Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніка Салмана Рушдзі, на якога напалі з нажом перад выступам, зьнялі з апарата ШВЛ, ён размаўляе і жартуе


Салман Рушдзі
Салман Рушдзі

Пісьменьніка Салмана Рушдзі, на якога 12 жніўня ўчыніў напад мужчына з нажом, адключылі ад апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх – ён ужо можа самастойна дыхаць і размаўляць, напісаў яго калега Аатыш Тасір увечары 13 жніўня. «І жартуе», — дадаў Тасір.

Інфармацыю аб паляпшэньні стану Рушдзі Associated Press пацьвердзіў агент пісьменьніка Эндру Ўайлі. Іншых падрабязнасьцяў ён не прывёў. Напярэдадні паведамлялася, што ў Рушдзі пашкоджанае вока і ён, пэўна, яго страціць. Таксама пісьменьнік паранены ў печань і ў руку (на ёй пашкоджаны нэрвы).

Нападнік ударыў 75-гадовага Рушдзі ня менш за дзесяць разоў, калі той рыхтаваўся чытаць лекцыю ў адукацыйным цэнтры Chautauqua Institution у горадзе Чаўтоква, штат Нью-Ёрк. Мужчыну з нажом затрымалі на месцы, гэта 24-гадовы Хадзі Матар. Ён паўстаў перад судом у Мэйвіле ўвечары 13 жніўня.

Судзьдзя вынес рашэньне аб арышце Матара бяз права на заклад. Акруговы пракурор Джэйсан Шміт падкрэсьліў, што лічыць напад «загадзя сплянаваным»: мужчына прыехаў на лекцыю з нажом і атрымаў пропуск на мерапрыемства па фальшывым пасьведчаньні асобы. Сам Матар не прызнаў сябе вінаватым у замаху на забойства.

Хадзі Матар
Хадзі Матар

Салман Рушдзі — брытанскі пісьменьнік індыйскага паходжаньня, ён з 14 гадоў жыве ў Брытаніі, а з 1964 году мае брытанскае грамадзянства. У 1981 годзе Рушдзі атрымаў Букераўскую прэмію за раман «Дзеці поўначы». А ягоны чацьвёрты раман, напісаны ў 1988 годзе, «Сатанінскія вершы», выклікаў гнеў некаторых мусульманскіх супольнасьцяў ва ўсім сьвеце: частка ісламскіх багасловаў заявілі, што раман зьяўляецца блюзьнерскім. Яго забаранілі ў Індыі, Пакістане, Саудаўскай Арабіі, Інданэзіі. У 1989 годзе духоўны лідэр Ірана Хамэйні выдаў фэтву, якая заклікае да забойства пісьменьніка. У 2016 годзе іранскія дзяржаўныя мэдыя ў сваіх публікацыях нагадвалі, што фэтва ня толькі не адмененая, а прапанаванае ўзнагароджаньне за забойства Рушдзі (каля $ 3 млн) павялічылі на $ 600 тысяч.

З часоў «Сатанінскіх вершаў» Рушдзі напісаў і выдаў дзевяць раманаў, зборнікі эсэ і апавяданьняў, а таксама казкі для дзяцей. Сярод важных для яго тэмаў — месца ісламу ў сучасным сьвеце, самаідэнтыфікацыя мусульман і імігрантаў у розных краінах. У Брытаніі Салман Рушдзі атрымаў пастаянную абарону брытанскага ўраду, а ў 2000 годзе пераехаў у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG