Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра справаздачу Amnesty International: «Спроба амніставаць дзяржаву-тэрарыста і перакласьці адказнасьць з агрэсара на ахвяру»


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў новую справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у якой гаворыцца, што ўкраінскае войска стварае базы і разьмяшчае вайсковую тэхніку ў жылых раёнах, падстаўляючы пад небясьпеку цывільнае насельніцтва.

«Мы сёньня ўбачылі зусім іншую справаздачу Amnesty International, якая, на жаль, спрабуе амніставаць дзяржаву-тэрарыста і перакласьці адказнасьць з агрэсара на ахвяру. Няма і ня можа быць нават гіпатэтычна ніякай умовы, пры якой любыя расейскія ўдары становяцца апраўданымі. Агрэсія супраць нашай дзяржавы нічым не справакаваная, захопніцкая і адкрыта тэрарыстычная. І, калі хтосьці робіць справаздачу, у якой ахвяра і агрэсар быццам бы ў нечым аднолькавыя, калі аналізуюцца нейкія дадзеныя аб ахвярах, а што рабіў агрэсар у гэты час, ігнаруецца, то з гэтым нельга мірыцца», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.

Украінскі лідэр таксама ўзгадаў, што 4 жніўня расейцы нанесьлі чарговы ўдар па Тарэцку Данецкай вобласьці — па прыпынку грамадзкага транспарту: «Восем чалавек загінулі, сярод параненых — трое дзяцей».

Прэзыдэнт Украіны лічыць, што гэта быў сьвядомы ўдар і чарговы акт тэрору, аднак, паводле яго, украінцы ня бачаць справаздач міжнародных арганізацый аб гэтых злачынствах Расеі.

Зяленскі паведаміў, што Расея разбурыла каля 200 рэлігійных збудаваньняў, амаль 900 мэдыцынскіх устаноў, больш за 2200 адукацыйных устаноў.

Тым часам генсакратар Amnesty International Агнэс Каламар у Twitter пакінула паведамленьне: «Украінскія і расейскія тролі ў сацсетках: усе яны сёньня атакуюць расьсьледаваньне Amnesty International. Гэта называецца прапаганда вайны і дэзынфармацыя. Гэта не аслабіць нашу бесстароннасьць і ня зьменіць фактаў».

Раней ва ўкраінскім офісе Amnesty International заявілі, што «справаздачы» такога характару зьяўляюцца справай асобнай каманды — Дэпартамэнту рэагаваньня на крызісы.

4 жніўня міжнародная няўрадавая праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала сваю новую справаздачу, у якой абвінаваціла ўкраінскую армію ў разьмяшчэньні сваіх базаў на тэрыторыі школаў і мэдычных устаноў, што стварае небясьпеку для цывільнага насельніцтва.

У справаздачы экспэрты Amnesty International назвалі сама меней 16 населеных пунктаў Харкаўскай, Мікалаеўскай і Данецкай абласьцей, дзе былі зафіксаваныя такія факты.

У дакумэнце Amnesty International адзначаецца, што такія высновы зробленыя на падставе размоў зь мясцовымі жыхарамі, а таксама аналізу спадарожнікавых здымкаў.

Пры гэтым арганізацыя прызнала, што Расея наносіць невыбіральныя ўдары з выкарыстаньнем забароненай зброі па невайсковых аб’ектах ва Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG