Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Джанкою працягваюцца выбухі боепрыпасаў. Акупацыйныя ўлады Крыму залучаюць авіяцыю для тушэньня пажару


Выбух у Джанкойскім раёне, 16 жніўня 2022
Выбух у Джанкойскім раёне, 16 жніўня 2022

Кіраўнік расейскай акупацыйнай улады Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў аб неабходнасьці залучыць авіяцыю Міністэрства надзвычайных сытуацый і Расгвардыі для тушэньня пажару на складзе боепрыпасаў каля сяла Майскага ў Джанкойскім раёне.

Паводле яго, як паведамляе агенцтва «Крыминфо», апошняя дэтанацыя была раніцай на пачатку дзявятай гадзіны.

«Мы дамовіліся, цяпер будуць выдзеленыя два пажарныя верталёты. З дрона глядзелі, што там адбываецца: тлеюць два невялікія ачагі, ёсьць рызыкі ўзгараньня і дэтанацыі, але ў любым выпадку да 14:00 (трэба) падняць у паветра ўсю тэхніку і завершыць тушэньне пажуру», — сказаў Аксёнаў.

16 жніўня выбухі пашкодзілі ЛЭП, электрастанцыю, чыгунку, а таксама шэраг жылых дамоў. Паведамлялі аб двух пацярпелых жыхарах. З навакольных населеных пунктаў эвакуавалі каля 5 тысяч грамадзян. Міністэрства абароны Расеі спачатку заявіла, што на складзе здэтанавалі боепрыпасы, а празь нейкі час галоўнай прычынай здарэньня назвала «дывэрсію».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным вячэрнім відэазвароце заклікаў грамадзян, якія знаходзяцца на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях, трымацца далей ад вайсковых аб’ектаў.

«Прашу зараз усіх нашых людзей у Крыме, у іншых рэгіёнах на поўдні Ўкраіны, у акупаваных раёнах Данбасу і Харкаўшчыны быць вельмі ўважлівымі. Калі ласка, не набліжайцеся да вайсковых аб’ектаў расейскай арміі і ўсіх тых месцаў, дзе яны захоўваюць боепрыпасы і тэхніку, дзе трымаюць свае штабы», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у інтэрвію брытанскаму выданьню The Guardian намякнуў, што Крымскі мост, які злучае мацерыковую Расею з акупаваным Крымам, зьяўляецца законнай вайсковай цэльлю для Ўкраіны.

«Гэта незаконнае будаўніцтва і асноўная брама для забесьпячэньня расейскай арміі ў Крыме. Такія аб’екты мусяць быць зьнішчаныя», — сказаў Падаляк.

Адразу пасьля таго, як стала вядома аб выбухах на аэрадроме «Сакі», а потым каля Джанкою і Сімферопалю, вялікая колькасьць жыхароў Крыму накіравалася ў Расею па Крымскім мосьце. Як паведамляюць крымскія СМІ, гэтымі днямі зафіксаваны рэкорд сутачнага руху — за 24 гадзіны ў абодва бакі праехала 38 297 аўтамабіляў. Мінулы рэкорд быў 16 жніўня 2020 году, калі па мосьце праехалі 37 374 транспартныя сродкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG