«Па дадзеных офісу генэральнага пракурора, украінскія праваахоўнікі не затрымлівалі расейскіх настаўнікаў на дэакупаваных тэрыторыях Харкаўскай вобласьці», — паведаміў тэлеканалу «Настоящее время» Ігар Белавусаў, начальнік дэпартамэнту супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах канфлікту.
Крыніцы тэлеканала ў Харкаўскай, Данецкай і Луганскай абласных пракуратурах таксама сьцьвярджаюць, што ў іх не затрымлівалі расейскіх настаўнікаў.
12 верасьня навіну аб затрыманьні настаўнікаў з Расеі, якія прыехалі выкладаць па расейскай праграме ва ўкраінскіх школах на акупаваных войскам РФ тэрыторыях, распаўсюдзіла выданьне «Страна.ua» са спасылкай на камэнтар віцэ-прэм’еркі Ўкраіны Ірыны Верашчук.
Паводле яе, яны зьдзейсьнілі злачынства супраць Украіны, іх будуць судзіць паводле артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне законаў і звычаяў вайны). Пакараньне гэтага артыкулу прадугледжвае да 12 гадоў зьняволеньня.
Пры гэтым Верашчук не ўдакладніла колькасьць затрыманых настаўнікаў, а таксама назвы вызваленых населеных пунктаў, дзе іх нібыта затрымалі.
Мінадукацыі Расеі заявіла, што расейскія настаўнікі ў Харкаўскай вобласьці не працавалі: ведамства заявіла, што «з 1 верасьня там працавалі мясцовыя настаўнікі». Акупацыйная адміністрацыя заявіла, што расейскіх настаўнікаў у Харкаўскай вобласьці не было.
Пазьней у Мінадукацыі РФ пацьвердзілі, што расейскія настаўнікі ва Ўкраіне нібыта «абароненыя»: яны, па заявах чыноўнікаў, знаходзяцца на тэрыторыях, падкантрольных расейскім вайскоўцам і групоўкам «ЛНР» і «ДНР».
Нягледзячы на заявы Мінадукацыі, кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін раніцай 13 верасьня даручыў завесьці крымінальную справу па факце затрыманьня настаўнікаў. У тэлеграм-канале ведамства гэтыя настаўнікі названы «выкладчыкамі паводле расейскіх праграм».
10 верасьня пра затрыманьне настаўнікаў са спасылкай на крыніцы паведамляў «24 канал». Сьцьвярджалася, што расейскія вайскоўцы «проста пакінулі настаўнікаў, якіх напярэдадні павезьлі з Расеі».
Дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка пісаў, што расейскія настаўнікі затрыманыя ў горадзе Купянску Харкаўскай вобласьці. Раней на расейскіх форумах неаднаразова публікаваліся абʼявы, якія запрашалі настаўнікаў з Расеі працаваць у Марыюпалі і іншых акупаваных Расеяй украінскіх гарадах.
Акрамя таго, 13 верасьня праект Радыё Свабода Каўказ.Рэаліі са спасылкай на зьвесткі прафсаюзу «Альянс настаўнікаў» паведаміў, што сярод расейскіх настаўнікаў, затрыманых на тэрыторыі Ўкраіны, могуць быць выкладчыкі з паўднёвых рэгіёнаў Расеі.
Як паведаміў журналістам кіраўнік прафсаюза Данііл Кен, у абʼяднаньня няма канкрэтных прозьвішчаў затрыманых, аднак ёсьць агульны пералік пэдагогаў, якіх завэрбавалі на працу ў акупаваных раёнах Украіны.
Сьпіс ёсьць у распараджэньні сайта Кавказ.Реалии. Ён зьмяшчае прозьвішчы каля 80 выкладчыкаў з Дагестану, якіх адпраўлялі на працу на акупаваную частку Данбасу, дзе дзейнічаюць узброеныя групоўкі ДНР і ЛНР, а таксама на акупаваныя часткі Херсонскай і Запароскай абласьцей.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.