Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вачах наведнікаў было спачуваньне, у сацыяльных сетках — неразуменьне». У Бучы адкрылася  выстава пра беларускіх палітвязьняў. ФОТА


Беларуская праваабаронца Анісія Казьлюк на выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі». Буча Кіеўскай вобласьці
Беларуская праваабаронца Анісія Казьлюк на выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі». Буча Кіеўскай вобласьці

13 верасьня ў публічнай бібліятэцы Бучы адкрылася выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі». Яна прысьвечана беларускім палітвязьням, якія асуджаныя за пратэсты, падтрымку Ўкраіны, антываенную пазыцыю ці маюць украінскае паходжаньне.

Украінскі горад Буча, спадарожнік Кіева, стаў сымбалем злачынстваў расейскага войска. Тут пасьля вызваленьня гораду ў канцы сакавіка 2022 году знайшлі сотні целаў закатаваных і забітых мірных грамадзян.

Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі»
Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі»

У Бучы 13 верасьня пачала працу выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі». Упершыню фатаздымкі выстаўляліся ў Львове, у дзень чарговай гадавіны беларускіх пратэстаў 9 жніўня.

«Пасьля выставы ў Львове мы вырашылі не абмяжоўвацца адным горадам і расказаць украінцам, што адбывалася ў гэтыя гады ў Беларусі. Натуральна, і ў нас было хваляваньне наконт Бучы, бо расейскія войскі прыйшлі сюды менавіта зь беларускай тэрыторыі, праз чарнобыльскую зону. Мы хваляваліся, што сутыкнёмся з рэзкай рэакцыяй, але вырашылі паспрабаваць. Пасьля адкрыцьця выставы мы адчулі зваротную сувязь — яна была пазытыўная», — падзялілася са Свабодай арганізатарка выставы Настасься Доль.

Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі»
Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі»

Выстава адкрылася ў публічнай бібліятэцы Бучы. Дазвол на правядзеньне яе дала Бучанская гарадзкая рада.

«Зь іхнага боку таксама не было перашкод, наадварот, яны ўхвалілі такую выставу, даволі хутка далі дазвол. У радзе людзі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Яны разумеюць, што вайна магчымая таксама і таму, што ў Беларусі 28 гадоў існуе дыктатура», — дадала арганізатарка.

Настасься кажа, што ад наведнікаў выставы атрымалі добразычлівую рэакцыю.

«У вачах украінцаў мы бачылі спачуваньне і разуменьне. Пэўная дыскусія была ў сацыяльных сетках. Там было зьдзіўленьне такому праекту і нашай „нахабнасьці“ праводзіць такую выставу ў Бучы», — кажа арганізатарка.

Ёй блізкія падзеі як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі. На пачатак вайны Настасься жыла ў Ірпяні. Пасьля эвакуавалася, цяпер зноў вярнулася ў Ірпень.

«Я бачыла, якім быў горад да 24 лютага і які ён цяпер. Я таксама, як многія беларусы, адчуваю віну за гэта, такі „комплекс беларуса“. Мне таксама балюча», — кажа Настасься.

Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі». На фота — беларуская праваабаронца Анісія Казлюк
Выстава ў Бучы «Колеры беларускай рэвалюцыі». На фота — беларуская праваабаронца Анісія Казлюк

Праект «Колеры беларускай рэвалюцыі» пачынаўся з партрэтаў зьняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларускія пратэсты. Пазьней праект пашырыўся — да выставы дадаліся здымкі тых, хто падтрымліваў Украіну, і тых, хто трапіў за краты за антываенную пазыцыю.

Здымкі для выставы былі стылізаваныя пад імгненныя здымкі Polaroid. Пад імі — кароткая інфармацыя пра тое, за што чалавека затрымалі, і QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязьня на сайтах праваабарончых ініцыятыў.

На выставе прапануюць паштоўкі і інструкцыю, каб напісаць ліст у турму і выказаць словы падтрымкі.

Арганізатары выставы плянуюць прывезьці яе ў Адэсу, Кіеў і Чарнігаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG