Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судзіць мяне вайскова-цывільная адміністрацыя беларускай акругі». Апошняе слова Аляксандра Францкевіча на судзе


Belarus - Illustrations for the article about the imprisoned anarchist Alyaksandr Frantskevich. Undated
Belarus - Illustrations for the article about the imprisoned anarchist Alyaksandr Frantskevich. Undated

Апублікаваны тэкст апошняга слова ўдзельніка «Рэвалюцыйнага Дзеяньня» Аляксандра Францкевіча, якому прысудзілі 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў).

Тэкст апошняга слова Анатоля Францкевіча апублікаваны на сайце «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

«Скажу шчыра, у мяне першапачаткова было іншае апошняе слова. Яно было напісана ў іншым кантэксьце, можна сказаць, у іншай краіне. Тыя ахвяры, прынесеныя ў імя аднаасобнай улады ў 20-ым годзе, цьмянеюць зараз на фоне ваенных злачынстваў, у якіх Лукашэнка стаў саўдзельнікам. Калі арыштоўвала мяне палітычная паліцыя аўтарытарнай дзяржавы, то судзіць мяне ўжо вайскова-цывільная адміністрацыя беларускай акругі.

Але нягледзячы на ўсю жорсткасьць, усю нахабную хлусьню, агрэсіўнае невуцтва, нягледзячы на велізарную колькасьць бессэнсоўнага гвалту, я ведаю — час дужых гаспадарнікаў і зьбіральнікаў земляў сыйшоў. Гэта ведаюць нават тыя, хто па інэрцыі ці са страху выконваюць усе распараджэньні, указы і задачы. Гісторыя перагортвае старонку і ў новым разьдзеле гэты змрочны пэрыяд знойдзе сваю годную таго адзнаку. Тыя ж, каго прымусілі зьехаць, каго судзяць і прэсуюць у калёніях, тыя, хто на фронце ваюе зь імпэрскім вар’ятам — яны будуць вызначаць будучыню Беларусі. Вырашаць праблемы, назапашаныя за дзесяцігодзьдзі безадказнага і самадурнага праўленьня.

Адзінае, аб чым шкадую, што не прыклаў больш сіл, больш стараньняў, каб гэтыя сцены абрынуліся. Не зрабіў больш для таго, каб Расея ў рэшце рэшт была разбурана. Ня быў у Кіеве тады, калі расейскі ваенны карабель пайшоў у вызначаным кірунку, а кіяўляне спынілі арду, якая ўявіла сябе непераможнай. Я ведаю і веру — замест таталітарызму, улады хамаў і цынікаў, замест непадзельнага панаваньня нямногіх над большасьцю, мы ўбачым увасабленьне прамой дэмакратыі і сапраўднага народаўладзьдзя. Ня недзе далёка, а тут, у нас, у Беларусі. Я ведаю — будучыня належыць нам. Жыве Беларусь і Слава Ўкраіне!».

31-гадовы Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху. У 2011 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Тады ён не прызнаў віны, адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і адбыў тэрмін цалкам у івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня ў 2015 годзе зьехаў ва Ўкраіну, у Беларусь не вяртаўся — жыў у Кіеве, працаваў у ІТ.

У чэрвені 2019-га Аляксандра дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, пры гэтым па дарозе, як сам ён расказаў, сілавікі яго «білі і душылі». А 13 жніўня 2020 году Францкевіча арыштавалі ў Менску.

У канцы жніўня паведамлялася, што Францкевіча і анархіста Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ электрашокерам і змушалі даць паказаньні супраць сябе.

Маці Аляксандра расказала, што яе сын мае праблемы са здароўем: у яго адна нырка, таксама ён мае разлад сну.

Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.

Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG