Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Армэніі паведаміла, што раніцай 14 верасьня Азэрбайджан зноў пачаў наступ. Што адбываецца на мяжы дзьвюх краін

абноўлена

Разбурэньні ў вёсцы Сотк Гегаркуніцкага раёну Армэніі, 13 верасьня 2022
Разбурэньні ў вёсцы Сотк Гегаркуніцкага раёну Армэніі, 13 верасьня 2022

У ноч з 13 на 14 верасьня сытуацыя на армянска-азэрбайджанскай мяжы заставалася напружанай, паведаміў сёньня раніцай прэс-сакратар Міністэрства абароны Армэніі.

«У прыватнасьці, супернік выкарыстаў ударныя бесьпілётнікі ў кірунку Джэрмуку. Нягледзячы на тое, што на іншых напрамках разьвязанай напярэдадні агрэсіі істотных здарэньняў зафіксавана не было, сёньня з 8 гадзін праціўнік, ужываючы артылерыю, мінамёты і буйнакалібэрную агнястрэльную зброю, зноў пачаў наступальныя дзеяньні, асабліва ў напрамку населеных пунктаў Джэрмук і Верын Шоржа», — адзначыў Арам Тарасьян.

У прэс-службе абароннага ведамства адзначылі, што Ўзброеныя сілы Армэніі робяць адпаведныя захады ў адказ, працягваючы ў поўным аб’ёме выконваць пастаўленыя перад імі баявыя задачы.

«Фактычна, нягледзячы на дакладную рэакцыю міжнароднай супольнасьці на сытуацыю, вайскова-палітычнае кіраўніцтва Азэрбайджану працягвае свае агрэсіўныя дзеяньні супраць сувэрэннай тэрыторыі Рэспублікі Армэніі, абстрэльваючы як вайсковую, так і грамадзянскую інфраструктуру», — заявіў Тарасьян.

Міністэрства абароны Армэніі заяўляе, што ўся адказнасьць за сытуацыю і яе далейшае разьвіцьцё кладзецца на вайскова-палітычнае кіраўніцтва Азэрбайджану.

Міністэрства абароны Азэрбайджану, у сваю чаргу, напярэдадні заявіла, што Ўзброеныя сілы Армэніі ў ноч на 12 верасьня зрабілі маштабную правакацыю ў Дашкасанскім, Кельбаджарскім і Лачынскім кірунках мяжы.

Ведамства заявіла, што армянскія дывэрсійныя групы ў цёмны час сутак замінавалі ўчасткі паміж пазыцыямі азэрбайджанскай арміі і дарогамі забесьпячэньня ў розных кірунках, выкарыстоўваючы горную мясцовасьць і лагчыны. Каб не дапусьціць гэтага, азэрбайджанская армія прыняла тэрміновыя захады, і адбыўся бой.

Вядома, што ў ноч з панядзелка на аўторак узброеныя сілы Азэрбайджану распачалі інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл армянскіх пазыцый у прымежных раёнах. Армянскі бок сьцьвярджае, што пад агнём аказаліся некалькі вёсак. Загінулі каля 50 вайскоўцаў. У Баку таксама заявілі аб гібелі 50 вайскоўцаў і абвінавацілі армянскі бок у абстрэлах тэрыторыі Азэрбайджану.

13 верасьня прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву патэлефанаваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Аліеў у размове адзначыў, што напружанасьць у рэгіёне ўзьнікла пасьля правакацый з боку Армэніі.

Блінкен таксама перагаварыў па тэлефоне з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам. Кіраўнік Дзярждэпартамэнту падкрэсьліў неабходнасьць адводу ўзброеных сіл і запэўніў, што Вашынгтон будзе дабівацца мірнага ўрэгуляваньня паміж Баку і Ерэванам.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заклікаў усе ўцягнутыя бакі, у тым ліку Расею, адыграць ролю ва ўрэгуляваньні канфлікту мірным шляхам.

У сваю чаргу дарадца Белага дому ў галіне нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі, адказваючы на пытаньне аб ролі Расеі ва ўрэгуляваньні армянска-азэрбайджанскага канфлікту, выказаў заьцярогу, што Масква можа скарыстацца сытуацыяй, каб адцягнуць увагу ад Украіны. Кірбі заклікаў Расею выкарыстоўваць свой уплыў у рэгіёне для паслабленьня напружанасьці.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў бакі да дыялёгу.

Кіраўнік эўрапейскага замежнапалітычнага ведамства Жузэп Бурэль падчас тэлефоннай размовы з кіраўніком МЗС Азэрбайджану Джэйхунам Байрамавым паведаміў, што 14 верасьня ў рэгіён накіруецца спэцпрадстаўнік ЭЗ па Паўднёвым Каўказе.

У Ерэване ў ноч на сераду каля будынку парлямэнту сабраліся людзі з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна з прычыны гібелі салдат у канфлікце. Людзі плянуюць у сераду перакрыць уваходы да будынку.

Тым часам, АДКБ, куды ўваходзіць Армэнія, вырашыла накіраваць у праблемную зону сваю назіральную місію. Яна павінна маніторыць падзеі, што будуць адбывацца. Адметна, што ўсе краіны блёку на відэаканфэрэнцыі былі прадстаўлены на ўзроўні прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў, і толькі Беларусь прадстаўляў дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

Апроч іншага, Армэнія зьвярнулася ў Эўрапейскі суд правоў чалавека з патрабаваньнем прымяненьня прамежкавых захадаў у дачыненьні да Азэрбайджану. Пададзеныя заявы датычацца абстрэлаў цывільных населеных пунктаў, абароны асноўных правоў цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных.

Азэрбайджанскі бок катэгарычна абвяргае дачыненьне да абстрэлаў цывільнай інфраструктуры.

  • У канцы 2020 году паміж Армэніяй і Азэрбайджанам аднавіўся канфлікт вакол самаабвешчанага Нагорнага Карабаху. Пасьля 44 дзён супрацьстаяньня Баку і Ерэван пры пасярэдніцтве Масквы падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.
  • Пагадненьне, якое выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, пацьвердзіла дасягнутыя Азэрбайджанам ваенныя посьпехі — Баку вярнуў сабе частку тэрыторый былой Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці, а таксама навакольныя раёны, занятыя армянскімі ўзброенымі фармаваньнямі ў пачатку 1990-х гадоў. Кантроль за рэжымам спыненьня агню быў даручаны расейскім міратворцам.
  • Летам 2022 году Азэрбайджан указваў на невыкананьне шэрагу падпісаных дамоўленасьцяў і падкрэсьліваў, што армянскія ўзброеныя сілы ня цалкам выведзеныя з тэрыторыі Карабаху.
  • Самаабвешчаная Нагорна-Карабаская рэспубліка не прызнаная ніводнай краінай сьвету, уключаючы Армэнію.

Выступ Пашыньяна ў парлямэнце

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, выступаючы ў парлямэнце краіны, назваў прычыны, па якіх, на яго думку, Азэрбайджан пачаў агрэсію. Сытуацыя ў першую чаргу зьвязана зь перагаворным працэсам у пытаньні Нагорнага Карабаху. Ён нагадаў аб прадстаўленых Азэрбайджанам вясной пяці прынцыпах, якія тычацца мірнай дамовы, якія Армэнія прыняла і дапоўніла сваімі прапановамі. У адрозьненьне ад Армэніі, азэрбайджанскі бок катэгарычна адпрэчыў прапановы Ерэвану, заявіўшы, што «пытаньне Карабаху закрытае».

Датычна прапановы Азэрбайджану прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць адзін аднаго, Армэнія палічыла гэта прымальным. Пашыньян адзначыў, што Азэрбайджан не ўдакладняе, ці ўваходзяць у тэрытарыяльную цэласнасьць Армэніі тэрыторыі, занятыя азэрбайджанцамі падчас травеньскай вайны 2021 году і Першай Карабаскай вайны. Замест гэтага, паводле слоў Пашыньяна, у Баку чакаюць, што Армэнія прызнае Нагорны Карабах часткай Азэрбайджану.

Паводле Пашыньяна, тэарэтычна, нават калі Армэнія пагодзіцца на гэтыя ўмовы, «незразумела, наколькі далёка могуць зайсьці тэрытарыяльныя прэтэнзіі Азэрбайджану».

Пашыньян таксама заявіў, што ў дзяржавы ёсьць грошы на куплю новай зброі і падтрымку войска.

Праўладны дэпутат Віген Хачатр'ян пры гэтым назваў трохбаковую дамову, заключаную 9 лістапада 2020 году пры пасярэдніцтве Расеі, дакумэнтам, што ня мае юрыдычнай сілы, і выказаўся пра міжнародных партнэраў Армэніі.

«Ніхто з нашых партнэраў пакуль не асудзіў Азэрбайджан, але Турэччына ўжо асудзіла Армэнію... Гэта значыць, мы павінны падумаць, з кім мы супрацоўнічаем? Народ будзе патрабаваць гэтага ад нас, а не ад саюзьнікаў. Чаму Азэрбайджан не асуджаюць? Нашы партнэры павінны ведаць, што ў нашага цярпеньня ёсьць мяжа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG