Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 жніўня: 2,5 года калёніі за камэнтар па «справе Зельцара», 3,4 года калёніі за «абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады»


Ілюстрацыйнае фота. Пракурор на судзе
Ілюстрацыйнае фота. Пракурор на судзе

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Чарговай абвінавачанай па «справе Зельцара» прысудзілі 2,5 года калёніі

10 жніўня Менскі гарадзкі суд разгледзеў справу палітзьняволенай Алены Несьцяровіч, якую абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні злачынстваў па ч. 1 арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы» і арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Алену затрымалі ў межах крымінальнай справы, заведзенай за камэнтары ў сацсетках пра гібель супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара.

Судзьдзя Вера Галаўкова прызначыла Несьцяровіч 2,5 года пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Жыхару Горадні прысудзілі 3 гады і 4 месяцы калёніі за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады

Сёньня праваабаронцам стала вядома, што ў судзе Ленінскага раёну Горадні 2 жніўня вынесьлі прысуд палітвязьню Аляксандру Лаўрэнцьеву, якога абвінавачвалі паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Яму прысудзілі 3 гады і 4 месяцы зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Падрабязнасьці судовага працэсу высьвятляюцца, піша «Вясна».

Палітзьняволеную асудзілі на «хатнюю хімію», але ня вызвалілі ў залі суду: яе чакае другі суд

8 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесьлі прысуд 31-гадовай палітзьняволенай Веры Валністай. Ёй прысудзілі два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Таксама, згодна з рашэньнем судзьдзі Дзьмітрыя Карсюка, яна мусіць кампэнсаваць пацярпеламу маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў.

Аднак праваабаронцам стала вядома, што палітзьняволеная застаецца ў СІЗА; яе чакае суд ужо паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), піша «Вясна».

Затрымалі адміністратара Instagram-старонкі «Гродно для жизни»

Яўгена Стральчэню абвінавачваюць у распаўсюдзе асабістых дадзеных больш як 2000 сілавікоў, адміністраваньні старонкі ў Instagram «Гродно для жизни», а таксама ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэстаў у 2020 годзе, паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют».

ГУБАЗіК затрымаў чарговую прадстаўніцу IT-індустрыі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Паводле іх, у 2020 годзе дзяўчына брала ўдзел у акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту. На «пакаяльным відэа» Анастасію прымушаюць назваць свой заробак, піша «Вясна».

ByPol хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй

Генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні арганізацыі ByPol тэрарыстычнай, разам са структурнымі падразьдзяленьнямі «Сытуацыйна-аналітычны цэнтар» і «Мабілізацыйны плян „Перамога“», якія ўваходзяць у яе.

Жыхароў Сьветлагорску выклікаюць у міліцыю пад рознымі прычынамі і просяць паказаць мабільныя тэлефоны — шукаюць «экстрэмізм»

Як паведамляюць са Сьветлагорску, у міліцыю людзей выклікаюць нібыта як сьведак у сувязі з дарожна-транспартнымі здарэньнямі, скаргамі ад суседзяў на шум і г.д. Пасьля агляду тэлефона складаюць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП — «Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць». Потым адміністрацыйную справу накіроўваюць у суд, паведамляе «Гомельская Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG