31 жніўня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам, 5 верасьня суд агучыў ім прысуды. Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», выракі вынес судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка:
- Аляксандру Фядуту — 10 гадоў зьняволеньня ў калёніі,
- Рыгору Кастусёву —10 гадоў зьняволеньня ў калёніі,
- Юрыю Зянковічу — 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі,
- Вользе Галубовіч — 2,5 года зьняволеньня ў калёніі,
- Дзянісу Краўчуку — 2,5 года зьняволеньня ў калёніі.
Раней дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў для Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва і Юрыя Зянковіча па 12 гадоў калёніі, для Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — па 3 гады калёніі.
Адвакаты Фядуты, Кастусёва і Зянковіча прасілі апраўдаць сваіх падабаронных, абаронцы Галубовіч і Краўчука — прызначыць сваім давернікам пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.
У чым вінавацяць падсудных
Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя ў справе нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
Хто такі Аляксандар Фядута
- Аляксандар Фядута — літаратар, публіцыст, палітоляг.
- Нарадзіўся ў 1964-м у Горадні, скончыў філфак Горадзенскага ўнівэрсытэту. Да таго як заняцца палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, настаўнічаў у школе.
- У 1990 годзе быў абраны сакратаром ЦК ЛКСМБ (камсамолу), у 1991-м — першым сакратаром ЦК Саюзу моладзі.
- У 1994-м увайшоў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваў яму памяшканьне ў офісе Саюзу моладзі.
- На пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўленьні інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта перадаў распараджэньне дзяржаўным газэтам не друкаваць даклад дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Газэты выйшлі зь «белымі плямамі», а Фядута падаў у адстаўку.
- У красавіку 1995-га даў паказаньні на паседжаньні Канстытуцыйнага суду ў справе манапалізацыі Лукашэнкам сродкаў масавай інфармацыі.
- Быў пабіты невядомымі ў пад’езьдзе свайго дома ў кастрычніку 2000-га, калі балятаваўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- У 2003-м у сэрыі «Беларускі кнігазбор» выдаў зборнік пісьменьніка і журналіста Фадзея Булгарына, які стаў першым пасьмяротным выданьнем на яго гістарычнай радзіме.
- Разам зь Сяргеем Панькоўскім і Сьвятланай Навумавай у 2003-м стварыў сайт экспэртнай супольнасьці «Наше мнение».
- Напісаў палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, якая ў 2005 годзе выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Референдум».
- У 2010 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Някляева. У сьнежні 2010-га быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у сьледчым ізалятары КДБ («Амэрыканцы»), быў прызнаны вязьнем сумленьня. У красавіку 2011-га быў асуджаны на два гады ўмоўна.
- У 2017-м абараніў доктарскую дысэртацыю ў літаратуразнаўстве ў Ягелёнскім унівэрсытэце (Польшча).
Хто такі Рыгор Кастусёў
- Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці.
- Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік. Служыў у войску (1975–1977).
- Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы «Друць» Бялыніцкага раёну (1983–1988), дырэктарам гаспадаркі «Іскра» Бялыніцкага раёну (1988–1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995–2001).
- Па працы быў знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, які да 1994 году жыў у Шклоўскім раёне.
- Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла ─ Белая Русь» у Магілёве (2002–2004).
- У палітычнай дзейнасьці ад 1989 году. У 1993 годзе выбраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. Ад 2009 да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.
- Тройчы выбіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году ўзначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.
- Рашэньнем зьезду Партыі БНФ у 2010 годзе быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак, заняў на выбарах чацьвёртае месца з 10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбарнікаў (1,97% галасоў).
- Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў.
- Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў пабіты спэцслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
- 30 верасьня 2017 году на XVIII зьезьдзе Партыі БНФ (XV зьезд грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне») быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне». Пераабраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 году.
Хто такі Юрась Зянковіч
- Юрась Зянковіч нарадзіўся ў Менску ў 1977 годзе. Юрыст, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
- Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданьнях.
- Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Ўкраінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Ўнівэрсытэце Фордгэм (Fordham University School of Law), здаў экзамэн на званьне адваката і атрымаў ліцэнзію.
- Ягоную адвакацкую ліцэнзію ў ЗША прыпынілі ў штатах Каларада і Нью-Ёрк за выяўленыя парушэньні ў прафэсійнай дзейнасьці.
- Зянковіч мае два грамадзянствы — Беларусі і ЗША.
- Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
- Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзыдэнцкіх амбіцыях.
- Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.
Хто такая Вольга Галубовіч
- Вольга Галубовіч — супрацоўніца менскага офісу юрыста Юрыя Зянковіча.
- Нарадзілася ў 1976 годзе. Яе затрымалі 12 красавіка 2021 году паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу.
- На пачатку чэрвеня 2022 году КДБ скончыў папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы. Тады стала вядома, што Вольгу Галубовіч канчаткова вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Хто такі Дзяніс Краўчук
- Дзяніс Краўчук нарадзіўся ў 1985 годзе, актывіст, дальнабойнік.
- Яго затрымалі 26 красавіка 2021 году паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу.
- На пачатку чэрвеня 2022 году стала вядома, што Дзяніса Краўчука вінавацяць паводле іншага артыкула 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўцаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.