Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Выступаць у Расеі няма аніякіх маральных магчымасьцяў». Што адбываецца зь беларускімі музычнымі гуртамі


Канцэрт гурту Nizkiz, архіўнае фота
Канцэрт гурту Nizkiz, архіўнае фота

Пасьля жніўня 2020 году вялікая колькасьць беларускіх музыкаў страціла магчымасьць выступаць у Беларусі. У канцы лютага 2022 году шмат для каго зь іх закрыўся і расейскі рынак.

Пасьля падзей жніўня 2020 году за мяжу зьехала багата беларускіх музыкаў. Лявон Вольскі і Аляксандар Памідораў — у Польшчу, Юры Стыльскі і РСП — ва Ўкраіну, Уладзіслаў Наважылаў — у Вільню. Ніхто зь іх не адмовіўся ад канцэртнай дзейнасьці, але выступы, як правіла, абмяжоўваюцца невялікімі клюбамі. У Беларусі яшчэ застаюцца тыя музыкі і гурты, дзейнасьць якіх была зьвязаная з Расеяй і Ўкраінай. Аднак напад Пуціна на Ўкраіну можа пазбавіць магчымасьці выступаць і іх. Свабода пагаварыла пра сытуацыю са старшынём Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным, а таксама з музыкамі і прадстаўнікамі гуртоў.

«Артысты адмаўляюцца ад дзейнасьці, бяруць паўзу»

«Гэта ўсё было прадказальна, — мяркуе Сяргей Будкін. — Праца на чужы рынак, на такі небясьпечны, як паказалі падзеі нашай гісторыі, раней ці пазьней прывяла б да такога. Беларускія гурты там альбо растварыліся б, альбо трапілі б у такую сытуацыю, у якую трапілі зараз. Калі абсалютна натуральным чынам усе выканаўцы фактычна апынуліся перад выбарам — што рабіць, як далей працаваць і для каго, уласна, сьпяваць».

Што далей будзе зь беларускай музыкай? Сяргей Будкін мяркуе, што гэта вялікая інтрыга. Як і тое, па якім шляху разьвіцьця пойдзе музыка ўкраінская ды расейская. Па яго словах, значная частка песьняў і музыкі зь верхніх радкоў расейскіх чартаў была напісаная ўкраінцамі альбо наўпрост зробленая ва Ўкраіне. Таму з заканчэньнем ваенных дзеяньняў гэтую галіну чакае прынцыпова іншая карціна.

«Ужо зараз мы можам бачыць, што тыя артысты, якія працавалі на расейскі рынак, пакуль адмаўляюцца ад дзейнасьці, бяруць паўзу, — кажа Будкін. — Але што рабіць далей? Ніхто ня мае адказу на гэтае пытаньне. ЛСП пакуль проста пераносіць канцэрты, каб неяк перачакаць. Падае сыгналы нейкія, што гурт з Украінай. Але я думаю, што гурт у такім складзе на расейскую тэрыторыю не паедзе яшчэ доўгі час. Усё адно гэта будзе перафарматаваньне складу, рэпэртуару, самапрэзэнтацыі».

На думку Сяргея Будкіна, пасьля заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны беларускія гурты, нават расейскамоўныя, будуць старацца дыстанцыявацца ад Расеі. Пачнуць больш акцэнтаваць сваё беларускае паходжаньне.

«Ізноў паўстане пытаньне самаідэнтыфікацыі ў творчасьці, — кажа старшыня Беларускай Рады культуры. — Раней было зручна проста зьліцца з усімі астатнімі на расейскім рынку. Зараз гэта можа зьмяніцца. Магчыма, нават паўплывае на зьяўленьне беларускамоўных песень у рэпэртуары».

«Гэта ўсё надоўга, калі не назаўжды»

Дырэктар аднаго зь беларускіх музычных гуртоў, які да пандэміі каранавірусу і падзей лета 2020 году ў Беларусі актыўна выступаў у Расеі, у размове са Свабодай пацьвердзіў нежаданьне вяртацца на расейскі рынак пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

«Я для сябе і іншых адэкватных гуртоў ня бачу аніякай маральнай магчымасьці выступаць у Расеі пасьля такіх падзей, — кажа суразмоўца. — І, думаю, гэта як мінімум вельмі надоўга, калі не назаўжды».

Па словах дырэктара, вялікіх выступаў у Беларусі гурт ня меў з 2020 году, і пакуль такіх не прадбачыцца ўвогуле. Зараз ідзе праца па арганізацыі невялікага туру па краінах Эўразьвязу. На гэтым усё, іншых плянаў гурт пакуль ня мае.

Па інфармацыі Свабоды, падобная сытуацыя і ў іншых беларускіх гуртоў, якія маюць вядомасьць ва Ўкраіне і Расеі і да лютага 2022 году актыўна выступалі там з канцэртамі. Некаторыя зь іх адкрыта выступілі супраць вайны ва Ўкраіне.

У апублікаваным нядаўна расейскім «чорным сьпісе» з прозьвішчамі артыстаў, якім забароненая дзейнасьць на тэрыторыі краіны, беларусаў няма, але яны адмаўляюцца ад такіх выступаў самастойна. Так ужо зрабілі, напрыклад, «Петля Пристрастия» і Nizkiz, чые выступы былі заплянаваныя на буйным расейскім фэстывалі «Дзікая мята», што мае прайсьці ў Калускай вобласьці ў чэрвені. Па інфармацыі Свабоды, абодва гурты адмовіліся ад удзелу і ўжо плянуюць на гэты час выступы ў іншых краінах. Nizkiz зьбіраецца выступіць у Тбілісі, «Петля» анансавала невялікі тур па сумежных зь Беларусьсю краінах Эўразьвязу. У сваіх сацсетках гурт актыўна падтрымаў Украіну і зьбірае грошы на патрэбы ўкраінскіх уцекачоў.

«У Менску вялікіх канцэртаў зараз няма ўвогуле, — расказаў Свабодзе адзін з музыкаў, які застаецца ў Беларусі і працягвае выступаць. — Граць можна толькі на малых пляцоўках, у барах. Людзей прыходзіць даволі шмат, але гэта толькі таму, што больш нічога не адбываецца. Атмасфэра ў Менску зусім не для музычных канцэртаў. Нават калі і ўдаецца крыху абстрагавацца, то ненадоўга. Навіны ўсе чытаюць. Цяпер стала не да музыкі, і я ня ведаю, калі мы ўсе вернемся да ранейшых часоў».

У афішы, апублікаванай на сайце адной з самых папулярных канцэртных пляцовак краіны — клюбу «Рэпаблік», выступаў беларускіх гуртоў няма ні ў траўні, ні на працягу ўсяго лета.

«За абцякальнымі фразамі больш не схаваесься»

«Усе, хто раней быў па-за палітыкай, апынуліся ў гэтай палітыцы па вушы, — кажа Сяргей Будкін. — Цікава назіраць, як зараз усё пераарыентоўваецца. Артыстам патрэбная публіка. У Сяргея Міхалка заўсёды прыярытэтнымі былі расейскі і ўкраінскі рынкі, а зараз ягоны гурт робіцца такім прадуктам для замежжа, бо ня стала ні таго, ні другога. Ягоны эўрапейскі тур — такая добрая камэрцыйная прыдумка, якая дазволіць артыстам выжыць. Мы ж разумеем, што гэта ўсё ня толькі за ідэю. Трэба захаваць саміх сябе, у гэтым нічога дрэннага няма».

Згадвае Сяргей і пра NAVI-бэнд, які пасьля 2020 году страціў беларускі рынак, спрабаваў заваяваць расейскі, але цяпер гэта таксама можа стаць немагчымым.

«Можа, мы зараз убачым новы, цалкам беларускамоўны NAVI з канцэртам у якой-небудзь эўрапейскай сталіцы і патэнцыялам ня толькі музыкаў для дыяспары, — кажа Будкін. — Што будзе з тым жа Каржом, цяжка прадказаць. Бо гэта ўжо сусьветны рускамоўны прадукт, у яго ёсьць шанец захаваць свой статус, гастраляваць па розных пляцоўках. Але без выразнага агучваньня сваёй пазыцыі Корж будзе губляць вядомасьць і ўрэшце са стадыёнаў можа скаціцца ў невялікія клюбы. Прыйшоў час, калі трэба рабіць выбар. За абцякальнымі фразамі больш не схаваесься».

Сяргей Будкін кажа, што сёньняшняя крызісная сытуацыя можа стаць штуршком для беларускіх музыкаў. І, адпаведна, ня зьнішчыць беларускую музыку, а вывесьці яе на новы ўзровень.

«На гэтым разломе могуць нарадзіцца сапраўдныя шэдэўры, зьявы, — кажа Будкін. — У тым ліку ў музыцы. Таму што ў сытуацыі пераменаў, у сытуацыі такога міжчасься акурат і зьяўляюцца трыгеры для творчасьці. Калі трэба вырашаць, дзе ты і хто ты, куды табе далей ісьці. Я б глядзеў аптымістычна на гэта. І думаю, што росквіт беларускай культуры, у тым ліку музыкі, можа адбыцца пад уплывам у тым ліку гэтых экстрэмальных умоваў. Тут галоўнае — не разгубіцца і трымацца ідэі, што мы ствараем новую рэальнасьць. Што мы маем дачыненьне да таго, што будзе звацца Новай Беларусьсю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG