Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні ў Менску на Зыбіцкай пасьля песьні «Океана Ельзи»: «Спачатку зайшла санслужба, пасьля МНС, а потым — міліцыя»


Мерыем Герасіменка выступае ў бары «Банки-бутылки»
Мерыем Герасіменка выступае ў бары «Банки-бутылки»

Сьпявачка Мерыем Герасіменка выканала на вуліцы Зыбіцкай у Менску песьню ўкраінскага гурту «Океан Ельзи».

Гэта абурыла прапагандыстаў, пасьля чаго і сьпявачка, і кіраўнік бару «Банки-бутылки» Андрэй Жук (бар лічыўся арганізатарам выступу) перасталі выходзіць на сувязь, піша «Наша ніва».

Па словах аднаго з супрацоўнікаў бару, да іх учора завіталі ўсе магчымыя службы:

«Спачатку зайшлі прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы, пасьля МНС, а потым супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Сабралі ўсіх супрацоўнікаў на апытаньне, цікавіліся канцэртам, у асноўным, ці разумелі мы, якога артыста запрашаем. Забралі нашага кіраўніка і яшчэ аднаго новага супрацоўніка. Наколькі мы ведаем, сёньня іх будуць судзіць».

Па словах суразмоўцы «Зеркала», «бліжэй да другой гадзіны ночы» супрацоўнікаў установы выпусьцілі. Ці ўсіх, ён ня ведае.

Паседжаньня па справе сьпявачкі Мерыем Герасіменкі ў судзе Цэнтральнага раёна сёньня няма. Сьпявачка не выходзіць на сувязь. Па інфармацыі «Нашай Нівы», яе адпусьцілі дадому да паседжаньня, якое прызначанае на панядзелак, 8 жніўня.

Сам бар пакуль не працуе — знаходзіцца ў рэжыме чаканьня. Кіраўніком бару «Банки-бутылки» зьяўляецца Андрэй Жук.

Увечары «Нашай Ніве» стала вядома, што кіраўніка бара «Банкі-бутэлькі» Андрэя Жука пакаралі 30 суткамі арышту. Па словах калегі, Андрэя судзілі адразу па двух артыкулах КаАП: 24.3 (непадпарадкаваньне) і «за перасылку чагосьці апазыцыйнага» (гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра артыкул 19.11 — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Атрымалася 15+15 дзён арышту адпаведна. У Андрэя — двое маленькіх дзяцей.

Яшчэ аднаму супрацоўніку бара, у якога на тэлефоне знайшлі «перасылку паведамленьня з рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім», у судзе Цэнтральнага раёну прысудзілі 14 дзён арышту. Ëн зараз у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Што тычыцца сьпявачкі Мерыем Герасіменкі, то, паводле інфармацыі «Нашай нівы», яе адпусьцілі да суду, які пройдзе ў панядзелак. Дэталі абвінавачваньня пакуль высьветліць не ўдалося, сама сьпявачка і яе калегі на званкі не адказваюць.

Пазьней затрыманьне сьпявачкі пракамэнтавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, Мерыем затрымлівалі не з прычыны выкананьня песьні «Океана Ельзи», яна нібыта «была даўно на кантролі беларускіх сілавікоў і частку даходу, які яна атрымлівала ад сваёй дзейнасьці, накіроўвала на патрэбы Узброеных сіл Украіны, у тым ліку прыняла ўдзел у спансаваньні Ўкраіны для набыцьця БПЛА Bayraktar TB2».

Учорашні канцэрт сьпявачкі Мерыем у бары ня першы: яна выступала на розных імпрэзах у «Банках-бутылках» і раней. Аднак толькі цяпер прапагандысты адрэагавалі на ўстанову і артыстку за тое, што яна прасьпявала песьню «Обійми» на ўкраінскай мове і была апранутая ў белую кашулю з чырвоным сэрцам. Праўладныя тэлаграм-каналы назвалі імпрэзу «бэчэбэшным шабашам».

Мерыем Герасіменка
Мерыем Герасіменка

Мерыем Герасіменка — менская сьпявачка, салістка Meriem Band. Ёй 28 гадоў, яна удзельніца шматлікіх шоў для сьпевакоў, у тым ліку расейскага «Голоса», шоў «Песні» на ТНТ, украінскага «Голос країни».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG