«Яны павінны разумець, што ніякія верталёты, самалёты, калі яны пойдуць на абвастрэньне, іх ня выратуюць, — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА. — Мы некалі з Пуціным у Піцеры заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты СУ для таго, каб яны маглі несьці ядзерную зброю. Вы што, думаеце, мы языком ляпаем? Усё гатова!»
Таксама Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў нядаўнія заявы канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца пасьля размовы з Уладзімірам Пуціным, назваўшы Шольца «пацаном, які нічога не разумее ў палітыцы».
«Паверце, мая рэакцыя (вы яе павінны запомніць) — гэта пацан. Шольц — гэта пацан, які нічога не разумее і разумець ня хоча ў палітыцы, — заявіў Лукашэнка. — Такія размовы паміж двума кіраўнікамі дзяржаў абсалютна закрыты характар маюць».
22 жніўня канцлер Нямеччыны Оляф Шольц расказаў аб перамовах з Уладзімірам Пуціным перад пачаткам вайны, падчас якіх той заявіў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі. Ён абвінаваціў Пуціна ў тым, што той пачаў напад на Ўкраіну з «цалкам абсурдных» прычынаў, падкрэсьліўшы, што перад вайной ён запэўніў Пуціна: сяброўства Ўкраіны ў NATO «не стаіць на парадку дня на наступныя 30 гадоў».