Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.
Перад агучваньнем выраку падсудныя выступілі з апошнім словам.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што сказаў у апошнім слове Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якога пакаралі 16 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 700 базавых велічыняў:
«Гэты тэатральны і „кафкіянскі“ працэс пакінуў толькі пачуцьцё глыбокага расчараваньня. Ён выйшаў настолькі нізкай якасьці, што былі выключаны нават гледачы. Такое прадстаўленьне ня вартае нават пухавіцкага палаца культуры. Думаю, пракурор можа гэта пацьвердзіць. Нават царскія і савецкія судзілішчы былі публічнымі.
З нас зьляпілі міжнародную злачынную арганізацыю, якая пагражала ажно тром дзяржавам. Дзеля большага эфэкту варта было б асудзіць нас на 75, 79, 94, склаўшы ўсе артыкулы і часткі, дадаўшы да абвінавачваньня здраду Радзіме, найміцтва і зрыў уборачнай кампаніі.
Два гады я бачыў, як рэпрэсіўны апарат перамолвае людзей. Утрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам, татальнае прыгнечаньне нязгодных, зьбядненьне народу і падтрымка вар’яцкай вайны... Чым гэта не арганізаваная злачыннасьць, абгорнутая ў абалонку дзяржавы?»
Акіхіра Гаеўскі-Ханада зазначыў, што «шчыра шкадуе толькі пра тое, што не прыклаў усе высілкі супраць фашысцкай банды, якая сфармавала краіну, дзе „часам не да законаў“».
«Быць цяпер супраць іх — значыць быць антыфашыстам. Быць супраць такіх дзяржаў — значыць быць анархістам. Перафразоўваючы Генры Тора, адзінае месца, якое падыходзіць сумленнаму грамадзяніну ў той дзяржаве, у якой узаконьваецца і падтрымліваецца бяспраўе, ёсьць турма.
Хачу падзякаваць тым, хто знаходзіцца побач на лаве падсудных, асабліва тым, хто пачаў гэты шлях у 2020-м. Веру, што вы пройдзеце далейшыя выпрабаваньні годна. Таксама выказваю павагу Эдварду Сноўдэну, чыё згадваньне ў эсэ зьяўляецца доказам маёй віны. Гэты чалавек прадэманстраваў, што сумленьне можа быць мацнейшае за акалічнасьці, а правы чалавека важнейшыя за „нацыянальныя“ інтарэсы. Мабыць, і нам патрэбен свой Сноўдэн.
І напрыканцы. Чалавечы дзякуй адвакатам, якія не баяцца і не апускаюць рук. Лепшыя часы яшчэ наперадзе!
No pasaran! Жыве Беларусь і слава Ўкраіне!» — цытуе словы палітзьняволенага «Вясна».
Хто такі Акіхіра Гаеўскі-Ханада
21-гадовы анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада скончыў менскую гімназію № 19. Ляўрэат спэцыяльнага фонду падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЭГУ.
Да затрыманьня працаваў праграмістам. Ягоны бацька — беларус Сьвятаслаў Гаеўскі, трэнэр каратэ родам са Слуцку. Маці — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры амбасады Нямеччыны ў Беларусі.
Гаеўскага-Ханаду затрымалі 12 жніўня 2020 году каля 13-й гадзіны на аўтамабільнай паркоўцы. Ён заяўляў пра пабіцьцё і катаваньні.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў фігурнатам справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» наступныя тэрміны:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Марфе Рабковай — 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
- Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).