У адносінах з Кітаем Лукашэнку не ўдалося паўтарыць беларуска-расейскую мадэль, якая доўгі час даволі спраўна працавала паводле схемы «грошы ў абмен на пацалункі». Адрозна ад Масквы, Кітай за прыгожыя абяцаньні грошай не дае.
Ва ўзбэцкім Самаркандзе адбыўся саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). «Мы прымаем рашэньне аб пачатку працэдуры наданьня Рэспубліцы Беларусь статусу паўнапраўнага чальца ШАС», — заявіў 16 верасьня на саміце прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, які старшынюе ў арганізацыі.
Відавочна, дзяржаўная прапаганда будзе апісваць гэтае чаканае бюракратычнае рашэньне як вялікі посьпех беларускай замежнай палітыкі. Дарэчы, у пэўным сэнсе сапраўды можна канстатаваць, што далучэньне да ШАС Беларусі — рэч унікальная і беспрэцэдэнтная. Бо ніводнай іншай эўрапейскай краіны ў гэтай арганізацыі няма. Беларусь паводле прыхамаці цяперашняга кіраўніцтва рашуча адмаўляецца ад сваёй геаграфічнай прыналежнасьці, уступаючы толькі ў тыя структуры і саюзы, якія знаходзяцца на ўсход ад беларускай мяжы.
Галоўным палітычным вынікам саміту можна лічыць пашырэньне зоны інтарэсаў Кітаю на тле геапалітычнага аслабленьня Расеі. Калі ў першыя гады існаваньня ШАС задумвалася як арганізацыя двух лідэраў — Кітаю і Расеі — то цяпер усё больш відавочным становіцца, што Пэкін выкарыстоўвае ШАС для пашырэньня свайго ўплыву, уключэньня ўсё новых дзяржаў у сваю геапалітычную арбіту. Як лічаць экспэрты, Узбэкістан літаральна за апошнія гадоў дзесяць фактычна цалкам перайшоў з зоны расейскага ўплыву ў зону кітайскага.
Пры гэтым, аднак, нельга меркаваць, што ШАС можа стаць цалкам пракітайскай структурай, улічваючы, што ў яе ўваходзіць геапалітычны супернік Кітаю ў рэгіёне — Індыя.
Афіцыйны Менск даўно робіць стаўку на Кітай і, каб «прагнуцца» перад Пэкінам, нават ахвяруе ўласнымі эканамічнымі інтарэсамі. Таваразварот у беларуска-кітайскім гандлі расьце выключна за кошт павелічэньня кітайскага імпарту ў Беларусь. Адмоўнае сальда экспарту-імпарту склала ў 2021 годзе 3 мільярды 232 мільёны даляраў. Зусім ня тыя арыенціры, якія ставяць менскія ўлады перад вонкавым гандлем.
Кітайскія зьвязаныя інвэстыцыі (гэта калі на свае грошы кітайцы закупляюць свае ж тэхніку і тэхналёгіі, а часам завозяць і ўласных адмыслоўцаў, якім і плацяць з гэтых грошай) сталі падставай для некалькіх гучных скандалаў. Самы вядомы адбыўся з кітайскай фірмай, якая будавала Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), і ў жніўні 2019-га гэта нават абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі. Нагадаем, што пасьля доўгіх адтэрміновак завод запусьцілі, але потым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя вымушана было прыпыніць ягоную працу. Вясной 2019 году ў адным з цэхаў камбінату абваліўся дах, работнікі атрымалі траўмы.
У цэлым можна канстатаваць, што ў адносінах з Кітаем Лукашэнку не ўдалося паўтарыць беларуска-расейскую мадэль, якая доўгі час працавала даволі спраўна — «грошы ў абмен на пацалункі». Адрозна ад Масквы, Кітай за прыгожыя вочкі і казкі грошай не дае. Кітай праводзіў у дачыненьні да Беларусі прыблізна тую ж палітыку эканамічнага падпарадкаваньня, якую праводзіць у Афрыцы. Дайшло да таго, што беларускія ўлады ў 2019 годзе абвясьцілі, што новыя дзяржаўныя гарантыі пад выдачу кітайскіх крэдытаў на рэалізацыю камэрцыйных праектаў больш не даюцца — ні ад ураду, ні ад мясцовых органаў улады.
Тым ня менш Лукашэнка, які звычайна востра адчувае палітычную каньюнктуру, магчыма, вырашыў для сябе, што цяпер, на тле паразаў Расеі ва Ўкраіне, настаў час нарэшце канчаткова памяняць «старэйшага брата».
Антыковідная маска з кітайскім сьцягам, якую 15 верасьня ўбачылі на твары менскага кіраўніка (раней такія маскі Лукашэнка зьдзекліва называў «наморднікам») — своеасаблівы сымбаль. Ніхто не прымусіў, а кітайцы — прымусілі.
Толькі, адрозна ад першага «старэйшага брата» — Расеі, Кітай мае тут выключна прагматычныя і рацыянальныя матывы. На братэрскую рыторыку ён рэагаваць ня схільны, бо ўспрымае Беларусь выключна як пешку ў сваіх геапалітычных разьліках.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.