Гаворка ідзе аб абмежаваньнях, накладзеных больш як на тысячу чалавек з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў канцы лютага.
Як стала вядома Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) ад некалькіх дыпляматычных крыніц, знаёмых з сытуацыяй, Будапэшт настойвае на выдаленьні з санкцыйнага сьпісу Алішэра Ўсманава, Пятра Авэна і Віктара Рашнікава. Да 15 верасьня ў ЭЗ павінны прыняць рашэньне па санкцыях супраць Масквы на наступныя паўгода. У сераду на гэтым тыдні пытаньне будуць абмяркоўваць паслы краін-чальцоў эўрапейскага блёку.
Цяпер у санкцыйным сьпісе, рашэньні па якім могуць быць прынятыя толькі са згоды ўсіх дзяржаў ЭЗ, прозьвішчы 1217 чалавек, а таксама 108 юрыдычных асоб.
Алішэр Усманаў і Пётр Авэн знаходзяцца пад эўрапейскімі санкцыямі з канца лютага, калі афіцыйны часопіс ЭЗ назваў першага «пракрамлёўскім алігархам, які мае асабліва цесныя сувязі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным». Адзначалася, што Ўсманаў — адзін з тых, хто карыстаецца асаблівай павагай Пуціна і вырашае яго дзелавыя праблемы.
Авэн таксама быў названы блізкім да Крамля і адным з прыкладна 50 багатых расейскіх бізнэсмэнаў, якія рэгулярна сустракаюцца з Пуціным. «Ён ня дзейнічае незалежна ад волі прэзыдэнта», — падкрэсьліваюць у Брусэлі.
У сакавіку ў санкцыйны сьпіс трапіў Віктар Рашнікаў як уладальнік і кіраўнік рады дырэктараў Магнітагорскага мэталюргічнага камбінату (ММК) — аднаго з найбуйнейшых расейскіх падаткаплатнікаў і крыніц бюджэту.
Вугоршчына таксама настойвае на магчымасьці для гуманітарных арганізацый падтрымліваць сувязі зь некаторымі расейскімі банкамі, якія апынуліся пад санкцыямі. Мэдыякарпарацыя RFE/RL накіравала запыт уладам у Будапэшце, але ніхто з афіцыйных асоб пакуль не пракамэнтаваў інфармацыю ад крыніц.
- Вугорскага прэм’ер-міністра Віктара Орбана называюць прарасейскім палітыкам. Ён крытыкаваў пазыцыю ЭЗ у дачыненьні да Масквы ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне, заяўляючы, што санкцыі, якія ўводзяцца, удараць па самім ЭЗ, але не аслабяць Расею і не дапамогуць Кіеву. Вугоршчына, сярод іншага, не ўхваліла заходнія ваенныя пастаўкі Ўкраіне праз сваю тэрыторыю.