У першы дзень пракурор зачытаў абвінавачаньне двум фігурантам – Аляксандру Фядуту і Юрасю Зянковічу. Аляксандр Фядута пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня часткова прызнаў віну.
Першага жніўня пракурор зачытаў абвінавачаньне лідэру Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, піша БелТА.
Кастусёў віны не прызнаў
Рыгор Кастусёў не прызнаў віны ні па адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачання ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», піша Sputnik. Кастусёў растлумачыў, што ўдзельнічаў у онлайн-канферэнцыі толькі як слухач.
На другі дзень суду было агучана абвінавачаньне палітзьняволенаму старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Як піша «Вясна», паводле вэрсіі абвінавачаньня, Кастусёў нібыта дасягнуў таемнага пагадненьня зь Зянковічам і Шчыгельскім пра захоп улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пагадзіўся з довадамі аб тым, што гэтыя мэты могуць быць дасягнуць толькі гвалтоўным чынам.
Паводле пракурора Кастусёў, знаходзячыся ў сябе дома ў Магілёўскай вобласьці, у рэжыме онлайн-канфэрэнцыі ўдзельнічаў у абмеркаваньні пляну аб захопе ўлады. Акрамя ўжо вядомых Шчыгельскага і Зянковіча, дзяржабвінаваўца назваў і прозьвішчы некаторых іншых удзельнікаў гутаркі – гэта Хофман, Макар і іншыя асобы, асобы якіх пакуль не ўстаноўленыя. Акрамя таго, па словах пракурора, Кастусёў нібыта прагаласаваў за ўключэньне ў лік змоўшчыкаў Вольгі Карач, але яна заняла чакальную пазыцыю.
Віну Рыгор Кастусёў віны не прызнаў паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). У судзе ён растлумачыў, што ўдзельнічаў у онлайн-канфэрэнцыях «змоўшчыкаў» як слухач. Кастусёў на стадыі папярэдняга сьледзтва таксама віны не прызнаваў, пра гэта паведаміла дачка абвінавачанага, спасылаючыся на ягоныя лісты зь СІЗА.
Галубовіч і Краўчук прызналі віну ў поўным аб'ёме
45-гадовая сябра Партыі БНФ, былая бухгальтарка менскай фірмы Зянковіча «Амэрыканскі юрыдычны цэнтар» Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным абʼёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мяцяжы.
Цалкам прызаў сваю віну і Дзяніс Краўчук, якога, як і Галубовіч, абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК, паведамляе «Вясна».
Разгляд справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», фігурантамі якой зьяўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну. Паведамлялася, што ён пройдзе ў закрытым рэжыме, але адразу пасьля пачатку першага паседжаньня дачка Кастусёва паведаміла, што суд зрабілі адкрытым.
Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка.
БелТА паведаміла, што Аляксандар Фядута пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня прызнаў віну ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады:
«Віну ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам я прызнаю». Выданьне Sputnik удакладніла, што Фядута прызнаў віну «часткова».
Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павгал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.
Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.