Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі выракі Рабковай, Францкевічу і яшчэ васьмі палітвязьням: да 17 год зьняволеньня, агулам на 94 гады турмы


Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня». Менск, 6 верасьня 2022 г.
Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня». Менск, 6 верасьня 2022 г.

Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.

Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў палітвязьням наступныя тэрміны:

  • Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Марфе Рабковай — 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Аляксею Галаўко — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
  • Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
  • Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).

Праваабаронцы апублікавалі аўдыё вынясеньня прысуду:

Такія тэрміны 5 верасьня прасіў пракурор.

Такім чынам, Аляксандру Францкевічу прысудзілі строгі рэжым, Марфе Рабковай — агульны, а ўсім астатнім фігурантам — узмоцнены.

Таксама фігуранты справы павінны сплаціць штрафаў агулам больш як на 73 тысячы даляраў:

  • Аляксандар Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Марфа Рабкова, Аляксей Галаўко — па 22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў кожны;
  • Павал Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандар Казьлянка, Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў кожны.

Разгляд справы пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 25 красавіка. У першы ж дзень працэс зрабілі закрытым на хадайніцтва пракурора, які заявіў, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ёсьць матэрыялы экстрэмісцкай накіраванасьці».

Паводле прэс-службы СК, матэрыялы справы склалі 160 тамоў.

«Зачытаныя 158 тамоў сьведчаць не аб нашай вінаватасьці, а аб палітычнай матываванасьці судовага працэсу»

Слуханьні ў справе скончыліся 29 жніўня, палітзьняволеныя выступілі з апошнім словам. Прамову абвінавачанага Аляксандра Казьлянкі працытаваў тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь»:

«Усё, што апошнія гады адбываецца ў нас у краіне ў галіне права, можна ахарактарызаваць двума ёмістымі словамі — прававы дэфолт. Ён адбыўся не на роўным месцы. Гэтая дзяржаўная сыстэма ўсе гады свайго існаваньня рыхтавала глебу, каб сілавыя структуры і чыноўніцкі апарат былі гатовыя безумоўна выконваць любыя каманды зьверху.

Падзеі з канца траўня 2021 году паказалі, наколькі далёка можна зайсьці ў адносінах да ўласнага народу, падпарадкоўваючыся загадам людзей, чыя думка для іх зьяўляецца аўтарытэтнаю. Хоць, я думаю, аднаго загаду замала. На дадатак уключаецца псыхалягічная абарона і адбываецца пошук самаапраўданьня, чаму так варта рабіць. (...) Зачытаныя 158 тамоў сьведчаць не аб нашай вінаватасьці, а аб палітычнай матываванасьці судовага працэсу. Нас судзяць не за дасканалыя дзеі, а за актыўную жыцьцёвую пазыцыю і альтэрнатыўны сьветапогляд, за што і хочуць ізаляваць на доўгі тэрмін. На гэта магу сказаць, што ў краіне пасьля прысуду на дзесяць незаконна асуджаных палітвязьняў стане болей.

Жыве Беларусь і слава Ўкраіне!».

Што вядома пра асуджаных у справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня»?

.
.

Марфа Рабкова

27-гадовая каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова за кратамі з 17 верасьня. У наступныя месяцы зьняволеньня Марфе прад’явілі абвінавачаньні паводле 11 крымінальных артыкулаў.

За час зьняволеньня памерлі бацька і бабуля Марфы, разьвітацца зь імі ёй не дазволілі.

Марфе Рабковай прысудзілі міжнародную прэмію «Чалавек чалавеку», якую ўручаюць асобам, што прычыніліся да прасоўваньня правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных мэтадаў вырашэньня грамадзка-палітычных канфліктаў.

Аляксандар Францкевіч

31-гадовы Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху. У 2011 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Тады ён не прызнаў віны, адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і адбыў тэрмін цалкам у івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня ў 2015 годзе зьехаў ва Ўкраіну, у Беларусь не вяртаўся — жыў у Кіеве, працаваў у ІТ.

У чэрвені 2019-га Аляксандра дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, пры гэтым па дарозе, як сам ён расказаў, сілавікі яго «білі і душылі». А 13 жніўня 2020 году Францкевіча арыштавалі ў Менску. Цяпер анархіст знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

У канцы жніўня паведамлялася, што Францкевіча і анархіста Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ электрашокерам і змушалі даць паказаньні супраць сябе.

Маці Аляксандра расказала, што яе сын мае праблемы са здароўем: у яго адна нырка, таксама ён мае разлад сну.

Андрэй Чапюк

25-гадовы Андрэй Чапюк — анархіст і валянтэр «Вясны». Працаваў на фабрыцы «Галантэя». Амаль год перад затрыманьнем навучаўся ІТ-спэцыяльнасьці.

Затрыманы 2 кастрычніка 2020 году ў Менску. У канцы лістапада 2021-га стала вядома, што хлопца абвінавачваюць па двух артыкулах КК: ч. 2 арт. 293 і арт. 341.

За час зьняволеньня Андрэй прачытаў больш за 50 кніг, заканспэктаваў тры агульныя сшыткі па кнізе аб праграмаваньні, працягвае займацца спортам.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада

21-гадовы анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада скончыў менскую гімназію № 19. Ляўрэат спэцыяльнага фонду падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЭГУ.

Да затрыманьня працаваў праграмістам. Ягоны бацька — беларус Сьвятаслаў Гаеўскі, трэнэр каратэ родам са Слуцку. Маці — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

Гаеўскага-Ханаду затрымалі 12 жніўня 2020 году каля 13-й гадзіны на аўтамабільнай паркоўцы. Ён заяўляў пра біцьцё і катаваньні.

Абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў КК. Знаходзіцца ў СІЗА-1.

Аляксандар Казьлянка

38-гадовы Аляксандар Казлянка — анархіст зь Берасьця, сябра Свабоднага прафсаюзу. Раней неаднаразова перасьледаваўся за ўдзел у акцыях пратэсту.

Аляксандар быў актыўна залучаны ў грамадзкае жыцьцё роднага гораду. Займаўся экалёгіяй, удзельнічаў у ФНБ («Ежа замест бомбаў»). Таксама выпускаў «зіны» (малатыражны самвыдат), займаўся прафсаюзнай дзейнасьцю, удзельнічаў у агульнабеларускіх акцыях, падтрымліваў сувязь зь міжнародным рухам, — піша ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by.

Затрыманы 2 сакавіка 2021-га. Знаходзіцца ў СІЗА-1 у Менску.

Аляксей Галаўко

20-гадовы берасьцеец Аляксей Галаўко мае музычную адукацыю. Скончыў політэхнічны каледж. Працаваў токарам, паступіў у БрДТУ на завочнае навучаньне. Аднак пасьпеў здаць толькі першую сэсію.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Аляксея затрымлівалі двойчы. Першы раз у кастрычніку 2020-га. Другі — 5 сакавіка 2021 году ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Знаходзіцца ў СІЗА-1.

Андрэй Марач

26-гадовы берасьцеец Андрэй Марач — аматар рэгбі і рыбалкі.

Пасьля выбараў 2020 году яго затрымлівалі двойчы. Апошні раз — 2 сакавіка ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Павал Шпетны

24-гадовага Паўла Шпетнага затрымалі 2 сакавіка 2021 году. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1. У зьняволеньні працягвае займацца самаадукацыяй і строіць пляны на далейшае жыцьцё. На волі Павал шмат дапамагаў бадзяжным жывёлам, рыхтаваўся да паступленьня ва ўнівэрсытэт.

Мікіта Дранец

23-гадовага жыхара Бярозы Мікіту Дранца затрымалі 2 сакавіка 2021 году ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Даніла Чуль

21-гадовы берасьцеец Даніла Чуль жанаты, мае 3-гадовага сына.

Затрымалі яго 2 сакавіка 2021 году ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1.

За што і паводле якіх артыкулаў абвінавачваюцца?

Ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by пералічыла, за што былі заведзеныя крымінальныя справы на 10 асобаў.

У віну ім ставяцца, сярод іншага:

  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыт зь міліцэйскай інфармацыяй у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТ у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Дымавая шашка, кінутая ў будынак берасьцейскага ГУБАЗіКу ў 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Удзел у «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе ў Берасьці (арт. 342 КК).
  • Падпал «кактэйлямі Молатава» Гомельскай падатковай інспэкцыі ў 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Падпал рэклямнага шчыта ў Івацэвічах у 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Перакрыцьце трасы М1 на выезьдзе зь Берасьця ў 2018 годзе (арт. 342 КК РБ).
  • Графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе (арт. 341 КК).
  • Першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе (арт. 341 КК)
  • Арганізацыя, удзел і фінансаваньне «масавых беспарадкаў» (ч.1, 2 і 3 арт. 293 КК).
  • Дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК).
  • Распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем (ч. 1 арт. 361-1 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй (ч. 1 арт. 285 КК).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG