Сьвяточнае адкрыцьцё школы прайшло 3 верасьня ў памяшканьні Варшаўскага інстытуту юстыцыі (Szkoła Wyższa Wymiaru Sprawiedliwości).
На 150 вучняў — 6 прафэсараў
Вывучаць беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама культуру і мастацтва ў гэтай школе таксама будуць беларускія дзеці з Альбаніі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Расеі, Турэччыны, Чэхіі, іншых краін.
«Мы не чакалі такой цікавасьці і запатрабаванасьці — на сёньня ў школу набралі ўжо больш за 150 дзетак рознага ўзросту, а ахвочыя ўсё ідуць і ідуць», — кажа адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай школы, вядомы пэдагог і навуковец Алесь Лозка.
«На 15 настаўніцкіх вакансіяў прэтэндавалі больш за 100 чалавек. Мабыць, давядзецца пашырацца. У Беларускай школе ў Варшаве будуць выкладаць найлепшыя пэдагогі: настаўнікі-мэтадысты, дасьведчаныя выкладчыкі. Сярод іх шмат кандыдатаў навук і нават 6 прафэсараў», — з гонарам падкрэсьлівае спадар Лозка.
На адкрыцьці школы было шмат ганаровых гасьцей. Дзяўчаты з Школы традыцыйнай культуры ў Варшаве адразу ж уцягнулі прысутных у інтэрактыўныя гульні, заахвоцілі танчыць і дзяцей, і дарослых.
Старшыня Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, экс-міністар культуры Беларусі Павал Латушка пажартаваў, што ня будзе, «як адзін вядомы пэрсанаж», больш за тры гадзіны выступаць на першым уроку, чым выклікаў усьмешкі прысутных.
«У нашай Бацькаўшчыны зараз чорная павязка на вачах, на вушах, на вуснах. Але мы яе любім»
Павал Латушка згадаў верш Уладзімера Караткевіча, які ён чытаў, калі паступаў на юрыдычны факультэт БДУ і здаваў іспыт у беларускай мове і літаратуры:
Можна ўсё: пусьціць каханьне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі — не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькі слухаць словы нездрадлівыя,
Толькі не тлуміць яе маной,
Бо адным мы вінны, пакуль жывы,
Перад нашаю вялікай нівай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Ісьцінай.
Адзінаю.
Адной.
Павал Латушка заўважыў, што Караткевіч напісаў верш шмат гадоў таму, але ягоныя словы цяпер актуальныя як ніколі.
«Сапраўды, у нашай Бацькаўшчыны зараз чорная павязка на вачах, на вушах, на вуснах. Але, нягледзячы на ўсё гэта, мы любім сваю Бацькаўшчыну. Вельмі важна, што адкрываецца беларуская школа ў Варшаве, у іншых краінах сьвету. Дзеці будуць вывучаць, што такое наша радзіма, наша зямля. А безь беларускай мовы гэта немагчыма», — перакананы ён.
Першыя ўрокі ўва ўсіх клясах інтэрактыўныя
Пасьля ўрачыстасьцяў дзяцей падзялілі на чатыры групы паводле ўзросту. І настаўнікі правялі першыя інтэрактыўныя ўрокі.
Спачатку ўсе перазнаёміліся паміж сабой. Самыя малыя асвоіліся імгненна, гулялі ў гульні і шмат сьмяяліся з сваімі новымі маладымі настаўніцамі.
У дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту быў «містычны ўрок»: яны загадвалі жаданьні, задзімалі сьвечкі, а потым рабілі прыгожыя аплікацыі.
У старэйшых быў сур’ёзны прадмет — «Чалавек і сьвет». На пачатку ўроку маладыя людзі зьбянтэжыліся, калі настаўнік загадаў называць яго проста «Андрэй», без імя па бацьку. Потым усё ж спыніліся на форме звароту да настаўніка «спадар Андрэй».
Некаторыя дзеткі нядаўна прыехалі ў Польшчу і яшчэ ня ведаюць польскай мовы. Ёсьць і такія, якія авалодалі польскай, а вось зь беларускай маюць праблемы.
«Мы тут жывём ужо 6 гадоў, наша дачка Ганна ў Беларусі правучылася толькі год. Сёлета яна ідзе ў 8-ю клясу, цудоўна ведае польскую мову, у яе добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. А вось зь беларускай мовай цяжкавата. Мы вельмі радыя, што адкрылася такая школа. Да таго ж яна цалкам бясплатная. Будуць гурткі народнай творчасьці, танцавальныя — нам гэтага тут вельмі не хапае», — кажа Вольга, маці васьміклясьніцы Ганны.
«Васьмігадовы Ян пойдзе ў другую клясу, па-польску ўжо добра размаўляе — малыя дзеці ўсё ловяць на ляту. Беларускую мову ён таксама ведае — мы дома паміж сабой размаўляем па-беларуску. Але ён вельмі жвавы, актыўны, яму не хапае кантактаў з аднагодкамі-беларусамі. Тут ужо пазнаёміўся зь іншымі хлопчыкамі», — апавядае Кацярына, маці Яна.
Дзеці таксама могуць наведваць мастацкія гурткі і студыі на шматлікіх пляцоўках беларускіх арганізацыяў культуры. Навучаньне ў новай Беларускай школе ў Варшаве бясплатнае.