У прыватнасьці, як сьцьвярджаецца, ад украінскіх настаўнікаў патрабуюць пераходу на расейскую сыстэму навучаныя пад пагрозай звальненьня і іншых рэпрэсій. Бацькам за адмову навучаць дзяцей па «русыфікаванай» праграме пагражаюць праблемамі, а настаўнікам з Расеі, у асноўным з заўральскай яе часткі, прапануюць камандзіроўкі ў так званыя «ДНР» і «ЛНР».
Як настаўнікі, так і бацькі з акупаваных рэгіёнаў Украіны распавялі Украінскай службе Радыё Свабода аб шантажы з боку новых падкантрольных Расеі адміністрацый: паводле іх, за адмову аформіць расейскае грамадзянства і паслаць дзяцей у «русыфікаваныя» школы бацькам пагражаюць пакараньнямі ажно да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.
Як паведамляе The Guardian, школьным настаўнікам на акупаваных украінскіх тэрыторыях пад пагрозай звальненьня прапануюць падпісаць згоду на навучаньне школьнікаў паводле расейскай праграмы. Тым самым настаўнікі трапляюць у падвойную пастку: за адмову падпісаць згоду яны могуць быць звольненыя прарасейскім кіраўніцтвам і зазнаць іншыя рэпрэсіі. У той жа час з пункту гледжаньня Украіны настаўнікі, якія падпісалі такую згоду, у выпадку аднаўленьня на іх тэрыторыях украінскай улады будуць лічыцца калябарацыяністамі, ім можа пагражаць да трох гадоў турмы.
У самой Расеі ў шэрагу рэгіёнаў настаўнікам прапануюць камандзіроўкі ў Данецкую і Луганскую вобласьці Ўкраіны, «каб забясьпечыць падрыхтоўку да новага навучальнага году». Паведамленьні аб гэтым паступаюць з Алтая, Бураціі, Новасыбірскай вобласьці і Прыморскага краю. Таксама Расея праводзіць «перападрыхтоўку» на расейскую школьную праграму настаўнікаў з гэтых рэгіёнаў.
Міністар асьветы РФ Сяргей Краўцоў заявіў, што з 1 верасьня школы «ЛНР» і «ДНР» пачнуць працаваць па расейскай адукацыйнай праграме і расейскіх падручніках. Паводле яго, 865 школ ужо завяршылі мінулы навучальны год па расейскіх адукацыйных стандартах, а ў новы навучальны год з расейскай праграмай павінны ўступіць 1120 раней украінскіх школ.
Таксама ён паведаміў, што больш за 5 тысяч настаўнікаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» ужо прайшлі перанавучаньне на расейскую праграму, агулам у бягучым годзе плянуецца перанавучыць 15000 настаўнікаў.
Акрамя тэрыторый, падкантрольных «ДНР» і «ЛНР», на расейскую праграму хочуць пераводзіць і школы ў іншых рэгіёнах Украіны, якія расейскія войскі ўзялі пад кантроль вясной гэтага году — Херсонскай вобласьці, часткі Запароскай і Харкаўскай абласьцей. Навучаньне мяркуецца весьці на расейскай мове, украінская, як паведамляецца, застанецца ў якасьці аднаго з прадметаў.
Па зьвестках Генпракуратуры Украіны, за час вайны ва Ўкраіне пацярпела 1971 школа, 194 школы былі цалкам разбураны.