Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка ўкраінскага офісу Amnesty International звальняецца ў знак пратэсту. Пра сыход заявіла і сьпікерка офісу


Наступствы расейскага абстрэлу Харкава. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага абстрэлу Харкава. Ілюстрацыйнае фота

Дырэктарка ўкраінскага офіса міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Аксана Пакальчук заявіла, што звальняецца з пасады ў знак пратэсту супраць дакладу, у якім крытыкаваліся Ўзброеныя сілы Ўкраіны.

«Мы, з боку ўкраінскага офісу, увесь час адзначалі, што прэс-рэліз, які арганізацыя выпусьціла 4 жніўня, павінен як мінімум дасьледаваць два бакі і ўлічыць пазыцыю Мінабароны Украіны. Як мы адзначалі, прадстаўнікі Amnesty International, нарэшце, зьвярнуліся ў мінабароны з просьбай аб рэакцыі, але далі вельмі мала часу на адказ. У выніку сама таго не жадаючы, арганізацыя стварыла матэрыял, які прагучаў як падтрымка расейскіх наратываў. Імкнучыся абараніць цывільных, гэтае дасьледаваньне стала інструмэнтам расейскай прапаганды», — напісала Аксана Пакальчук у фэйсбуку ўвечары пятага жніўня.

Раней пра рашэньне звольніцца з Amnesty International за тую ж справаздачу паведаміла сьпікерка ўкраінскага офісу Кацярына Міцева.

У сваім дакладзе Amnesty International абвінаваціла ўкраінскую армію ў разьмяшчэньні сваіх базаў на тэрыторыі школ і мэдычных устаноў, што стварае небясьпеку для цывільнага насельніцтва. Экспэрты Amnesty International назвалі сама меней 16 населеных пунктаў Харкаўскай, Мікалаеўскай і Данецкай абласьцей, дзе былі зафіксаваныя такія факты.

«Тое, што ўкраінская армія абараняецца, не пазбаўляе яе неабходнасьці паважаць і выконваць міжнароднае гуманітарнае права», — сказала кіраўніца арганізацыі Агнэс Каламар.

У сваёй справаздачы Amnesty International адзначае, што такія высновы зробленыя на аснове размоў зь мясцовымі жыхарамі, а таксама аналізу спадарожнікавых здымкаў.

Пры гэтым арганізацыя прызнала, што Расея наносіць невыбіральныя ўдары з выкарыстаньнем забароненай зброі па невайсковых аб’ектах ва Ўкраіне.

Украінскія ўлады, вайскоўцы, офіс амбудсмэна і прадстаўнікі грамадзкасьці назвалі справаздачу несправядлівай і маніпуляцыйнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG