітай менавіта ў межах ШАС прапанаваў крэдыты і дапамогу бедным краінам Цэнтральнай Азіі. Гэтай дапамогай тады скарысталіся Кіргізстан і Таджыкістан. Казахстан ад яе адмовіўся.

Але гэтая дапамога абярнулася ростам залежнасьці і доўгу гэтых краінаў перад Кітаем.

Гэта, напэўна, адзіны прыклад таго, што можа быць прапанавана Беларусі ў цяперашняй сытуацыі.

Я скептычна стаўлюся і да пэрспэктываў супрацы Беларусі з асобнымі азіяцкімі чальцамі ШАС. Ліміт супрацы з Індыяй вычэрпваецца. Індусаў цікавяць пераважна калійныя ўгнаеньні. Павялічыць гандаль зь Беларусьсю вышэй за 300–400 мільёнаў даляраў яны ня могуць з прычыны санкцыяў і складанай лягістыкі дастаўкі.

Пэрспэктывы гандлю з Пакістанам яшчэ больш адрозьніваюцца ад гучных заяваў і абяцаньняў. Таваразварот паміж Пакістанам і Беларусьсю вагаецца ў прамежку 50–60 мільёнаў даляраў.

Застаецца толькі Кітай.

— Аляксандар Лукашэнка на саміце ў Самаркандзе казаў пра тое, што шлях да сяброўства ў ШАС можа даць Беларусі «лягістычныя і інфраструктурныя праекты, „Новы эўразійскі сухапутны мост“».

— Магчыма, гэта новыя назвы старых праектаў. Для Беларусі і Расеі надыходзяць складаныя часы. Транспартны калідор, які злучаў Эўразьвяз з КНР, да 2020 году, да ковіду — разьвіваўся даволі пасьпяхова. Нават падчас пандэміі кітайскія парты закрываліся, а сухапутны калідор дзейнічаў пасьпяхова.

Але ў сувязі з вайной ва Ўкраіне Кітай адразу пачаў шукаць альтэрнатыўныя шляхі транзыту, з абыходам Расеі і Беларусі. Большая частка праектаў, пра якія Кітай размаўляе з дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, — гэта праекты якраз транспартнага абыходу Расеі.

Магчыма, Беларусь і Расея спрабуюць прапанаваць нешта больш выгаднае. Кітайская палітычная культура такая, што Пэкін ніколі публічна не дэманструе пэсымізм адносна падобных прапановаў.

Але сапраўдныя прыярытэты Пэкіну дэманструюцца тым, куды прыехаў Сі Цзіньпін перад прыездам у Самарканд.

— Адносна ЭАЭС і АДКБ зразумела, што там ключавую, кіроўную ролю адыгрывае Расея. Гэтыя арганізацыі — інструмэнты праецыраваньня на рэгіён і сьвет яе палітычнай моцы. Ці можна тое самае сказаць пра ШАС? Вы сёньня, адказваючы на мае пытаньні, значна часьцей прыгадвалі Кітай, чым Расею.

— Гэтая арганізацыя была створаная з ініцыятывы Кітаю. І вага Кітаю ў ёй найбольшая, асабліва ў эканамічным аспэкце. Паміж Расеяй і Кітаем была прыхаваная дыскусія наконт мэтаў арганізацыі, пра што я раней казала. ШАС застаецца арганізацыяй, дзе «першую скрыпку» грае Кітай. Нават нягледзячы на тое, што туды былі прынятыя Індыя і Пакістан.

— Пасьля 2020 году міжнародныя кантакты Лукашэнкі істотна звузіліся, абмежаваўшыся ці не выключна частымі сустрэчамі з Уладзімірам Пуціным. У Самаркандзе ў Лукашэнкі адбыўся шэраг сустрэчаў з сусьветнымі лідэрамі: з прэзыдэнтам Узбэкістану Мірзіёевым, са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, з прэм’ерам Пакістану Шабхазам Шарыфам, з прэзыдэнтамі Ірану і Азэрбайджану Ібрахімам Раісі і Ільхамам Аліевым. Лукашэнку запрасілі ў Пакістан прыехаць зь візытам. Беларуская прапаганда прыводзіць гэта як ілюстрацыю таго, што ніякай сусьветнай ізаляцыі Беларусі і Лукашэнкі няма. І праўда?

— Сустрэчы Лукашэнкі ў Самаркандзе сапраўды падобныя да прарыву блякады. Але тут трэба ўлічваць два фактары. Лідэры гэтых дзяржаваў наагул упершыню сустракаюцца пасьля ковіду. Так супала, што Лукашэнка сустрэўся адначасна з шэрагам сусьветных лідэраў.

Але пытаньне, ці запросяць Лукашэнку да сябе яго самаркандзкія суразмоўцы. Мірзіёеў быў абавязаны сустрэцца з Лукашэнкам як гаспадар саміту, гэта частка пратаколу. Кантакты з Пакістанам былі ўвесь час, яны былі і пасьля жніўня 2020 году, амбасада там даволі актыўна працавала. Паколькі было вырашана пачаць працэдуру далучэньня Беларусі да арганізацыі, то Сі, як лідэр галоўнай у арганізацыі краіны, ня мог не сустрэцца з Лукашэнкам.

— Вы ўжо прыгадалі, што першая замежная паездка Сі Цзіньпіна пасьля пандэміі была не ў Маскву, а ў Нурсултан, у Казахстан. Многія палічылі гэта пэўнай дэманстрацыяй прыярытэтаў. У Казахстане кітайскі лідэр заявіў, што Пэкін падтрымлівае «сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць» Казахстану. Хто ж, цікава, ёй пагражае? Як бы вы параўналі візыт Сі ў Казахстан і яго сустрэчу з Лукашэнкам у Самаркандзе?

— Зараз у Казахстане вельмі шырока абмяркоўваюць заяву Сі аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Казахстану. З боку «зорак» расейскай прапаганды гучалі даволі рэзкія заявы на адрас Казахстану.

Для Кітаю важнае супрацьдзеяньне нарастаньню пратэставага руху ў рэгіёне. Тое, што было ў Казахстане ў студзені, вельмі турбавала Пэкін. У суседнім з Казахстанам Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР пражывае 2 мільёны этнічных казахаў.

На гэтым фоне Беларусь для Кітаю выглядае дастаткова блякла. Яна для Кітаю не адыгрывае такой важнай стратэгічнай ролі, як Казахстан. Кітай зараз разглядае Беларусь праз прызму расейскіх інтарэсаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG