Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў Захаду самалётамі, якія зьнялі з узбраеньня 10 гадоў таму


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі самалёт Су-24, 2015
Ілюстрацыйнае фота. Расейскі самалёт Су-24, 2015

Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам, што «беларускія самалёты Су-24 ужо падрыхтавалі для нясеньня атамных зарадаў» на выпадак «пагрозы з боку Захаду». Але самалёты Су-24 былі выведзены са складу Ўзброеных Сіл Беларусі яшчэ ў 2012 годзе.

«Мы калісьці з Пуціным у Піцеры заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты Су-24 для таго, каб яны маглі несьці атамную зброю. Вы што, думаеце, мы языком ляпаем? Усё гатова», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Праўда, пазьней БелТА прыбрала з тэксту лічбу 24 і пакінула толькі «самалёты Су». У паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі ў адпаведнай цытаце напісана толькі «самалёты Су». Відэа выступу Лукашэнкі няма.

Бамбавікі Су-24 былі выведзеныя са складу Ўзброеных сіл Беларусі яшчэ ў 2011 годзе.

«У авіяцыі ёсьць такое паняцьце — лётны рэсурс, — казаў тады міністар абароны Беларусі Юры Жадобін, — Самалёты былі ўжо ня першай сьвежасьці. Калі мы падлічылі, што ж таньней, то прыйшлі да высновы, што прасьцей адмовіцца ад парку гэтых самалётаў, паколькі гэта цягнула вельмі вялікую фінансавую нагрузку».

Два месяцы таму Лукашэнка і Пуцін сапраўды абмяркоўвалі пераабсталяваньне самалётаў на сустрэчы ў Пецярбургу. Толькі гаворка ішла, мяркуючы па паведамленьні на сайце Крамля, пра Су-35. Лукашэнка тады сказаў: «Дапамажыце нам хаця б прыстасаваць нашы самалёты, якія ў нас ёсьць, Су-35, па-мойму, якія могуць несьці ядзерныя зарады». Пуцін прапанаваў «даабсталяваць» у Расеі беларускую групоўку савецкіх штурмавікоў Су-25.

Су-24 — франтавы бамбавік, распрацаваны ў 1960-х. Су-35 — шматфункцыянальны зьнішчальнік, які зьявіўся ў расейскім войску пасьля 2008 году. Абодва самалёты могуць несьці ракеты зь атамнай боегалоўкай. Су-25, які згадаў Пуцін, ніколі не выкарыстоўваўся ў якасьці носьбіта атамнай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG