Каб патлумачыць свой падыход да гэтай дылемы, у якасьці прыкладу магу прывесьці стаўленьне да Валера Цапкалы. Ягоныя біяграфія і палітычная філязофія не дае асабіста мне ніводнага шанцу станоўча яго ацэньваць, я ніколі не прагаласую за Цапкалу на свабодных выбарах. Але я лічыў, што ў ролі дадатковага тарану ў 2020 годзе ў задачы праламаць сьцяну рэжыму Лукашэнкі ён быў патрэбны і карысны.
У такім падыходзе — прынцыповае адрозьненьне ад тых людзей, якім галоўнае «з кім», а не «куды». Мяне цікавіць (паводле аналёгіі з вядомым анэкдотам) — «ехаць», а не «шашачкі». Мяне цікавіць выкананьне задачы, канчатковы вынік. У гэтым сэнсе ў агульным руху супраць дыктатуры можна стаць поруч з людзьмі, зь якімі ў пасьлялукашэнкаўскай Беларусі ў мяне, магчыма, ня будзе нічога палітычна агульнага. Нагадаем, што Чэрчыль, які ненавідзеў бальшавікоў, дзеля самай галоўнай мэты — перамогі над нацызмам — пайшоў зь імі на вымушаны саюз і гаварыў прамовы пра «вялікага Сталіна».
Мы неяк забываем, што ў 1989 годзе ў «Беларускім Народным фронце за перабудову «Адраджэньне» (менавіта так, «За перабудову» ад пачатку называўся БНФ) было даволі шмат членаў КПСС, і ніхто іх з-за гэтага не адхіляў ад актыўнай барацьбы за перамены. Калі ў 1990 годзе адбыліся выбары, і ў Вярхоўным Савеце Беларусі была сфармаваная Апазыцыя БНФ, то з 27 яе ўдзельнікаў «члены КПСС» складалі больш за палову.
І ня толькі паводле фармальнай прыкметы, але і паводле палітычных поглядаў у тагачасным агульнанацыянальным руху БНФ былі вельмі розныя людзі, з самымі рознымі памкненьнямі. Але іх аб’ядноўвала адна задача — зьмяніць прагнілы камуністычны рэжым. Потым ужо пачнем дзяліцца на партыі паводле сваіх вузкіх палітычных прынцыпаў — што і адбылося пасьля 1991 году.
У гэтым сэнсе падзеі жніўня 2020 году толькі таму і сталі настолькі масавымі, бо людзі, якія наважыліся пратэставаць, выходзілі на вуліцу не за геапалітычны выбар (бо па-рознаму яго разумелі) і не за лібэральныя каштоўнасьці (тут у пратэстоўцаў таксама не было аднадумства), а проста — «супраць Лукашэнкі». Бо толькі пасьля зрынаньня рэжыму Лукашэнкі мы можам пачаць мерацца сваімі палітычнымі амбіцыямі, праграмамі, даказваць выбарнікам прывабнасьць сваіх палітычных канцэпцыяў, настойваць на сваіх адрозьненьнях. Чым прасьцей і выразьней мэта — чым болей у яе прыхільнікаў. Як толькі мэта ўскладняецца і набывае ідэйную і палітычную канкрэтыку — людзі пачынаюць разьбягацца па сваіх ідэйных куточках.
Таму і да Сьвятланы Ціханоўскай варта ставіцца найперш як да важнага сымбаля і неабходнай палітычнай функцыі. Ціханоўская — прызнаны ў сьвеце легітымны прадстаўнік дэмакратычнай Беларусі, тых людзей, якія нязгодныя з дыктатарскім рэжымам. Лёс і гісторыя вынесьлі яе на гэтую ролю, і яна яе выконвае дастаткова адказна і прыстойна. Магчыма, Сьвятлана ня мае глыбіні Алексіевіч, прынцыповасьці і веры Севярынца, нязломнасьці Статкевіча, харызмы Пазьняка — у яе сваё жыцьцё, свая біяграфія, у якой не было дваццаці гадоў змаганьня за свабоду. Але ж Ціханоўская неаднаразова заяўляла, што не зьбіраецца вылучацца ў прэзыдэнты пасьля падзеньня рэжыму — таму і варта яе ацэньваць не як будучага кіраўніка краіны, а як прадстаўніка каманды, якая павінна наблізіць пагульную перамогу.
Таму я не разумею як замілаванага захапленьня Ціханоўскай у стылі Чалага, так і нерацыянальнай нянавісьці да яе. Дарэчы, многія людзі, якія ненавідзяць Ціханоўскую, робяць гэта не з-за нейкіх яе заяваў ці памылак. Проста яны ненавідзяць усіх, незалежна ад эўрапейскага выбару і ўзроўню беларускасьці — ад Мілінкевіча да Статкевіча, ад Шушкевіча да Дашкевіча.
Даўно сказана, што разумныя шукаюць сяброў, а дурні — ворагаў. Прынцып, асабліва прымальны для такой датклівай сфэры дзейнасьці, як палітыка. І асабліва прымальны для тых палітыкаў, якія не знаходзяцца ва ўладзе і, здавалася б, ня маюць раскошы раскідвацца паплечнікамі. Напярэдадні форуму ў Вільні хочацца пажадаць, каб агульным дэвізам стала наступнае: «усе тыя, хто не супраць нас — тыя з намі».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.