Паводле праваабаронцаў «Вясны», Данілу Кашэўскага 7 верасьня арыштавалі на 12 сутак. Судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Андрэй Млечка абвінаваціў яго паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».
Таксама вядома, што праваабаронцу Насту Лойку арыштавалі на 15 сутак.
Кашэўскага і Лойку затрымалі ўчора каля Менскага гарадзкога суду пасьля абвяшчэньня выраку Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і яшчэ 8 палітвязьням.
6 верасьня каля Менскага гарсуду пасьля працэсу над 10 палітвязьнямі сілавікі затрымалі больш за 10 чалавек. Пасьля ўсіх адпусьцілі, акрамя Лойкі і Кашэўскага.
У ліку іншых тады затрымалі часовую павераную ў справах Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Эвэліну Шульц, якая мае дыпляматычную недатыкальнасьць. Яе даставілі ў УУС Фрунзэнскага раёну Менску і ўтрымлівалі там каля дзьвюх гадзін.