Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паспрыяў розгалас у СМІ». Беларускай праваабаронцы Анісіі Казьлюк далі часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне


Анісіі Казьлюк (у цэнтры), 2021
Анісіі Казьлюк (у цэнтры), 2021

Раней у Анісіі, як і ў многіх беларусаў, былі праблемы з падаўжэньнем тэрміну легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне ці атрыманьнем часовага дазволу на жыхарства.

У камэнтары Свабодзе праваабаронца зазначыла, што цяпер сытуацыя зь легалізацыяй беларусаў ва Ўкраіне зьмянілася да лепшага.

«Я не зьвярталася ні ў якія фірмы. Мне дапамагалі калегі і валянтэрская арганізацыя, сябрам якой я зьяўляюся, „Цэнтар грамадзкіх свабодаў“. Адназначна сытуацыі са мной паспрыяў розгалас у СМІ, інфармацыйная падтрымка. Бо мой першы візыт у міграцыйную службу скончыўся тым, што мне прапаноўвалі пакінуць Украіну. Крычалі, што „ад вас на нас ракеты ляцяць“. Цяпер жа мне ў міграцыйнай службе ветліва ўсьміхаліся, нават павіншавалі позіркам зь перамогай», — расказала Анісія.

Часовы дазвол на жыхарства яна атрымала на год — гэта стандартны тэрмін у атрыманьні «посвідкі» на падставе валянтэрскай дзейнасьці.

«Я ведаю, што цяпер беларусы, якія пратэрмінавалі час легалізацыі, атрымалі падаўжэньне тэрміну, падалі дакумэнты на часовы дазвол на жыхарства альбо ў стане збору дакумэнтаў. Я ў чарзе ў міграцыйнай службе бачыла беларусаў, якія атрымалі часовы дазвол на жыхарства. Адназначна, што міграцыйная служба цяпер ідзе на дыялёг, добра відаць розьніца ў іхным стаўленьні на пачатку лета і цяпер», — кажа праваабаронца.

Яна раіць беларусам, якія легалізуюцца ва Ўкраіне і маюць праблемы з гэтым, не маўчаць, агучваць іх. Free Belarus Center прапануе беларусам ва Ўкраіне выходзіць на сувязь і запаўняць анкеты.

24 чэрвеня Анісію Казьлюк затрымалі ў Кіеве нібыта за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне. Прывезьлі ў аддзяленьне паліцыі, дзе зь ёю даволі груба размаўляў прадстаўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Паводле самой Анісіі, 23 лютага яна атрымала пячатку аб падаўжэньні тэрміну легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Аднак з таго часу і да чэрвеня міграцыйныя службы дакумэнтаў не прымалі.

Згодна з украінскім заканадаўствам, іншаземец можа знаходзіцца ва Ўкраіне на падставе дазволу на жыхарства (часовае або сталае), а таксама на падставе падаўжэньня тэрміну рэгістрацыі. У апошнім выпадку пры выезьдзе з тэрыторыі Ўкраіны падаўжэньне тэрміну рэгістрацыі анулюецца і па вяртаньні трэба зьвяртацца па яго зноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG