ЗША асуджаюць прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязьням, вынесены ўчора. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні амбасады ЗША ў Беларусі ў твітэры:
«ЗША асуджаюць ганебны прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і 9 іншым палітвязьням. Мы аб’ядналіся з нашымі партнэрамі з ЭЗ і народам Беларусі, каб прыцягнуць рэжым да адказнасьці за гэтыя абуральныя парушэньні правоў і годнасьці чалавека», — адзначаецца ў паведамленьні.
У падтрымку асуджаных палітвязьняў таксама выступіў спэцпрадстаўнік Эўразвязу па правах чалавека Эйман Гілмар:
«Сёньня валянтэраў @viasna96 Марфу Рабкову (27), Андрэя Чапюка (26) і яшчэ 8 палітвязьняў у закрытым судовым працэсе асудзілі на 94 гады пазбаўленьня волі. ЭЗ заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх больш як 1300 палітычных зьняволеных», — напісаў ён.
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ назвала прысуды Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку новым сьведчаньнем рэпрэсій супраць праваабаронцаў у Беларусі:
«Прастора, у якой праваабаронцы ў Беларусі могуць выконваць сваю важную працу, працягвае звужацца, — заявіў 6 верасьня дырэктар бюро Матэо Мэкаччы. — Гэтыя прысуды — яшчэ адно сьведчаньне арганізаваных рэпрэсій у дачыненьні да праваабаронцаў, якія скоўваюць усіх, хто актыўна змагаецца з парушэньнямі правоў чалавека і адстойвае асноўныя свабоды ў краіне».
Мэкаччы падкрэсьліў, што БДІПЧ АБСЭ па-ранейшаму гатовае дапамагчы Беларусі прывесьці яе ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі і забясьпечыць абарону правоў чалавека для ўсіх.
«У гэтым кантэксьце БДІПЧ глыбока занепакоеная парушэньнямі права на справядлівы судовы разбор, уключаючы закрытыя судовыя разборы, а таксама неабгрунтаванымі і празьмернымі выракамі, вынесенымі праваабаронцам», — гаворыцца ў паведамленьні.
Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.
Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Данілу Чуля і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў палітвязьням наступныя тэрміны:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Марфе Рабковай — 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казьлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
- Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).