Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец расказаў, што ў цэнтралізаваным тэставаньні хочуць прыбраць варыянты адказаў і ператварыць яго ў «звычайную кантрольную» па розных прадметах, паведамляе БелТА.
Паводле Андрэя Іванца, цяпер Міністэрства адукацыі праводзіць «сур’ёзную работу па зьмяненьні структуры ЦТ».
«Калі раней у нас прыкладна палова заданьняў у тэсьце былі з выбарам варыянтаў адказу, і тады можна было або дзесьці адгадаць, альбо ўзгадаць, паглядзеўшы на варыянты.Сёньня мы практычна зводзім да мінімуму гэты складнік з выбарам, гэта будзе звычайная кантрольная, напрыклад, па матэматыцы, дзе неабходна вырашыць задачу, але ў клетку адказаў упісаць пэўны вынік без варыянтаў. Па вялікім рахунку мы практычна цалкам адыдзем ад магчымасьці тых ці іншых угадваньняў, альбо нейкіх выпадковасьцяў», — сказаў Андрэй Іванец.
Паводле яго, ад ЦТ у новай форме арганізацыі выніковай атэстацыі застанецца толькі машынная праверка вынікаў, каб выключыць чалавечы фактар пры ацэньваньні выніку.
«Усё астатняе — гэта будзе звычайная кантрольная работа, але з назвай «тэставаньне», — дадаў міністар адукацыі.
Раней міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец анансаваў, што для выпускнікоў 11-х клясаў з наступнага году замест ЦТ увядуць цэнтралізаваны іспыт. «Мяркуем, што выйдзем на лічбы, дзе тэставая частка зойме толькі 20-25% ад 100 балаў», — казаў ён.